Часопіс "Маладосць", №8 - 2012 (жнівень)

Sep 26, 2012 12:42



Набыў я гэты нумар "Маладосці" ў Гомелі. Чыста выпадкова патрапіў у адну з трох крамаў, дзе гэты часопіс прадаецца. Адчыняю "Змест", і раптам...
Кася Глухоўская -- "Панчанка. Гісторыя чалавечай шчырасці". Добры літуратуразнаўча-псіхалагічны артыкул, напісаны маёй лепшай сяброўкай, якая ў гэтым годзе скончыла філалагічны клас Ліцэя БДУ і пачала навучацца на ФФСН на псіхолага. Знаёмы з ёй больш за два гады.
Ну як пасля гэтага можна было не набыць асобнік?!
Людміла Гуйда -- "Кантраст кахання". Вершы пра каханне, даволі нядрэнныя.
Андрэй Дзічэнка -- "Прывітайце яго, прывітайце". У Дзічэнкі ёсць уласны стыль, даволі дзіўнаваты, але прыгожы.
Настасся Нарэйка -- "Звонку і ўнутры". Вельмі гістарычныя вершы. Можна параўнаць з Рублеўскай, але Нарэйка мае ўласны стыль.
Вячаслаў Бурдыка -- "Паход у Траццякоўку". Добра паказана, што атрымліваецца, калі мастацтва спалучаецца з алкаголем. Шчыра пасмейваўся, чытаючы гэта на гомельскім вакзале.
Васіль Дэбіш -- "Даспелым яблыкам". "Не склеіць, не сабраць і не вярнуць// Вясновых дзён шчаслівыя імгненні...// Над намі хмары чорныя плывуць// І ў вокны б'е нудотны дождж асенні". Прыгожа.
Мікола Бусько -- "Шэпт стомленай затокі". Так шкада, што пра вясковую прыгажосць зараз кажуць адно пісьменнікі старэйшага пакалення...
"Непазбежнасць сіняй вышыні" (творы паэтаў Берасцейшчыны). Крануў верш Марыі Кобец:
"Што вам да кволае душы,
Душы паэткі?!
Ты хоць пішы, хоць не пішы --
Ваш погляд гэткі.
І да маіх нязбыўных сноў --
Свае развагі.
Ад вас спагады б, цёплых сноў,
Крыху б увагі!
Што вам да кволае душы,
Душы паэткі...
...Хай вяне сціпла ля шашы
Сарванай кветкай!"
Зінаіда Дудзюк -- "Нарадзіўся я ліцвінам" (п'еса ў адну дзею). Смелая думка вуснамі Станіслава Аўгуста Панятоўскага: "Радзіма цябе забудзе, Касцюшка! Яна паставіць помнікі твайму заклятаму ворагу Сувораву! Будзе славіць яго! Твой народ будзе гаварыць на мове Суворава! Чужыя гісторыкі напішуць фальшывую гісторыю нашай Радзімы, зусім не такую, як мы вяршылі. Народу не патрэбны нашы ахвяры, нашы пакутныя думкі, нашы раны і слава! Яму ўсё роўна каму падпарадкавацца. Вось што балюча..."
Алёна Беланожка -- "Чамадан з кракадзілавай скуры". Спампаваў поўную версію аповесці, прачытаю як-небудзь.
Ян Радван -- "Радзівіліяда". Пераклад з лацінскай, які змяшчаўся ў нумарах за мінулы і цяперашні год. Трэба будзе пашукаць поўную версію.
Ігар Гетман -- "Пачатак вяртання". Пра літаратузнаўца Улідзіміра Калесніка. Маштабная у нас усё ж літаратура, калі ня ўсіх слынных даследчыкаў ведаюць у сталіцы!..
Аляксей Каўко -- "Успамін пра Коласа". Невялічкае эсэ чалавека, які ў 1947 годзе жывога Леніна Коласа бачыў.
Аляксандр Іваноў -- "Шчымлівае, таму што роднае". Трэба набыць гэтую кніжку Анатоля Крэйдзіча. Божа, ну чаму ж наш дзяржаўны Саюз Пісьменнікаў піярыцца ня ўмее, а ўсялякія Бахарэвічы і Глобусы -- то калі ласка?! (нічым не хачу пакрыўдзіць гэтых празаікаў, але, але..)
Уладзімір Дамашэвіч -- "Дзённікавыя нататкі". Цікава даведацца пра тое, "чым дыхалі" рэдактары часопісаў у перабудову.
З дзённікаў Еўдакіі Лось. Божа... нам хаця б траціну працаздольнасці пасляваеенных беларусаў -- даўно б абагналі ўсе краіны свету! Проста неверагодна гэта зараз чытаць...
Аналогіі (гутарка з астрапсіхолагам Аляксеем Селянінавым). Рубрыка проста шыкоўная: журналіст і псіхолаг разважаюць пра адвечныя пытанні. У гэты раз на парадку дня стаяла тэма пра талент і геніяльнасць.
Людміла Дучыц -- "Папярэднікі". Цікавае эсэ пра гісторыю беларускай археалагічнай навукі да 1917 году.
Мікола Кандратаў -- "Райскія ўспаміны Янкі Брыля". Добры аналіз гараскопа пісьменніка.
З даведніка "Літаратурныя мясціны Беларусі". Чарговы кавалак тытанічнай працы.

"Бярозку" неяк асобна буду потым разглядаць, добра? :)

Па слядах Леаніда Галубовіча

Previous post Next post
Up