Чаго баяцца немцы?

Sep 09, 2011 18:52



"Верзихеранг", адна з найбуйнейшых нямецкіх кампаній, якія займаюцца апытаннямі грамадскай думкі, правяла даследаванне, прысвечанае страхам немцаў. Галоўная выснова экспертаў складаецца ў тым, што традыцыйныя нямецкія страхі адышлі на задні план, саступіўшы месца новым.

Так жыхары Нямеччыны сталі нашмат менш баяцца беспрацоўя. Страх страціць працу знізіўся да 37 працэнтаў.

Даследнікі тлумачаць падобны "сенсацыйны аптымізм" поспехам антыкрызісных мер урада. Страх перад крыміналам таксама паменшыўся: толькі 28 адсоткаў баяцца апынуцца ахвярай гвалтоўнага злачынства.

Асцярогі немцаў, што іх дзеці стануць наркаманамі або алкаголікамі таксама саслаблі: пра гэта заявілі толькі 8 працэнтаў. А менш за ўсё немцы баяцца шлюбнай здрады і страты партнёра: у гэтым прызналіся ўсяго 5 адсоткаў.

Нязменна высокім застаецца страх павышэння кошту жыцця (63 адсоткі). Як і ў папярэдні год, ён апынуўся на першым месцы сярод традыцыйных шматгадовых страхаў. 70 адсоткаў рэспандэнтаў баяцца, што магчымае банкруцтва еўрапейскіх краін-даўжнікоў абыйдзецца немцам занадта дорага. Гэта стала галоўным страхам 2011 года.

Непасрэдным следствам падзей на японскай АЭС "Фукусима-1" апынулася тое, што зараз амаль кожны другі немец баіцца магчымых аварый на АЭС, прычым не толькі на тэрыторыі Германіі, але і ва ўсёй Еўропе. Акрамя таго, у параўнанні з перыядам да 2001 года, страх тэрактаў павялічыўся больш, чым удвая.

Previous post Next post
Up