ВЕРАСКАВА (Гарадзенская вобласць)

Apr 07, 2014 21:41

Мястэчка Вераскава, што на Наваградчыне, знаходзіцца ў цудоўным месцы, якое можна назваць “гістарычным колам маёнткаў”. Зараз маёнтак знаходзіцца ў вялікім запусценні, а калісьці тут жылі цудоўныя людзі, якія аддавалі жыцці за сваю Радзіму. У нашы часы пакуль яшчэ можна знайсці рэшткі былога маёнтка Брахоцкіх. Вандруйце!



Першапачаткова маёнтак Вераскава належаў Тамашу Дыбоўскаму, галаве наваградскага суда. У 1841 годзе дачка Тамаша Дыбоўскага і Антаніны Маркевіч Алена Дыбоўская (1823-1873) выходзіць замуж за Уладзіслава Брахоцкага.

Уладзіслаў Брахоцкі (1810-1896) ўдзельнік паўстанняў 1831 і 1863 гадоў, апошні маршалак Наваградскага ваяводства, быў яркай і неардынарнай фігурай свайго часу. Нарадзіўся ў сям’і Роха Брахоцкага і Аляксандры Алендскай 24 студзеня 1810 года. Быў старэйшым сынам. Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Удзельнічаў у паўстанні 1831 года ў шэрагах свайго дзядзькі Валенты Брахоцкага (1782-1856), які ўзначаліў узбройны рух Вілейскага і Дзісненскага паветаў. За ўдзел у паўстанні Уладзіслава царская ўлада ледзьве не пазбавіла радавога маёнтка ў Гаўе. Бацькі здолелі абараніць маёмасць сына, матывуючы непаўнагадовасцю Уладзіслава (гэта ў 20 год!). Пасля паўстання тры гады падлетак знаходзіўся ў эміграцыі, а калі вярнуўся на Радзіму, у якасці пакарання прымусова працаваў на ўрадавай службе - чыноўнікам у прыёмнай пры губернатары Вільні. Тры гады прайшлі, і Уладзіслаў вяртаецца ў маёнтак Гаўе на Навагрудчыне (зараз Іўеўскі раён), дзе акрамя традыцыйнай вытворчасці займаўся таксама вырошчваннем вінаграда.


Пабраўшыся шлюбам з Аленай Дыбоўскай, як я ўжо пісала, атрымлівае маёнтак Вераскава ў якасці пасага, дзе сямейная пара заўсёды праводзіла свецкія прыёмы і вечары. З 1858 па 1863 гады займае пасаду маршалка шляхты Наваградскага ваяводства, вядзе актыўнае грамадска-палітычнае жыццё. Уладзіслаў выступаў катэгарычна супраць алкаголю, таму на сваіх землях знішчыў усе пітныя ўстановы :-) (сваеасаблівы Ёзэф Булька ХІХ стагоддзя). Запрасіў віленскіх манашак для дапамогі ў Наваградскіх шпіталях хворым. З’яўляўся куратарам і фундатарам публічнай бібліятэкі ў Наваградку да 1860 года (пакуль генерал-губернатар Мураўёў не зачыніў яе).


Калі пачалося паўстанне Каліноўскага ў 1863 годзе, падтрымаў паўстанцаў. За актыўны ўдзел быў арыштаваны і сасланы ў Перм, а яго маёнтак Гаўе быў канфіскаваны і прададзены рускаму генералу Сахараву. За мужам у Сібір паехала і жонка, якая таксама актыўна дапамагала паўстанцам, хавала ў маёнку Вераскава зброю і харчаванне для войска. Можна сказаць, ўсе Брахоцкія без выключэння ўдзельнічалі ў паўстанні 1863 года. Праз 11 год ссылкі ў 1873 годзе Брахоцкія вяртаюцца ў Вераскава, які не быў канфіскаваны, так як быў уладаннем жонкі і да сканчэння свайго веку займаюцца дабраўпарадкаваннем і гаспадаркай на Наваградскіх землях.


У 1873 годзе амаль адразу пасля вяртання з ссылкі памерла Алена Брахоцкая. Пахавана была недалёк ад маёнтка каля капліцы ў Вераскаве. Амаль праз 20 год побач з жонкай лёг спачываць і Уладзіслаў. Пасля Другой сусветнай вайны капліца была спалена, труны разрабаваны.

