Мястэчка Крошын (знаходзіцца за 15 км ад Баранавіч) і вядома з 1442 года, як маёнтак у складзе Вялікага княства Літоўскага, пазней Рэчы Паспалітай. Маёнтак належыў Крашынскім, ад якіх і атрымаў сваю назву, праўда з часам (а дакладна за савецкі час) першая літара замянілася на О. Тут уладарылі - Пуцяціны, Малікбашы, Друцкія-Талочанскія, Горсія, Валовічы, Радзівілы. У 1822 годзе, Антаніна Радзівіл, дачка Мацея Радзівіла выходзіць замуж за збяднелага шляхціча Станіслава Гедройца-Юрагу. І з гэтага чаму маёнтак становіцца ўласнасцю Юрагаў.
Антаніна Радзівіл (1790-1851) была выхавана ў традыцыях таго часу, на хвалі паўстанняў і войнаў, і была прагрэсіўнай паненкай. Дзякуючы брату Канстанціну Радзівілу сябравала з Тамашам Занам, Янам Чачотам, Ігнатам Дамейка, сябравалаі і вяла актыўную перапіску з музай Адама Міцкевіча - Марылей Верашчакай. Брат і пазнаёміў Антаніну з Станіславам Юрагай, які належыў да кола філаматаў. Жыццё ў Крошыне бегла хутка. Але не спакойна. Яшчэ пры Радзівілах крошынцы атрымалі некаторыя прывілеі і вольнасці ад Мацея Радзівіла. А новы ўладар Станіслаў Юрага спадзяваўся паказаць, як трэба кантраляваць сялян. Ускалыхнулася паўстанне ў 1828 годзе, на падаўленне якога нават прыяжджалі расійскія войскі. Да суда было прыгаворана 37 сялян і 3 шляхціча. Сяляне скажу і пасля гэтага не ўтаймаваліся і ў паўстанні 1831 года даволі актыўна бралі ўдзел. Затым паднялі ў 1948 новы бунт ну і вядома далучыліся да паўстання Каліноўскага ў 1863. Пасля наступіў час спакою, але калі надыйшлі зноўку бунтарскія часы, то крошынцы на пачатку ХХ ст не засталіся ў баку і зноўку вялі актыўную палітычную дзейнасць у 1905 і ў 1917 годзе.
У Станіслава і Антаніны Юраг нарадзілася адзіная дачка Тэафіліся, якая ў 1843 годзе абралася шлюбам з прадстаўніком на той момант вельмі магутнага роду Яўгенам Робертам Святаполкам-Завадскім (1817-1880), якія сваімі каранямі адыходзяць да Рурыкавічаў. Дарэчы, сведкай на вяселлі быў сябра сям’і - Тамаш Зан. Які праз тры гады пасля гэтага зноўку гасцяваў у Юрагаў, толькі ўжо падчас свайго шлюбнага турнэ.
Старая частка парка Завадскіх.
У 1876 годзе ўладаром маёнтка становіцца Пётр Завадскі (1847-1899), сын Тэфаліі і Яўгена Завадскага. Ён быў мастаком, і таму ў сядзібе адзін з пакояў быў перароблены пад майстэрню. Адукацыю атрымаў у Дрэздане, вельмі шмат маляваў карцін, і нават вызначыўся тым, што маляваў абразы для Крошынскага (не таго што зараз стаіць, а старога касцёла) і Юшкевічскага касцёлаў. Жанаты быў на Марыі Радзівіл. Акрамя мастацтва Пётр захапляўся геральдыкай і быў калекцыянерам, калекцыянерам усяго што магчыма. Сабраў вялізарную бібліятэку з 2000 тамоў і рукапісаў, калекцыянаваў карціны, старажытную зброю (у калекцыі знаходзілася нават шабля Яна Казіміра), манеты, фарфор і розныя каштоўнасці. Таксама любіў паляўніцтва, аб чым сведчылі трафеі развешаныя ў пакояў сядзібы.
Але вернімся да сядзібы. Тут былі размешчаны партрэты сваякоў Пятра Завадскага - Караля Радзівіла (Пане Каханку), князя Канстанціна, сенатараў, ваяводаў і кашталянаў, а таксама партрэты Антаніны і Станіслава Юрагі. Але Пётр быў вельмі дрэнным эканамістам, і пры яго кіраванні грашовы стан сям’і пагоршыўся. Доўгія цяжбы з мяшчанамі, якія прэтэндавалі на зямлю зацягнуліся і выцягнулі ў Пятра шмат сродкаў. У 1886 годзе у маёнтку прайшлі таргі, падчас якіх была распрададзена рухомая маёмасць Святаполкаў-Завадскіх - гадзіннікі, мармуровыя вазы, люстры, карціны, фарфор.
