Андрэй Жук. Восень 2000
Мы гады, як гарэхі, лускаем,
запіваючы півам вопыту.
Выбіраем мы сьцежкі вузкія,
каб вялікай зрабіць дарогаю.
Не баімся халодных плыняў мы,
акіяну жыцьця бязьмежнага -
мы зь ліцэйскай рачулкі выплылі,
значыцца, мы плыўцы найлепшыя.
А калі сьвет калючым станецца
і зьнявераць няўдачы прыкрыя,
мы пагрэцца штораз вяртаемся
на знаёмы нам адрас выраю.
Учора ды сёння столькі гучала розных прыгожых слоў, што нават і ня ведаю, з чаго пачаць. Выратоўвае хіба што храналагічная паслядоўнасць.
Дык вось, як бы мой выпускны адбыўся 11 чэрвеня мінулага году, але насамрэч тое "свята" не было ані святам, ані чымсьці сапраўды значным для мяне. Так, атэстат са срэбным медалём атрымаў, пабыў на канцэрце, патанчыў крыху, папрысутнічаў на агульнакласным сняданку і паехаў 12-га зранку на лецішча.
"Скончылася сярэдняе навучанне?" Для кагосьці так і сталася: навучанне скончылася, ў Ліцэй няма сэнсу (і часу) заходзіць, універсітэцкае жыццё захлынае бурлівымі хвалямі... Мне ж увесь гэты 2011/12 год было, як ні дзіўна, прыемна бадзяцца паміж групай педагогаў-хімікаў на хімфаку і класам Філ-2 у Ліцэі. Ну, і знаёміцца з творчымі людзьмі, якіх Л. М. Рубашная сабрала ў адзін гурток пад назваю "Дзянніца".
Атрымалася так, што мой лепшы сябар і мая лепшая сяброўка на дадзены момант - менавіта адтуль, з Філ-2. Пазнаёміўся я з імі восенню 2010, што стала штуршком да ўдасканалення маіх ведаў у галіне беларускасці і ня толькі. Учора ж разам з імі я развітваўся з Ліцэем. Не назаўсёды, вядома, - але нашмат больш трывала, чым ў мінулым годзе.
Тады заставаліся сябры і настаўнікі.
Цяпер - толькі настаўнікі (двух-трох знаёмых вучняў лічыць ужо ня варта: яны, што ведаюць мяне адно як студэнта, і ставяцца суадносна).
Тады ў краіне быў крызіс, і песня пра Пятра Пракаповіча прабірала да дрыжыкаў (цікава, ці ўзгадае гэтае імя і прозвішча чалавек, які паступіць у Ліцэй праз два-тры гады?..).
Цяпер крызісу няма. Можна глытаць гелій з паветраных шарыкаў і размаўляць пасля гэтага смешным голасам, можна бачыць шыкоўны феерверк, можна (і трэба!) слухаць электронны рок на поўную гучнасць, можна піць "Савецкае шампанскае" (ведаючы норму, адпаведную васямнаццацігадоваму юнаку), можна абдымаць дзяўчат-філолагаў і хлопцаў-матэматыкаў (усё жартаўліва, вядома ж), а танчыць з гісторыкамі, марачы пра дзяўчыну, што сюды, на жаль, ня трапіла адначасова са мной, можна... амаль усё.
Адну драбязу, якую я не зрабіў, не ўзгадаў свядома. Калі хтосьці з тых, хто "ў тэме", прачытае мой пост, хай сам паспрабуе здагадацца і адказаць у каментарах.
P.S. Іронія лёсу: Вадзім Эдвардавіч уручае Таццяне Аляксандраўне Прэзідэнтскую ўзнагароду. А калісьці ж было наадварот!..
P.P.S. - "Лицей, я напишу тебе стихи!" - "Не надо, мне Серёжа Матин уже написал" (с) сцэна з канцэрту. Шыкоўна. Вядомасць на мяне працуе дагэтуль, і гэта ня можа не радаваць.