Паколькі дзяцей у Алены і Уладзіслава Брахоўскіх не было, то пасля 1896 года маёнтак пераходзіць да пляменніка Уладзіслава - Уладзіслава Тамаша Брахоцкага.


Уладзіслаў Тамаш Брахоцкі (1856-1932) быў адзіным сынам Аляксандра Брахоцкага і Аліны Мінейка. Акрамя яго ў бацькоў было яшчэ 5 дачок - Ванда, Эмілія, Марыя, Алена, Сафія. Уладзіслаў Тамаш актыўна займаўся гаспадаркай і хутка давёў яе да высокага ўзроўню. Уладар радавога маёнтка ў Мала Мажэйкавым (дастаўся ад бацькоў), Морына (перайшоў у спадчыну ад бяздзетнага брата бацькі Антонія Брахоцкага) і Вераскава (атрымаў у спадчыну ад бяздзетнага Уладзіслава Брахоцкага).


Уладзіслаў Тамаш быў два разы жанаты. Ад першага шлюба з Сафіяй Моль у яго было сямёра дзяцей: чатыры сыны - Аляксандр (атрымаў пасля смерці бацькі Морынава), Станіслаў (у спадчыну атрымаў Вераскава), Валенты (памер у 1917 годзе ва ўзросце 24 год) , Анжэй (атрымаў М.Мажэйкава), і тры дачкі - Алена, Марыя, Ганна. Другі раз жаніўся пасля смерці жонкі на Катажыне Баліньскай і дзяцей ужо з-за ўзроста не меў.


Перад Першай сусветнай вайной ва ўсіх сваіх маёнтках арганізаваў бясплатныя польскія школы. У Вераскаве адчыніў вінакурню і пілараму. Ахвяраваў грошы на будаўніцтва першага польскага тэатра ў Вільні. Першая сусветная вайна падарвала гаспадарку і давяла яго да заняпаду, але пасля, напрацягу некалькіх год вывеў яе на даваенны ўзровень.


Пасля смерці Уладзіслава Тамаша, як я ужо казала, маёнткі былі падзелены паміж сынамі і Вераскава пераходзіць да Станіслава Брахоцкага (1892-1942). У 1911 годзе ён закончыў класічную гімназію ў Вільні і паступіў на сельскагаспадарчы факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. У пачатку Першай сусветнай вайны быў прызваны на ваенную службу. У 1914 г. скончыў Цвярскую кавалерыйскую школу і быў прызначаны ў 13-ы Нарвскі полк, дзе праслужыў да рэвалюцыі 1917 года. Пасля вярнуўся на радзіму і прымкнуў да польскай самаабароны ў Шчучыне. Сфарміраваў конны атрад. У наступным паручнік Станіслаў Брахоцкі браў удзел ва ўсіх паходах і бітвах да канца вайны ў складзе 13-га палка Віленскай кавалерыі арміі генерала Жэлігоўскага. У палку лічыўся адным з найвыдатнейшых афіцэраў і быў узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» і Крыжам змагароў.


Пасля дэмабілізацыі з войска Станіслаў з жонкай Сафіяй Коньча жыў у маёнтку Вераскава. Займаецца аднаўленнем гаспадаркі разам з бацькам.


Падчас Другой сусветнай вайны быў арыштаваны і змешчаны ў лагер ваеннапалонных польскіх салдат у Паланзе. Пасля вызвалення з лагера прыбыў у Варшаву, дзе памёр у 1942 годзе. Жонка Сафія с сынам Станіславам і дочкамі Ганнай і Ірэнай эмігрыравалі ў Англію, а пасля вайны - у Канаду.
Вось такая яна гісторыя змагарскага рода Брахоцкіх, якія жылі ў Вераскаве.


Недалёка ад маёнтка сачыце за дарогай, каб не прапусціць сцежку, якая вядзе да пахавальнай капліцы. Гісторыя яе вяртання з-за нябыту таксама цікавая.


Капліца была пабудавана ў канцы ХІХ ст., калі памерла Алена Брахоцкая (Дыбоўская). Праз 20 год тут быў пахаваны і яе муж Уладзіслаў Брахоцкі.