Але яшчэ велічны палац, які быў прапітаны ўспамінамі і рэчамі былых уладароў наведалі Ігнат Дамейка і Антоні Адынец, падчас сваёй беларускай вандроўкі. Тут на могілках каля касцёла была пахавана родная сястра Дамейкі Марыля Дамейка (па мужу Язерская). Яны наведалі палац і ўсыпальніцу, якая была пабудавана недалёк ад палаца ў выглядзе крыжа, а зверху насыпаны 8-мятровы холм. Толькі сваякі ведалі як можна патрапіць туды. Склеп Юрагаў-Завадскіх праіснаваў некрануты да савецкіх часоў і была абрабавана пасля Другой сусветнай вайны. У гонар вандроўкі і памяці Антаніны і Станіслава Юрагаў, з якімі яны сябравалі, Ігнат і Антоні пасадзілі два дубы. А Паўлюк Багрым на камяні высек словы з верша А.Адынца “На камне ў Крашына”.
На камні ў Крашыне
Тых двух, што во тут па дубку пасадзілі,
Ажно на паўвека былі разлучылі.
Ды іх філарэцкая дружба за час той
Не згасла ў дарозе жыцця пакручастай.
Калі іх звёў Бог зноў на гэтым жа свеце,
Ім біснула праўда, як перлінка ў леце:
Уцехі зямныя - то сон, што ўцякае,
У сэрцы любоў толькі не памірае.
Пра тое прысвечыць і гэты во камень,
Як будуць абодва пад каменем самі.
Антон Адынец, 1884 год.
Вось гэты холм за агароджай, які калі шмат травы выглядае як звычайны пагорак, і зяўляецца ўсыпальніцай былога вялікага рода Завадскіх.
Старажылы кажуць, што дрэвы высеклі, а валун апынуўся ў падмурку касцёла, які будаваўся ў 1920-я гады. Аб наведванні мясцінаў Дамейкам сведчыць толькі вось гэты мемарыяльны камень, пастаўлены тут у 1990-я гады.
У 1899 годзе Крошын пераходзіць да Канстанціна Святаполк-Завадскага. Ён прыкладаў усе намаганні каб палепшыць стан маёнтка і сям’і. Была павялічана колькасць зямель ва ўладанні, а таксама вернуты ў палац некаторыя сямейныя карціны. Канстанцін быў знаёмы з этнографам Рамуальдам Зямкевічам, які быў дапушчаны да сямейнай бібліятэкі і займаўся яе разборам. Менавіта ён знайшоў знакаміты партрэт Васіля Цяпінскага ў бібліятэцы Завадскіх.
Анатоль Змітравіч Крывенка. “Рамуальд Зямкевіч. Грамадскі дзеяч беларускага нацыянальнага Адраджэння, публіцыст, калекцыянер”
Рамуальд Зямкевіч (1881-1944)
Нарадзіўся ў 1881 годзе ў Варшаве. Бацькі яго паходзілі са Случчыны. Вучыўся ў Кіеве і атрымаў прафесію інжынер-механік. Збіраў матэрыялы па гісторыі беларускай культуры і літаратуры ў розных бібліятэках і архівах Еўропы. Жыў у асноўным у Варшаве, але шмат вандраваў па Беларусі для збору фальклорна-этнаграфічных дадзеных. Сабраў вялікую калекцыю беларускага народнага адзення (у 1918 годзе немцы вывезлі ў Берлін). Сабраў унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве (усе працы Я. Карскага), літаратуры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і іншых славян, вялікую калекцыю рукапісаў беларускіх пісьменнікаў. Сярод рарытэтаў яго бібліятэкі былі шматлікія старадрукі. З 1909 друкаваўся ў «Нашай ніве» і іншых беларускіх выданнях. Падрыхтаваў і выдаў першы спецыялізаваны бібліяграфічны даведнік на беларускай мове, напісаў шэраг прац па гісторыі беларускай літаратуры, у якіх прывёў невядомыя на той час звесткі пра В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Баршчэўскага, А. Кіркора, А. Ельскага, Я. Лучыну, К. Каганца, М. Багдановіча і інш. Апублікаваў невядомыя рукапісы М. Багдановіча (1919), К. Каганца (1920), В. Дуніна-Марцінкевіча (1923), Я. Лучыны (1932). У 1919 упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В. Цяпінскага (1576), які адшукаў у бібліятэцы К. Святаполк-Завадскага ў Крошыне. Дапамагаў матэрыяламі і звесткамі Я. Карскаму, абменьваўся навуковай інфармацыяй з А. Ельскім, А. Шлюбскім, даваў свае архіўныя знаходкі і рукапісы, успаміны варшаўскаму славісту Ю. Галомбаку, калі той працаваў над манаграфіяй пра В. Дуніна-Марцінкевіча.
