першы пост

Oct 22, 2010 13:23


Другие записи: День 2010.11.07, Точное время 09:09:00 | Появившись в комнате, она, | Пра вайну | Карта Детского пляжа в г. Колпино

Трохдзённая вандроўка па паўночным захадзе. З Паставаў да Докшыцаў праз Браслаў. Пад Паставамі хацеў быў перайсці мяжу. Адмыслова гэтым разам ехаў - ну, думаў, што па гэта, а аказалася, зусім па іншае. Аджа, быў-такі ў колькіх км ад самой мяжы - перш доўга ішоў па лесе, перарэзаным меліярацыйнымі каналамі, якія ранейшае балота высмакталі. Адзін з такіх шырокіх раўчукоў мяне і спыніў. Пераходзіць мяжу - дзея, нават толькі пайсці туды гэта ўжо надае такіх сілаў, якіх чалавеку цяпер толькі ў экстрыме здабыць. Сапраўдныя сёння - тыя, хто супраць сістэмы, гэтай аграмадзіны дзяржавы. Адно каб ня дзеці горкія, якія, калі зловяць, заенчуць, што яны не хацелі, - але людзі, якія ведаюць: зловяць - будзе турма. Выкасаваць страх турмы, страх перамены месца. Ну, вярнуўся я да Паставаў.
Паставы - горад, які я культывую. Нават так: ПАСТАВЫ. Там людзі, рысы твараў якіх я заўсёды шукаю ў тварах менчукоў. Колісь вярнуўся з Вільні ў Менск - быў расчараваны стракатасцю гэтых твараў. Там, у Паставах, напэўна, маё шчасце. Горад гэты спарадкаваны так, як я люблю. Гэта я канчаткова адчуў у Глыбокім, але вызнаў у Паставах. Дык вось, там галоўная плошча - гэта пляцоўка з дрэвамі, фантанам і лаўкамі, а наўкола кругавы рух нешматлікіх машын, яшчэ далей па коле ходзяць людзі. Вось як я люблю: каб была сярэдзіна і гэтай сярэдзінай была вада фантанам, і каб была загароджа ад руху людзей-машын і такой загароджай былі дрэвы-кустаўё, і каб была дыстанцыя і можна было назіраць за людзьмі. Горад Менск проста зроблены, каб злаваць такіх, як я, напэўна. Паставы - любоў мая. І яшчэ: я чалавек па ісце хутарскі, задуменны і за прыватную хутарскую ўласнасць. Каб сядзець на сярэдзіне свайго надзелу (ды хоць бы той і ў горадзе дзе!), ззаду сцяна свайго дому, а наперадзе, справа і злева - агароджа, а за ёй хай сноўдае хто хоча. А калі які п’янтос ці непрыгожы чалавек з непрыгожымі намерамі зойдзе ці зірне сюды - браць з каробачкі справа пісталет і адстрэльваць такому галаву. (Толькі крывішча не натхняе мяне так часта, трэба тут штосьці думаць). Праўда, яго потым трэба было б куды знесці, на тратуар за агароджу, ці што. Я б так сядзеў ціха і доўга. І глядзеў на людзей. Я люблю цвярозых і прыгожых людзей - такіх, якія жывуць у Паставах. І, вядома, я за вольнае нашэнне зброі. Тады і сам зраблюся далікатнейшым. Я думаю, пастаўскія зусім ня могуць чыніць злачынстваў.

