Расея (дубль старога паста)

Aug 11, 2008 18:31

"...А што ж такое тады Расея? Ня ведаю я ніякай Расеі. Хаця пачакайце, адну я ўсё ж калісьці ведаў.
Расея - дзяўчына з пустымі халоднымі вачыма, апранутая занадта вульгарна для гэтых шыротаў. Вечна маладая, вечна п’яная. Яна заўсёды была і ёсьць для нас чужой. Вось яна йдзе па Штыксштрасэ, а можа быць, па Ліндэналее, і гучна гаворыць пра тое, што ёй удалося набыць учора на распродажы. Пра тое, што яна скрала пазаўчора, Расея гаварыць ня любіць. Дзявочая памяць.
Румяныя шчокі, салома на галаве. Расеі хочацца, каб яе пазнавалі паўсюль. Расеі хочацца, каб паўсюль была Расея, і яна паводзіць сябе так, нібы Расея паўсюль. Кожны лапік зямлі, дзе б ні ступіла яе доўгая танная нага, яна абвяшчае сваёй уласнасьцю. Расея пэўная, што яна прыйшла ў гэты сьвет ня проста так, а з важнай місіяй. Таму кожны мусіць схіліцца перад ёй у паклоне, кінуцца ёй у ногі, цалаваць яе чырвоныя туфлікі на высокім абцасе.
Але Расея, на жаль, не паўсюль. І таму ёй вельмі крыўдна. Настолькі крыўдна, што яна, каб захаваць прыстойнасьць, ідзе ў самы далёкі куточак свайго саду й там доўга супакойваецца, страляючы ў прыцемках з аўтамату. “Які недасканалы сьвет”, - падціскае яна вусны, імгненна накіроўваючы рулю туды, дзе варушыцца лісьце на дрэвах. “Калі б я была багатай і знакамітай, я выдала б такі закон, каб усе мужчыны размаўлялі толькі па-расейску”. А потым яна хавае аўтамат і едзе на моўныя курсы.
“Ты - гэта я”, - кажа мне Расея, ты - гэта я. “Не”, - спрабую я запярэчыць, але яна ня чуе. Гэта асаблівасьць яе слыху, і я мушу паважаць яе за гэта. Гладзіць яе па галаве й казаць пяшчотныя словы.
У Расеі шмат сяброў і сябровак. Уласна кажучы, гэта ўвесь сьвет. Я бачу, як яна сядзіць зь імі ў кавярні, яны п’юць піва, і гора таму, хто, задумаўшыся, прапусьціць хаця б адно слова. Расея будзе гнаць яго да самага рогу вуліцы. Расея ня любіць, калі нехта ёсьць для яе чужым. Яе нудзіць ад самога панятку “чужы”. Усе мусяць быць сябрамі. Расея крыўдзіцца, калі зь ёй адмаўляюцца сябраваць і цягацца разам па распродажах і піўных. Тады яна можа праклянуць... О, гэтае расейскае пракляцьце, незмывальнае, атрутнае, нібы яе сьлёзы, сьлёзы Расеі, зьмяшаныя зь нярускай тушшу!..
Расея ня любіць яўрэяў, віетнамцаў і чачэнцаў. Расея любіць мяне. І я ня ведаю, што мне рабіць з гэтым каханьнем.
Я магу пабачыць Расею калі захачу, нават уначы. Дастаткова набраць адмысловы нумар, патраціць пару манэтаў - і вось Расея ўжо ляжыць перада мной, на экране, разводзіць ногі, аблізваецца, высоўвае язык. Уся яе веліч паўстане перада мной, і я адчую сваю нікчэмнасьць.
Але мне ёсьць чым заняцца й без Расеі. "

расея, тэкст, сарока на шыбеніцы

Previous post Next post
Up