Арыштаваны ў акупаванай нацыстамі Варшаве. Загінуў у канцлагеры ў Асвенцыне. Яго зборы і бібліятэка прапалі ў разбуранай Варшаве, частка трапіла ў прыватныя рукі.
Палац Радзівілаў-Юрагаў-Завадскіх быў разбураны падчас Першай сусветнай вайны і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, сям’я Святаполкаў-Завадскіх яшчэ знаходзілася ў маёнтку, спрабавала аднавіць дзейнасць, але пасля далучэнне да СССР у 1939 канчаткова з'ехала. Спачатку эмігравала ў Варшаву, а пасля раз’ехалася па ўсім свеце. Зараз крошынскія Завадскі пражываюць у ЗША.
Ленін на месцы былога палаца Завадскіх-Юрагаў. За спіной знаходзіцца сучасны дом культуры Крошына.
Ёсць у Крошыне касцёл Божага Цела. Пабудавана ў 1920-я гады на месцы касцёла ХVІІ стагоддзя разбуранага ў гады Першай сусветнай вайны. Тут размешчана жырандоль паэта і каваля Паўлюка Багрыма.
Паўлюк Багрым (1812-1891), беларускі паэт і цудоўны каваль. Сын мясцовага каваля Юзэфа і Марыі Стахоўскай, навучаўся ў прыхадской школе пры мясцовым касцёле.Пазнаёміўся з вальнадумнай паэзіяй; пачаў пісаць сам. У сувязі з сялянскімі хваляваннямі 1828 г. у Крошыне і за распаўсюджанне верша «Бунт хлопаў» (варыянт «Рабункаў мужыкоў» Я. Баршчэўскага) прыцягваўся да следства. Ад літаратурнай спадчыны паэта захаваўся толькі адзін верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы…», які стаў хрэстаматыйным для беларускай літаратуры. У рамястве каваля дасягнуў мастацкіх вяршыняў, пра што сведчыць зробленая ім каваная жырандоля, якая і сёння захоўваецца ў Крошынскім касцёле.
За сценамі касцёлана мясцовых могілках знаходзіцца магіла знакамітага паэта. Помнік пабудавалі ў 1990-я гады і ён не адраразова рабаваўся шукальнікамі каштоўных металаў. Апошні варыянтбыў вастаноўлены без выкарыстання медзі. Дарэчы аўтар помніка - Заір Азгур. А яшчэ я знайшла даволі цікавы факт пра паэтычную спадчыну Багрыма - вершаў мы бы болей ведалі, калі б не адзін выпадак. У вёсцы жыў глуханямы чалавек у якога ляжаў дома сшытак вершаў Багрыма, але з-за недахопа паперы для папірос ён гэтыя вершыкі скруціў з тытунем. Пасля яго жонка казала “хто ж ведаў, што праз столькі год, гэтыя вершы стануць патрэбны”.
Урок на будучыню, не выкідвайце рэчы, беражыце, архіў рабіце сямейны.. хто ведае, калі спатрэбяцца. Я так аднойчы запісала аўдыёкасету з успамінамі дзядулі. Пасля выкарыстала яе для генеалагічнага дрэва, яна валялася валялася, а пасля з-за непатрэбы выкінулася… Праз год 10 я ўжо кусала сабе локці, што выкінула гэту касету. А так файна было б пачуць зноўку голас дзядулі… праз столькі та год.
Кавалём Багрым быў выдатным. Ходзяць паданні, што аднойчы Завадскі запрасіў Багрыма да сябе і паклаў на стол цудоўны разны нож са словамі зрабіць копію. Праз некаторы час Паўлюк прынёс два нажы, паклаў і прапанаваў знайсці арыгінал, а другі забярэ сабе. Завадскі прыняў за арыгінал нож Багрыма, аб чым сведчыла надпіс на рукаяці. Так і застаўся ў яго нож мясцовага каваля, а свій еўрапейкі быў аддадзены Багрыму. З кавальскай спадчыны Багрыма нам засталася жырандоля. Якая першапачаткова была зроблена па замове Пятра Завадскага і размяшчалася ў палацы, а напачатку ХХ ст., яго нашчадкі перадалі яе касцёлу.
