што не ўвайшло ў папярэдні пост..

Mar 24, 2013 11:51

троху думак пра перадзелы выбітных асоб паміж дзяржавамі..
Цяперака падамо шэраг і сваех заўваг. З артыкулу добра вынікае, што пераважную частку расейсейскага пантэону складаюць іншаземцы або ў лепшым выпадку іх нашчадкі (ужо расейскамоўныя). Падобную статыстыку можна скласці і адпаведна іншым галінам навукі і культуры. Вынік будзе той самы. Адзначу, што і ХХ стагоддзе не такое адназначнае ў плане павышэння колькасці расейскіх навукоўцаў. Безумоўна, вольны доступ да адукацыі стварыў перадумовы для пэўнага выбуху. Але ніхто не спыняў і працэсы русіфікацыі. Таму зноў жа мы маем: жыда, які нарадзіўся ў Воршы - выбітнага псіхолага Льва Выгоцкага (Леў Сімховіч Выгодскі) клічуць расейскім, айчынным (цікава чыёй айчыны??), савецкім навукоўцам (увогуле, жыды складаюць даволі значны адсотак у навуковым пантэоне Расіі, тут і Леў Ландаў, і Віталій Гінзбург, і Грыгорый Перальман і інш.); украінца з Жытоміра - канструктара ракета-касмічных сістэм Каралёва Сяргея Паўлавіча запісваюць ў расейскага вынаходніка; напалову малдаваніна і напалову жыда, народжанага на Ўкраіне - знакамітага біёлага Іллю Мечнікава таксама без сумневу далучаюць да расейскай навукі і ўласна расейцаў; дачка беларускага генерала са старажытнага шляхецкага роду - Софья Кавалеўская (Корвін-Крукоўская) - аказваецца “рускім матэматыкам і механікам”; па-бацьку паляк (з роду Капіц-Мілеўскіх), па-маці з валынскіх дваранаў (з роду Сцебнікіх) - славуты фізік Пётр Капіца фігуруе, як “рускі, з дваран, сын генерал-маёра русскай арміі і даследніцы рускага фальклору”. Урэшце, на 2006 год у Расеі ў РАН было 516 акадэмікаў, сярод якіх блізу 400 расейцаў (55 - жыдоў, 23 - украінца, 16 -армян, 10 - татар, 7 - грузін..), а сярод 780 чальцоў-карэспандэнтаў - 640 расейцаў. Аднак, здаецца, павелічэнне ўласна расейскіх вучоных мала адбілася на прагрэсе навукі ў краіне.

Але гэта расейскія справы. Якое ж рацыянальнае зерне можа вынесці з усяго гэтага беларус?  Найперш, не трэба хвалявацца з нагоды адсутнасці ў нас славутых імёнаў апошняга часу. Гэткае становішча - вынік наўмыснай палітыкі Расеі (пасля далучэння да яе беларускіх зямель). У 1832 годзе быў зачынены Віленскі ўніверсітэт, у 1864 годзе скасаваны Горы-Горацкі земляробчы інстытут.. Такім чынам, каб атрымаць адукацыю беларусы былі  вымушаны выязджаць далёка ад свайго месца жыхарства, што не кожны мог сабе дазволіць. У той жа час, уся адукацыя ў Расейскай імперыі была на расейскай мове, што відавочна не спрыяла фарамаванню нацыянальнай навуковай школы. А ў наступным дало магчымасць прылучаць да сваёй культуры дзеячоў беларускага паходжання. Важным чыннікам сталася і тое, што патэнцыйныя навуковыя і культурныя дзеячы пасля нацыянальна-вызваленчых паўстанняў былі змушаны эміграваць з краіны або трапілі пад рэпрэсіі з боку новых уладаў. У пазнейшы час гэта сталася нагодай лічыць, што беларусы акром сярмягі ды сахі нічога ўласна і ня мялі. І хоць ёсць у гэтым каліва праўды, але з вуснаў катаў і душыцеляў беларушчыны гэта гучыць, так бы мовіць, троху дзіўна. І зусім па-вар’яцку, калі ім пачынаюць утарыць ужо самі беларусы.

