ПРА БРУНЭТАК І БЛАНДЫНАК

Jul 18, 2014 18:51

На самоце часам жыць няпроста:
Уначы няма каго абняць.
Я таму палез на сайт знаёмстваў,
Каб сабе прыгоды пашукаць.
Там такія, брат ты мой, карцінкі -
Слінкі не паспееш падбіраць!..
І - брунэтку хочаш ці бландынку,
Просяць у анкеце адказаць.

Задуменным я бываю рэдка,
Але тут спыніўся сам не свой.
Прыгадаў знаёмую брунэтку -
Страціў раўнавагу і спакой.
Хоць яна расла ў мястэчку Глуску,
Па-парыжску муркае "лямур",
Пацалунак ведае французскі
І цытату - штось пра "па сіс жур".

Прапанова на жаночым рынку -
Ад лаліткі і аж да ўдавы.
Прыгадаў знаёмую бландынку -
Вышыбла брунэтку з галавы!
У бландынкі, брат ты мой, фігура -
Сілікону й блізка не відаць!
Там і без французскага "лямура"
Ё за што радзіму прадаваць...

З дзікім свістам пралятае лета,
Як фанера ў горадзе Парыж.
Я сяджу, як дурань, над анкетай -
На праклятым пункце стаўлю крыж.
Я загнаны, быццам леў у клетку,
І скажу па праўдзе, не змаўчу:
У графе "бландынкі ці брунэткі"
Я пішу, што і рудых хачу!
Previous post Next post
Up