На сцяне касцёла размешчаны і верш Паўлюка Багрыма на мове арыгінала і ў перакладзе на польскую і ангельскую. Нажаль, калі мы былі ў Крошыне, касцёл быў зачынены, а шукаць па вёсцы хто можа адчыніць, не было часу. Таму можа ў наступныя разы нам пашансціць болей. Бунтарскі дух крошынцаў праявіўся ў ратаванні гэтай жырандолі ў 1960-я гады, калі некалькі разоў прыяджалі музееведы забіраць жырандолю ў Мінск. Жанчыны, хто з віламі, хто з палкамі пасля чарговага такога прыезду, падыйшлі да касцёла і адстаялі сваю рэліквію. А ў думках у мяне зараз вітае, ці адстаялі яны б зараз яе, калі б мясцовая вертыкаль прыехала забіраць ў Мінск? На жырандолі майстрам выбіта надпіс, якая сведчыць пра аўтара “Павел Багрым выкаваў у Крошыне над Шчарай у 1881 годзе. Заказ па бостанскаму ўзору Пятра Святаполка-Завадскага”.
Увогуле наконт імя Паўлюка Багрыма ходзяць шмат плётак і паданняў, і гісторыкі так і не прыйшлі да высновы, што праўда, што хлусня. Ды і відаць, з кожным дзесяцігоддзем гэтых недаказаных звестак усё боль ш і больш будзе з’яўляцца. Таму… калі цікава можаце азнаёміцца са спрэчнымі фактамі ў артыкуле ДЗЕЯСЛОВА
http://www.dziejaslou.by/inter/dzeja/dzeja.nsf/htmlpage/du37?OpenDocument Аўтар артыкула праходзіцца па спрэчным момантам кнігі Міхася Маліноўскага “Павел Іосіфавіч Багрым (Паўлюк Багрым). Легенды, праўда, загадкі” выдадзенага ў Баранавічах у 2006 годзе.
Каля самога касцёла стаіць валун на якім можна прачытаць надпіс “Жыццё кароткае, Радзіма вечная”, апошнія гады такое адчуванне шмат хто з нас не разумее гэтых словаў.
Пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў зачынены, а пасля перададзены і перароблены ў музей калгаса “Перамога”.
У падмурак былі замураваны не толькі валун з вершамі, але і надмагільныя пліты з прыкасцёльных могілках.
Толькі ў 1990 годзе ён быў вернуты вернікам, якія яго адрэстаўравалі і афіцыйна зарэгістравалі парафію ў 1992 годзе.
Вакол Крошына любіцелі ДОТаў здолеюць знайці не мала артыфактаў. Тут жа праходзіла лінія фронта. Таму амаль побач з касцёлам, на прыўсадзебным участку знаходзіцца ДОТ.
крыху па знакам прабяжымся.
1 - Дрэва Дамейка, помнік Леніну і Дом культуры.
2. Усыпальніца Завадскіх.
3. Крыху забачонае возера ка тэрыторыі былога парка.
4. Старая частка дамбы яшчэ з часоў Завадскіх.
5. Касцёл, магіла П. Багчыра і валун.
6. Дот
7. Дот
8. Дот
9. Дот
Першы дот знаходзіцца зусім побач з касцёлам.
Яго каардынаты.53° 12' 01.01'' / 26° 09' 39.70'
Знаходзіцца на ўласным падворку. Адносіцца да польскіх фартыфікацыйных збудаванняў.
Тры доты знаходзяцца на полі, і прайсці можна да іх праз ферму.
Пройдземся па маёй нумарацыі на гэтай мапе.
7. ДОТ. Польская фартыфікацыя. Знаходзіцца крыху ў схаваным выглядзе.
Унутар не залезці, бо ўсё засыпана смеццем.
Бранікалпак зняты, прытым вельмі жорсткім спосабам.
8. ДОТ. Польская фартыфікацыя.
Тут ужо цікавей, але залезці ўсёроўна не атрымаецца, усё засыпана пяском.
Выгляд з кропкі №8
Крочым да ДОТа пад нумарам 9.
Тут ужо хлопцы адарваліся. І палазілі.
Праўда час ад часу было таксама цяжка прабірацца.
Каму не цікава чытаць пра ДОТы можа закругляцца, бо тут яшчэ два ДОТы пра якія я не магу не напісаць. Бо яны знаходзяцца побач з Крошыным.
Калі выедзіце па старой дарозе з Баранавіч на Мінск, то якраз такі будзеце праяджаць гэтыя два ДОТы нямецкай фартыфікацыі і адносяцца да Першай сусветнай вайны.
Першы мы пабачылі які стаіць далей ад дарогі.
53° 12' 20.26'' / 26° 06' 32.08''
ДОТ узарваны.
Другі ДОТ ужо ў лепшым стане знаходзіцца.
Хаця таксама падарваны і пакасіўшыйся.
Частка ДОТа засыпана пяском.