Час ад часу ўздымаюцца размовы і пра беларускі пантэон. Чуваць галасы, што, маўляў, Т.Касцюшка, А.Міцкевіч, К.Каліноўскі, Т.Рэйтан, І.Дамейка, Ф.Бохвіц, С.Манюшка, М.Агінскі, Я.Булгак  і шмат іншых  - палякі; Міндоўг, Альгерд, Гедымін, Вітаўт, Радзівілы - летувісы; І.Федаровіч, Я. Нардкевіч-Ёдка, С. Кавалеўская, М.Глінка, Ф.Булгарын, Ф.Дастаеўскі, М.Пржвальскі, А.Твардоўскі  - расейцы; М.Шагал, Х.Суцін - жыды. Выстаўляюць розныя крытэры: моўныя, генетычныя, самасвядомасці.. Здаецца, у дачыненні да палякаў і расейцаў самы папулярны - моўны чыннік. Маўляў, раз гаварылі і пісалі па-польску значыць палякі, па-расейску - адпаведна расейцы. Ну, то трэба ўсіх сучасных расейскамоўных беларусаў запісаць у такім разе да расейцаў. Але ў той жа час гэта выдатна паказвае значнасць моўнага чынніку ў фармаванні культурнага пласту, і ўшчэнт разбівае ўсе трызненні гаваруноў аб мажлівасці існавання беларускай культуры без уласнай беларускай мовы. У расейскамоўным варыянце гэта будзе або правінцыйная расейская культура або нешта накшталт амерыкайнскай салянкі. Пытанне пра самасвядомасць дзеячоў таксама не вытрымлівае крытыкі. Самасвядомасць апошнія стагоддзі была адно толькі арэнай палітычных інтрыг і падкопаў. Так, многія беларускія сяляне лічылі сябе расейцамі (“рускімі”) хоць напраўду імі не з’яўляліся (паводле моўнага, антрапалагічна-генетычнага, культурнага, ментальнага чынніка). Асаблівая сітуацыя з жыдамі. Хоць і пераняўшы чужую мову яны захоўваюць адметныя біялагічныя рысы, а таксама пэўныя культурныя традыцыі, адасоблена трымаюцца ў грамадстве. У выніку жыдоў часам выціскаюць па-за межы беларускай культуры. Але выкрасліць іх з яе цалкам немагчыма. Яны жылі побач з намі, натхняліся тутэйшым наваколлем, беларуская  Зямля іх сілкавала. Што ж датычна летувісаў, то абсалютна некарэктна ўраўноўваць тагачасных балтаў і насельніцтва сучаснай рэспублікі Летува, а беларусаў атаесамляць выключна са славянамі. З падобным падыходам мы аддаем усю балцкую спадчыну на якую маем ня менш правоў. Не варта, нагадваць, што да 5 стагоддзя землі Беларусі былі заселены выключна балтамі. Працэсы ж славянізацыі насілі з большага моўна-культурны характар і былі расцягнуты на шмат стагоддзяў.

У той час навідавоку, што расейцы з гэтым пытаннем не дужа мудрагеляць: усіх, каго лёс звязаў з іхнай краінай яны без ваганняў упісваюць у расейскія славутасці. Зразумела, такі хапун акурат звязаны з іхнымі імперскімі амбіцыямі, што рушыць поруч з комплексам непаўнавартасці. З нашага ж боку выходзіць, што  мы як наіўныя прастачкі раздаем нашу спадчыну. Але прыспеў час і нам збіраць камяні. Толькі кіравацца трэба іншымі ўстаноўкамі. Калі разглядаць нацыю, як палітычны канструкт (ідэю), то мы самі напаўняем сэнсам ейны змест і выбіраем неабходныя элементы для яе будовы. Такім чынам, марная справа біцца за высвятленне ці быў А.Міцкевіч палякам, ліцвінам ці беларусам. То былі іншыя часы і іншыя зместы паняццяў ідэнтычнасці. Дзіўна было б лічыць Еўфрасінню Полацкую ці Кірылу Тураўскага беларусамі, што пісалі, між іншым, на царкоўнаславянскай мове (але ж мы не даводзім, што яны якія-небудзь балгары). Ня менш здзівіла б гэта і іх саміх. Але яны НАШЫ, бо іх дзейнасць лягла ў падмурак нашай культуры і  дзяржаўнасці. Яны частка нашай гісторыі, прасторы, памяці, генаў, роду.. Такім чынам, выкідваючы “непажаданых” герояў мы ўласнай рукой абядняем сябе. Апасля чаго пачынаем скардзіцца на гаротны стан  і хілімся да тых, хто часам не цураецца прысабечыць і чужое, лічачы іх культуру багацейшай ды на прыступку вышэй.

то самае на сайце Arche
Previous post Next post
Up