Cycling for libraries 2012, Day 9

Jun 11, 2013 14:45


ДЗЕНЬ IX. 05.08 Tartu-Rakvere


Зранку адразу паехалі ў цэнтр, на сустрэчу з мэрам Тарту. Пасля прывітальных словаў ён узначаліў і суправадзіў нашую велакалону да цэнтральнай гарадской бібліятэкі.



фота Andrey Leutin
Стварыўшы ля яе сценаў стыхійны велапаркінг, мы рушылі на экскурсію па бібліятэчных залах.





фота Corina Ciuraru
Пасля разглядвання інтэр’ераў мы далучыліся да відэаканферэнцыі з удзелам Jamie La Rue, дырэктара сеткі бібліятэк акругі Дуглас (ЗША). Падчас дыскусіі абмяркоўваліся праблемы, звязаныя з eBooks, copyright, Open access ды інш.


фота Marina Vazhnik
Далей Трыіну Сепам (намесніца дырэктара Талінскай цэнтральнай бібліятэкі) распавяла нам аб праектах, якія ладзіць бібліятэка для дзяцей: аб выданні кніг, творчых конкурсах ды іншых мерапрыемствах па заахвочванні чытання, аб навучанні дзяцей культуры паводзінаў у інтэрнэт (асабліва ў сацыяльных сетках) і г.д. Талінская цэнтральная бібліятэка мае 17 філіялаў і мабільную бібліятэку (аўтобус), карыстальнікі маюць доступ да ўсіх рэсурсаў праз адзіны чытацкі білет (у якасці якога, дарэчы, можа выкарыстоўвацца і эстонская ID-карта). Асабліва цікава было даведацца аб наступным праекце: бібліятэка актыўна супрацоўнічае з мясцовымі аўтарамі і штогод выдае кнігі, якія не паступаюць у продаж і маюцца толькі ў эстонскіх бібліятэках.


фота Corina Ciuraru
Пасля семінару жадаючыя змаглі азнаёміцца з працай тэхнічнага аддзела, супрацоўнікі якога па-за сваімі асноўнымі абавязкамі займаюцца стварэннем лічбавых копій выданняў з фонду бібліятэкі (з выкарыстаннем праграмы распазнавання тэксту OCR). На жнівень 2012 г. было алічбавана 25 кніг (збольшага мастацкая літаратура, не нацыянальны дакумент), копіі знаходзяцца ў адкрытым доступе. Яшчэ 5 выданняў знаходзяцца "ў вытворчым працэсе".
Пошук па фондах ажыццяўляецца праз анлайн-каталог ESTER.


фота Andrey Leutin
Увогуле ж, зараз на нацыянальным ўзроўні здзяйсняецца навуковая распрацоўка праекту эстонскай электроннай скарбніцы, а ў будучыні плануецца каардынаванае стварэнне Нацыянальнай лічбавай бібліятэкі сумеснымі намаганнямі Тартускай універсітэцкай бібліятэкі, Талінскай цэнтральнай бібліятэкі, Нацыянальнай бібліятэкі Эстоніі ды бібліятэкі-архіва Эстонскага літаратурнага музея.

У бібліятэку Тартускага ўніверсітэта мы, на жаль, не патрапілі з-за рамонтных працаў. Але да нашага велападарожжа далучылася некалькі супрацоўнікаў гэтай, дарэчы, найстарэйшай і найвялікшай навуковай бібліятэкі Эстоніі. Дзякуючы размовам з імі ў мяне ўсё ж склалася аб ёй пэўнае (вядома, пазітыўнае) уяўленне. Калегі ствараюць свой лічбавы архіў DSpace, да калекцый і матэрыялаў з якога маецца свабодны доступ.
Да абеду ў рэстарацыі пры гатэлі “London” заставалася крыху часу, і мы скарысталіся гэтым, выбраўшыся на шпацыр па старым горадзе.



фота1: відаць Янаўскую царкву 1й пал. XIV ст. (унікальны ўзор цаглянай готыкі). на пярэднім плане - шыльда Тартускага музея цацак
фота2: руіны Домскай царквы (ХІІІ ст.). дарэчы, да 1982 г. у перабудаванай (яшчэ ў 1807 г.) алтарнай частцы царквы месцілася ўніверсітэцкая бібліятэка. цяпер там музей гісторыі Тартускага універсітэта
А пасля мы пагрузілі свае ровары ў грузавік, самі селі ў аўтобусы ды паехалі ў Ракверэ (трансфер 130 км).






фота2 Corina Ciuraru; фота 3,4 Andrey Leutin
Там нас чакала экскурсійна-забаўляльная праграма ў замку, сустрэча з мэрам і шыкоўная musicdancebeer вечарына.


фота Andrey Leutin
Сапраўды, there's no party like a librarian party J




 








 




фота аўтара, а таксама Andrey Leutin, Corina Ciuraru, Marina Vazhnik
Дзень у нас быў практычна “пешаходны”, мы накаталі толькі 4 км у Тарту ды 6км у Ракверэ.
відэасправаздача http://www.kirjastokaista.fi/2012/08/06/cycling_for_libraries_2012_day_9-3/

cyc4lib2012

Previous post Next post
Up