З Паставаў - да Відзаў. Праз надта памятныя для мяне Казяны і Бучаны. Там мяжа з Літвой - праз 100 метраў, гэта ў Бучанах. Я ехаў грузавіком, які вёз жвір (а я люблю і ўмею вандраваць аўтастопам), і мы разам са сталым кіроўцам пазіралі раз-пораз на той бок. Ні ён, ні я нічога не казалі. Ніякіх табе: “О, там Літва, глядзі ты”. Абодва нешта сабе разумелі. Я вельмі яго разумеў, і ён разумеў мяне. А выйшаў я на Бірвіце, такая вёска. Нядаўна прачытаў у газеце, што гэтую вёску райвыканкам Пастаўскі зрабіў авангардам руйнавання нежылых вёсак. А тут пабачыў. Там калі едзеш на Відзы, раней за знакам злева была вуліца і справа была вуліца. Тыя нямногія, з кім мы былі разам пяць гадоў таму, памятаюць. Вуліцы злева няма. Тут нават баюся чаго сказаць ня так… Ну, там асфальту засталося, а паабапал бы выбаранавана коламі цягачоў, так роўненька. Ну, проста голае поле, і пясочак, і траўка. І дзе-нідзе грэчкай засеена. А там, дзе стаяла хата Анатоля Якаўлевіча Касарэўскага, - застаўся калодзеж, толькі бетонны гэты абцуг абрэзаны па самую зямлю. І каб хто не праваліўся, зверху пакрыты жалезнай спінкай ад старога ложку. Я помню гэты ложак ў таго мілага дзеда, які ўсё казаў “ой”, у кожным сказе. На такім ложку ляжалі ўтрох, было цесна, я быў пасярэдзіне, і мне ўсё замінала спіна да маёй спіны. Вельмі такі вузкі ложак, і ў той не маёй спіны пасля на ранне балелі плечы там, ці што. А далей - стаяла крайняя хата, найбліжэйшая да мяжы. Яна ўжо на той час стаяла закінутая, а гінеколаг Юлька ўсё баялася, каб мы там начавалі. Мы ішлі з ёй сцяжынай ля той хаты, мы спыніліся, а я ёй у вочы так, не мігаючы, стаў казаць, што, так, яна мае рацыю пра прывідаў, і яны ходзяць, і яны глядзяць у вочы, і яны хапаюць - тут яна закрычала - ад гэтага крыку сам здрыгануўся, і стаў яе супакойваць, не, гэта я і сябе супакойваў. Дык вось, там нічога няма цяпер, толькі рэшткі нейкай пячы пад кустамі, і тыя два дубы растуць побач там сама, дзе хтось з нашых бы свяцілішча старое быў надумаў. Я стаяў паміж тымі дубамі, пяяў і мяне душылі слёзы. Пайшоў дазнацца, што з тым дзедам, дзе пахаваны, магілку хацеў адведаць. А бабулька на вуліцы, што справа, і кажа, што “Толік” у свае восемдзесят знайшоў у суседніх Казянах аднагодку сабе і ўзяў за жонку, і пайшоў жыць туды. Казяны вёска вялікая, шукаць дзеда я ўжо не пайшоў. Вось так нам даюцца адказы, калі слязьмі парасіць зямлю. А ён жа і паказваць нашым дзяўкам тады не схацеў жончыных карункаў, баяўся, што, калі возьме, прыпомніць і заплача. Так і казаў: “Ой, ня дам, буду плакаць”. Тая была вучыцелькай, нават яе фатаграфіі нідзе не было.

Відзы гэта ўжо памежная зона. І ў касцёле там такія біблійныя рысункі віселі раней, дзе “нашыя” ўсе бы тыя зігфрыды, а “нянашыя” - спрэс абрамы. А перад касцёлам быў сквер, а вось там цяпер дрэвы павыкарчаваныя - усе, голае поле, а ў цэнтры помнік вызваліцелям, а навокал яшчэ не прыбраныя карчы высяцца. Нібы і гораду больш няма, калі гэтага няма.

Ну, хто помніць Бірвіту, прыпомніць і Богіна. Там цяпер новы дзясятак аднолькавых хацінаў “пад аграгарадкі” (гэта каторыя з хлявамі з белых блокаў), многіх ранейшых хатаў няма, але набудавалі новых катэджыкаў. На выспе ўсё ў крапіве, ня так, як тады ў траве ўсё было, а на пляцоўцы бабры адкрытыя сцяжыны сабе пратапталі, і проста ў адхоне пляцоўкі ў іх цяпер ход навонкі, да вады. А тых двух дрэваў, вакол якіх была васьмёркай пратаптаная сцяга нейкімі зусім маленькімі лапкамі, я не знайшоў, прабач. У таго бога, каторы з дуба расце, сталі ад нейкай прыроднай зьявы (такая насыпка на кары) натуральна рудымі-чырвонымі вочы. А тут жа ж ніяк часцей не наездзішся - і далёка, і чаўна не напросішся ў тых дачнікаў, якіх паловы яшчэ і няма.

Пасьля Паставаў Браслаў падаўся чужым і чужынскім. Бо такімі, як сам, турыстамі запоўнены пад самую макаўку. Бераг вялікага возера засыпаюць пяском - а мне ад гэтага страшна. Пляж - гэта ўвогуле няблага, але калі яго будуюць, ад гэтага робіцца страшна. Як страшна і ад будоўлі гмахаў. Калі ладзяць хату, зусім жа нястрашна. Я пайшоў з гораду хутчэй, забрыў па цемры далёка на азёры, а там недабудаваны яшчэ рэстаран-гатэль - з кароўніка, здаецца, гатэль зробяць, і прыбудова побач. З дрэва прыбудова, такая шыкоўная, цёпла там, я там катух пад дахам знайшоў, палыну ад чарцей накідаў на дошкі і палез у спальнік спаць. Толькі праз паўдрымоты ўсё адно чорны чорт падыходзіў амаль усутыч. Пад Паставамі я спаў ў стазе сена, і там, увальваючыся ў сон, таксама бачыў, як чэрці скакалі наўкола. Бы ў радочак сталі ўздоўж дарогі і давай скакаць кожны на сваім месцы. А пад Браславам гэта заначаваў ля возера такога - Несьпіш.

