Сёньня спаўняецца 75 гадоў з таго дня, як Савецкі Саюз уступіў у другую сусьветную на баку нацыскай Нямеччыны. Вялікае сьвята беларускага народу, як вядома.
На 17 верасьня прыходзіцца яшчэ адна дата - дзень нараджэньня Максіма Танка. Магчыма адзінага чалавека, які бязумоўна выйграў ад аб'яднаньня Заходняй і Усходняй Беларусі.
Як паэт, ён заслугоўвае больш уважлівага чытача, як асоба - пільнейшага вывучэньня біяграфіі. Паказная даступнасьць дакумэнтальных матэрыялаў расслабляе літаратуразнаўцаў. Танк старанна падыходзіў да публікацыі сваіх дзёньнікаў, якія гадоў сорак друкаваліся пад скразной назвай "Лісткі календара". Ён гэты тэкст сам атрыбутаваў як "дзёньнік" і ніхто не пераправяраў. Дзёньнік і дзёньнік.
Потым аказалася, што арыгіналы
запісаў зьніклі не без дапамогі людзей падвязаных з КПЗБ (ага, крэсы змагаюцца). Пасьля гэтай навіны я падумаў, што каб паміж дзёньнікам і "Лісткамі календара" розьніца была б выключна тэксталягічная, то ніхто б на тыя запісы не пакпіўся.
Ведаю толькі адзін спобаб праверыць гэтую гіпотэзу. У віленскай акадэмічнай бібліятэцы захоўваецца сшытак з даваеннымі дзёньнікавымі запісамі Танка за 1936 год. Лягічна думаць, што калі для паваенных запісаў была розьніца паміж рукапісам і падрыхтаванай для масавага чытача публікацыяй, то тое самае будзе з даваеннымі.
Я замовіў справу. Паводле пазнакаў на папцы яе прагледзіў не адзін дзесятак беларускіх дасьледчыкаў. Агульны сшытак запоўнены як дзёньнікавымі запісамі, так і чыставымі варыянтамі вершаў. Я перапісаў першы абзац. Вось ён:
Сеньня 30-VI-1936 Гэта мусіць апошні раз бяруся пісаць дняўнік. Першы пісаў - сам сябе ашукваў, другі - зашмат позы, а мне хацелася-б каб праглядаючы пасьля карткі днеўніка я мог сам сябе убачыць такім якім быў. Шмат якія прычыны змусілі мяне сёньня ўзяцца за днеўнік: перадусім часы, на мой погляд, вельмі цікавыя, часы нейкай хвараблівай напружанасьці і т. д. , а другое гэта я самз тым пераломам які ў мяне адбыўся за апошнюю зіму.
Апрача таго, што фрагмэнт напісаны мовай, відаць, блізкай да штодзённай беларускай мовы Вільні канца 30-ых, але ня менш забаўна тое, што запісу за гэты дзень няма ў "Лістках календара".
Было б добра, каб нехта знайшоў час для вывучэньне гэтага дакуманту, каб хоць паспрабаваць уявіць сабе розьніцу паміж Танкавым аўтографам і адпаліванай за час праходжаньня праз выдавецкі цыкл да бляску публікацыяй.