Максім Танк, "Абвяржэнне"

Dec 03, 2012 00:30



Шыкоўны зборнік вершаў аднаго з найцікавейшых нашых класікаў.
Набыў яшчэ ў сярэдзіне верасня, але толькі зараз пачаў чытаць падрад (дагэтуль выхопліваў асобныя ўдалыя творы).
Тут вам і самаіронія:
Творчая спрэчка
-- Таварышы! Думка тут нейкая ёсць,
Ды форма, здаецца, кульгае.
-- Ну што вы, калега, паслухайце вось
Адменная рыфма якая!
-- Загана -- ў героі. Не раз я казаў...
-- Герой тут нібыта і новы,
Ды справа не ў гэтым! Пісьменнік узяў
Выпадак зусім не тыповы.
-- Не, тут неабходна падзеі развіць,
Прыдумаць другую аснову.
-- А я прапаную, сябры, скараціць
Твор гэты не менш напалову...

Гавораць усе ад імя чытача,
Рэдактара, класіка, цёшчы...
Адзін я не знаю, як верш свой пачаць,
І ўсім гэтым знаўцам зайздрошчу.
1956

А вось гэта адназначна ўпадабае спадарыня rubleuskaja.
У дождж
Дрэнна стаяць пад дажджом
Пачынаючаму паэту,
Калі кожная кропля сячэ і сячэ.

Вядомы паэт мае шалік альбо парасон,
Выдатны -- мае за што пайсці ў рэстаран,
Лаўрэат -- у такі час, напэўна, спіць дома,
А класік -- нічога не адчувае,
Бо ён -- бронзавы.
1965

"Сярэдні верш пра каханне". Ізноў самаіронія, прычым надзіва густоўная...
Сярэдні верш пра каханне
Мне здаецца,
Статыстыкі вінаваты
Ў нараджэнні такіх паняццяў.
Як "сярэдні век жыцця"
(А куды падзець несмяротных?),
"Сярэдні рабочы"
(А як быць з тым,
Што ўчыніў Рэвалюцыю?),
"Сярэдні паэт"
(Няўжо гэта нейкая
Рэальная вартасць?),
"Сярэдні закаханы"
(Быццам ён здольны
Прадоўжыць людскі род!).
Я сёння хацеў напісаць
Верш пра цябе
І прапусціць праз яго радкі
Мільёнавольтны ток маёй любові,
Ад якой перагарэлі б
Усе ізалятары ўмоўнасці,
Усе заштампаваныя рыфмы і рытмы.

Але статыстыкі перасцераглі,
Што сярэдні чытач
Такіх вершаў не любіць,
Што рэдактары
Такіх вершаў асцерагаюцца
І нават пошта не прымае,
Калі б хацеў іх паслаць
Тэлеграфам.

Так і з'явіўся яшчэ адзін верш --
Верш сярэдні пра каханне,
Які, здаецца, збіраюцца ўключыць
У школьныя падручнікі.

Даруй мне за гэта.
1979

У апошнія гады жыцця Максім Танк канчаткова схіліўся да філасофіі:
***
Адрамантавалі дарогу.
Толькі чамусьці
Засыпалі калдобіны
Не пяском, а ракушачнікам.

Раней тут было не да язды,
А цяпер і хадзіць нельга:
Чуеш, як пад нагамі
Шумяць хвалі,
Нехта з разбітых караблёў
Моліць ратунку,
І пажагнальны крык чаек.
1992

Неразлучнымі
Толькі пакінуў нам Буда
Жыццё і смерць.

Над Фуджыямай --
Драконы бліскавіц.
Цвіце сакура.

Гэта таксама Максім Танк. Год 1994. Мне, як і Бахарэвічу, падаецца, што "да гэтага ўсё і ішло"...
Скончу ж, напэўна, адзіным "школьным" вершам, што трапіў у зборнік:
Аvе Mаrіа
Звон кафедральны кліча на Аvе.
З цесных завулкаў злева і справа
Гуртам манашкі ў чорным адзенні
Цягнуцца, быццам сумныя цені.
Тут і старыя, і маладыя,
-Аvе Mаrіа...

Я не звярнуў бы і ўвагі можа,
Ка не пабачыў між іх прыгожай
Стройнай манашкі, якая мае
Не больш, хіба, як семнаццаць маяў;
Чорныя вочы, бровы густыя, -
Аvе Mаrіа!

Нат пад жалобнай вопраткай чорнай
Ты адгадаеш: стан непакорны,
Ножкі, якімі б на карнавалах
І захапляла і чаравала,
Смуглыя рукі, грудзі тугія, -
Аvе Mаrіа!

Глядзіць набожна на крыж пятровы,
А я малюся на яе бровы:
Няўжо, красуня, ты не шкадуеш,
Што хараство і жыццё марнуеш?
Як танцавалі б ножкі такія, -
Аvе Mаrіа!

Цябе атрутаю апаілі,
Ружанцам рукі табе скруцілі.
Смялей парві ты яго, не бойся!
У полі недзе шуміць калоссе…
О, як бы жалі рукі такія, -
Аvе Mаrіа!

А потым хутка прыйшло б каханне,
Страчала б з мілым свой золак ранні.
А потым стала б ты гаспадыняй
І калыхала б сваю дзяціну!
О, як кармілі б грудзі такія, -
Аvе Mаrіа!

Не знаю, можа, мая малітва
Выйграць бы мне памагла гэту бітву,
Але пазвалі яе; манашка
Пайшла за ўсімі, ўздыхнуўшы цяжка,
Пад звоны змрочныя і глухія, -
Аvе Mаrіа!
1957

І пародыямі на яго.
veragodna:
"У працэсе назірання за манашкамі я прыйшоў да высновы, што сярод іх сустракаюцца даволі прыгожыя асобы. Далей мужчынскае эга панесла маю фантазію далёка і ў цялесным напрамку: вочы-бровы-ножкі-рукі-грудзі-зноў бровы-рукі-грудзі... Але я адхіліўся. Не хадзіце, дзяўчаты, у манашкі, гэта няправільна!"
1 снежня 2012

markiz_de_kiss:
Працую ў лазні ў дзень жаночы
І сёння зазірнуць ахвочы
Ў вакенца тое, дзе манашкі -
Валлоссе чорнае ў падпашках,
Тату на целе -- купалы,
Як я хацеў (як быў малы).
Але трапляюцца кабеткі,
Нібы чароўныя німфеткі:
Два вокі, бровы, ножкі, ручкі,
А грудзі... каб вас пранцы, штучкі!
Вярнуся к ручкам і брывам,
Мілей няма, скажу я вам!
Няможна не глядзець на грудзі!
Хай мяне матухна асудзіць
За грэх зямны вуаерыскі,
Ды толькі помню я з калыскі,
Як смочкі тыя я смактаў,
Агукаў, енчыў, мармытаў...
Фантазія мяне панесла,
Хіснуўся, забурыўся з крэсла.
Ляжу я ў лазні ў дзень жаночы
Слязмі напоўніліся вочы:
З грудзьмі такімі ды з фігурай
Ідуць ў манашкі толькі дуры!
1 снежня 2012

Па слядах Леаніда Галубовіча

Previous post Next post
Up