Шаркаўшчына таксама не спадабалася. Таксама куртаты сквер на галоўнай плошчы, таксама псякрэўная фанера, а ня помнік вызваліцелям. І Глыбокага цэнтар не спадабаўся. Кажу ж, я не люблю цэментных будоўляў. Я перш блытаў Глыбокае і Паставы - там аднолькава справа ад дарогі галоўная плошча, пасля возера, пасля касцёл. У Паставах усё лепш. Бо ў Глыбокім касцёл далёка, на плошчы будуецца ДК, а возера забудоўваецца чымсьці таксама, дый да возера так лёгка не падыйдзеш. Нават па малочнай прадукцыі Паставам - безумоўна першынства перад Глыбокім: гэта чароўнае нешта, як аздоблена малако, кефір, смятана і г.д. у Паставах, там такі салатава-аранжавы арнамент, вельмі красіва, проста красіва, я ў захапленні. Мне сорамна за свае Пружаны, дзе смятана - зялёная, і кот на ёй зялёны, і мядзьведзь пад балалайку мужыка скача, а мужык у рускай краснай рубасе ў гарохі. Я так думаю, што Паставам добрыя майстры ствараюць імідж. Там і людзі розняцца, і смятана красівая, і горад ладны, са скверам. Напэўна, яны рыхтуюцца ў час пераменаў аддзяліцца. Ну, кажу ж, яны зусім непадобныя да ўсіх іншых. Другім, напэўна, адасобіцца Нясвіж. А знявечаная сталіца ад зайздрасці падарвецца і рассыплецца.

Лес пад Докшыцамі. Там увесну крыніца-акно, а пры ёй нідзе не зафіксаваны камень-стол бы з галавой-гузом ляжыць. А каб туды патрапіць, трэба праз крывую бярозу, што расце паміж дзвюма елкамі на ўзмежку, пралезці, і тады над лесам прымроіцца высокая постаць, і пальцам пакажа, дзе шукаць месца. Але я пра тое, што зрабілі там просекі, прарэзалі лес, пазвозілі сасну, галлё пакінулі, проста згвалчаны лес. Я ледзьве знайшоў месца, хоць праз бярозу і гэтым разам пралязаў. Адна з просекаў проста ўперлася ў гэтае месца, цягач коламі прайшоўся па месцы крыніцы. Рэзалі летам, і вады не было, а рабочыя ў акно накідалі недапалкаў. І паварочалі іншых камянёў, якія парадкам ляжаць наўкола - бы зрушыць хацелі, але толькі нападкопвалі, аджа яны ж ня важкія зусім. Гэта ім усё муляе Бяроза-рака, ЛЭПаў ім мала. А як яны панарэзалі - так ім рукі паадразае і ногі паадразае. І тым монстрам, каторыя за імі, а іхнымі рукамі і нагамі робяць. На тыя Дзяды ў дуброве пад Менскам манах з Елісавецінскага манастыра (Навінкі) кіраваў пілаваннем старых дубоў. Таго манаха я і раней бачыў, калі адведваў сябра, што працаваў на той манастыр кавалём. Сябар правёў быў мяне туды, дзе іхныя разьбяры начынне для іхных іканастасаў усякіх рэжуць з дрэваў, філігранна гэтак вырэзваюць. Нічога не мінулі тыя часы - і іканастасы ў іх па-ранейшаму з нашых дубоў. Манах у чорнай даўгой апранасе, у шапачцы, з бензапілой, рэжа дубы, - што яшчэ трэба вам паказаць?

А ў тым докшыцкім лесе сядзеў на пні мужчынка ў калхознай сьпяцоўцы, курыў прыму і піў пладова-ягаднае віно. Мы разгаварыліся, ён з тутэйшых, з парэзанага лесу гаруе і са свайго жыцця гаруе. Зямля скіне так хутка ўсіх нас, людзей, нах… - калі так будзе працягвацца. Мы сядзелі на тонкім бервяне і проста пазіралі на мурашоў. Тады па чарзе адпілі з ягонага паўлітровіка. Сальдзенькае такое пітво, неагіднае, свой смак мае. Мы былі гаварылі пра людзей добрых і благіх. Тады пайшлі, Ігар пайшоў першым, ахайна перакрочыў мурашыную сцежку на нашай дарозе. Развітваліся - я яму сказаў, што ён харошы чалавек. Ён: "Ад душы?". Я: "Ад душы". Ён пасміхнуўся так зусім па-дзіцячаму, так мала дзе ўсміхаюцца, каб лоб спакойны і вакол вачэй спакойна. Я пайшоў логам да шашы.

бабулька, райвыканкам, Паставах, апранасе, памятныя

Previous post Next post
Up