у каляберлінскім мястэчку Friedrichshagen ля возера Großer Mügelsee месціцца адно цікавае тэхнічнае збудаванне, адчыненае для наведвання
Museum im Wasserwerk прысвечаны гісторыі берлінскага вадаправода і каналізацыі
Напрыканцы ХІХ ст. Берлін адчуваў недахоп пітной вады, і вось у 1893 г. у Фрыдрыхсхагене адчынілася трэцяя гарадская вадаправодная станцыя. На той час гэта была самая вялікая і сучасная станцыя ў Еўропе, праектаваў сістэму з 300 глыбокіх калодзежаў англійскі інжынер Генры Джыл.
Праз разнастайныя экспанаты можна прасачыць гісторыю вадаправода ў Берліне ад старадаўніх часоў да нашых дзён. Вось так, да прыкладу, некалі выглядаў кабінет супрацоўніка ваданапорнай вежы.
А так праходзілі рамонтныя працы ў гарадской каналізацыі ў 1920-30х гг.
А яшчэ ў берлінскую вадаправодную сістэму за час яе існавання што толькі не трапляла, на цэлую экспазіцыю назбіралася знаходак
Але самае цікавае, канечне, гэта магчымасць агледзець абсталяванне знутры станцыі. Пахне ў музеі, мушу сказаць, як у сапраўдным машынным аддзяленні. Спярша было нават цяжкавата дыхаць :)
Некаторыя экспанаты можна выпрабаваць :) А пасля прыйсці да высновы, што і сапраўды, каналізацыя - прыкмета цывілізацыі!
Уваход у музей каштуе 2,50 еўра. Экспазіцыі размешчаны ў двух будынках, а яшчэ на прылеглай тэрыторыі некаторая тэхніка выстаўлена. Агледзець усё можна за гадзіну (нават калі ўважліва чытаць усе надпісы)
Дарэчы, вуліцу побач з ваданапорнай вежай той самы інжынер з туманнага Альбіёна цалкам забудаваў домікамі ў англійскім стылі, дзе жылі супрацоўнікі прадпрыемства.
А яшчэ ў мястэчку маецца прыгожая кірха, ды і ўвогуле шараговая забудова ў старым цэнтры радуе вока
Што да возера Вялікае Мюгельзее, на паўночным беразе якога і размесцілася станцыя Фрыдрыхсхаген, дык яно і сапраўды найвялікшае з берлінскіх азёраў (мае плошчу 7,5 кв.км)
Мясцовасць гэтая вядомая не толькі музеем у вежы, але і як цудоўнае месца для адпачынку. Прытым як актыўнага (наўкола маюцца маркіраваныя веладарожкі), так і пляжнага