Аляксандр Брахоцкі
У Уладзіслава Тамаша Брахоцкага (спадкаемцы маёнтка Вераскава і ўсіх астатніх маёнткаў роду) было 7 дзяцей. Старэйшы Аляксандр Брахоцкі атрымаў ад бацькі Морына. Ажаніўся з Аленай О’Рурк (родам з Уселюба) і меў траіх дзяцей - Анжэя, Ежы і дачку Сафію. Шлюб меў матэрыяльныя выгоды для Брахоцкага, а вось паразумення з жонкай не знаходзіў. Аляксандр застрэліўся ва ўзросце 44-год у 1934 годзе і быў пахаваны каля сямейнай капліцы ў Вераскава.



Алена Брахоцкая (О'Рурк)
Жонка Алена была энергічнай жанчынай і кіравала маёнткам пасля смерці мужа да 1939 года. Пасля таго, як савецкія войскі перайшлі мяжу Польшчы, ноччу сабрала брычку, прыхапіла дзяцей і каштоўныя рэчы і з’ехала з маёнтка ў Польшчу, а пасля - у Англію.

Прайшлі часы, дзеці падраслі, і пасля развалу СССР дачка Аляксандра - Соф’я - вырашыла наведаць мясціны дзяцінства.



Соф’я Аляксандра Брахоцкая (1921-1995), дачка Аляксандра Брахоцкага і Алены О’Рурк. Нарадзілася ў маёнтку Морына. Пасля 1939 года разам з маці і братамі эмігравала ў Англію. Скончыла літаратурны ўніверсітэт, працавала ў польскім аддзеле радыё Бі-Бі-Сі. Пісала вершы на ангельскай і польскай мовах.



Першы раз выйшла замуж у 1943 годзе за польскага лётчыка Алегерда Ілінскага. Праз тры тыдні пасля вяселля Альгерд загінуў падчас бою над Францыяй.


Сафія застаецца ўдавой у 23. Другі раз выходзіць замуж пасля вайны за амерыканскага дыпламата Моўзлі. Разам з мужам валодалі двума гатэлямі ў Корнуэле (Англія), трымалі вінныя склепы, мелі сваю свінаферму. Мелі дваіх дзяцей (сын загінуў у 22 гады і дачка Крысціна).


У 1992 годзе Сафія прыехала наведаць свае родныя мясціны ў Морынава. Пасля, пабачыўшы ў якім стане знаходзіцца радавая капліца сям’і ў Вераскаве, дамовілася з калгасам аб яе аднаўленні.


Ініцыятыву Сафіі падтрымалі і яе браты - Анжэй і Ежы, дачка Крысціна, суседзі і сябры з Корнуэла. На аднаўленне капліцы збіралі грошы ўсім светам. І вось 29 чэрвеня 1994 года яна зноўку прыехала ў Беларусь, каб пабачыць адноўленую капліцу. Побач з капліцай правялі набажэнствы і памінальную вячэру. А праз год, у кастрычніку 1995 года Сафія Брахоцкая адыйшла ў лепшы свет.






Напрыканцы 90-х у капліцы была устаноўлена пліта з яе імя, такім чынам, хаця бы маленькая кропелька семнадцацігадовай дзяўчыны, якая збягала ў 1939 годзе з гэтых мясцінаў, вярнулася да хаты.




Вось так, нашчадкі Брахоцкіх прычыніліся да аднаўлення сваёй былой спадчыны ў Беларусі.


P.S. Матэрыялаў нажаль вельмі мала, таму галоўнай крыніцай (але не адзінай) выкарыстоўваўся матэрыял А. Ігліцкага з сайта http://ivyenews.by/







P.P.S. У Вераскава акрамя паказанага вышэй можна знайсці таксама рэшткі старога бровара, спіртапрымальнік, старыя гаспадарчыя будынкі.

Паводле інфармацыі
www.pawet.net, www.interfax.by, www.westki.info, www.svaboda.org, lida.info
а таксама
Федарук А.Т., Старинные усадьбы Минского края.
Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej
і іншых інтэрнэт крыніц

О'Рурк, Брахоцкі, Навагрудскі раён, Вандроўкі Беларусь, Мінейка, Маркевіч, Ільінскі, Вандроўкі, Аленская, Гарадзенская вобласць, Дыбоўскі, Моль

Previous post Next post
Up