ОБЩАТЬСЯ
1. (поддерживать отношения с кем-л.)
ЗНАЦЦА [А можа проста не хоча з ёю з н а ц ц а, астаўшыся ў горадзе. (Я. Колас). Мне стала сорамна перад бацькамі, што з н а ў с я з гэтай жанчынай. (І. Гурскі). Табе няма чаго з н а ц ц а з ім. (І. Чыгрынаў). Валодзька з суседзямі мала з н а ў с я. (У. Рубанаў). Хлопцы ў дзесятым рослыя, як дубы, некаторыя атрымалі пашпарты, даўно завялі прычоскі, галасуюць на выбарах, але з дзяўчатамі не з н а ю ц ц а. (І. Навуменка). I тут, успомніўшы, // Што мы некалі з н а л і с я // I сустракаліся // На розных турнірах, // Абняліся і расплакаліся з радасьці. (М. Танк). Ён [студэнт Раман Блізнюк] нейкі быў нялюдскі: людзей цураўся, ні з хлопцамі, ні з дзяўчатамі, ні з кім блізка не з н а ў с я. (Р. Сабаленка).],
ВАДЗІЦЦА [Зноў яна з Ермаковым в о д з і ц ц а. Не можа ніяк разысціся. (І. Мележ). У сяле ж і стары, і малы як у бубен бʼюць, што Алесь з гэтай літовачкай в о д з і ц ц а... (П. Броўка). Сам быў ён спакойны - ні з кім не в а д з іў с я, не тое што біцца. (З. Бядуля). [...] я з ім не в а д з і ў с я, а толькі аб палітыцы паспрачаўся. (Я. Купала). І як галандцам не сорамна в а д з і ц ц а з гэтымі кававымі генераламі і чыноўнікамі? (Я. Маўр).];
ТАВАРЫШАВАЦЬ (общаться по-дружески, дружить) [«Пэўна, і тут [у турме] ёсць людзі, што ведаюць глыбіні і далечы рэвалюцыі. Знойдзецца з кім т а в а р ы ш а в а ц ь і павучыцца». (Я. Колас). Цімка т а в а р ы ш а в а ў з усімі, аддаючы перавагу хіба што Васіну ды Жаркевічу. (У. Карпаў). Калі мы сталі т а в а р ы ш а в а ц ь, ён амаль не пісаў вершаў, за паэтам Вольным грымела слава фельетаніста Алёшы. (М. Лужанін).],
МЕЦЬ (ПАДТРЫМЛІВАЦЬ) ЗНОСІНЫ [Злачынства перад народам Петрык не зрабіў, але выявіў сябе як недысцыплінаваны партызан, які м е ў з н о с і н ы з ворагамі. (Я. Колас). І толькі ад тых таварышаў, з якімі Нонг м е ў з н о с і н ы, ён даведаўся, што пад гэтай цішынёю хаваецца шмат напружанасці, чутак, чакання і надзей. (Я. Маўр). У бліжэйшы час зьявяцца праграмные комплексы, што дазволяць чалавеку м е ц ь з н о с і н ы з кампутарам з дапамогай голасу, рухам рук, мімікай і г.д. (К. Травень). Адзін з сьведкаў, які п а д т р ы м л і в а ў з н о с і н ы з замахоўцамі (ведама ж правакатар!) заявіў, што яны з сьведкам (разам!?) мелі ўзарваць гмах Сойму ў часе паседжаньня. (“Беларуская Доля”, 1925 г.).],
МЕЦЬ КАНТАКТЫ [А ў нас загад: з народам к а н т а к т а ў н е м е ц ь, паніку не падымаць… (М. Гіль, перакл. з С. Алексіевіч). Ня толькi людзi, зь якiмi штодня м е ў к а н т а к т ы, але навет i тыя, што яго ведалi радзей, адносiлiся да яго зь вялiкай пашанай. (К. Акула).];
БАЧЫЦЦА (видеться, встречаться с кем-л.) [Сухавараў распытаўся, як здароўе панны Ядвісі, як жыве сам настаўнік, як часта б а ч ы ц ц а ён з паненкамі. (Я. Колас). Многа год яны ўжо не б а ч ы л і с я, і ён радасна чакаў гэтага спаткання. (К. Чорны).];
СТЫКАЦЦА (вступать в отношения, контакт с кем-л.; иметь дело с кем-л.) [Цімох не любіў кампаніі і стараўся меней с т ы к а ц ц а з пастухамі. (Я. Колас). Некаторыя, што с т ы к а л і с я з ім [Сашкам Стафанковічам] у службе, мелі яго за чалавека вялікага розуму і практыкі. (К. Чорны). Марына Паўлаўна знала Тацяну толькі з твару, так ніколі не с т ы к а л а с я з ёй, але ўсё роўна сустрэла яе ветла, радасна - такі ўжо быў у маладзіцы адкрыты прывабны выгляд. (М. Зарэцкі). Адылі гэта не перашкаджала ёй [Веры] заўсёды быць у дзейнай бадзёрасці і перадаваць гэту бадзёрасць усім, хто з ёю с т ы к а ў с я. (М. Зарэцкі).];
КАМПАНАВАЦЬ разг. (водить компанию с кем-л., иметь с кем-л. знакомство, дружбу, проводить с кем-л. время) [Дзед любіў Уладзіка і к а м п а н а в а ў з ім болей, чым з іншымі. (Я. Колас). Па той прычыне Юрка перастаў к а м п а н а в а ц ь са сваімі таварышамі і мусіў забаўляцца сам сабою. (Я. Колас). - А ты, значыцца, са мною к а м п а н а в а ц ь не хочаш? (К. Чорны). Але гэтыя суседзі не хацелі знацца з сірацінай і лічылі вялікай ганьбай для сябе і свайго гонару к а м п а н а в а ц ь з закіданым Калівам жыта. (Я. Колас). У самога не было і ломанага грошыка, сябры, з якімі ён к а м п а н а в а ў, не менш, як ён сам, прыслухоўваліся да свербу сваіх насоў і ўсе надзеі таксама клалі на чужую кішэню. (Я. Колас). Падчас наўмысля зневажаў іх і біўся, каб усе бачылі і ведалі, што з дзяўчатамі ён не к а м п а н у е і нічога супольнага не мае. (Я. Лёсік). З хлопцамі не к а м п а н у ю ц ь, на ігрышчы не ходзяць, вясковых вячоркаў цураюцца. (Я. Лёсік).];
БАВІЦЬ ЧАС РАЗАМ;
2. (разговаривать)
ГАВАРЫЦЬ [Казаць выражае паняцьце выказваньня ад аднае якое-небудзь асобы (першае, другое ці трэйцяе), падобна да нямецкага sagen, а г а в а р ы ц ь - узаемнае мены думкамі колькіх асобаў або агульнае здольнасьці да гэтага, падобна да нямецкага sprechen. (“Беларуская газэта”, 1943 г.). - Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку г а в а р ы ц ь будзеце. (З. Бядуля). Людзі між сабой не г а в а р ы л і, і было неяк ціха. (І. Пташнікаў).],
ГУТАРЫЦЬ [Селі два зайкі ў лясочку пад бярэзінкаю, грэюцца на сонейку і г у т а р а ц ь. (Я. Колас). Покуль мы г у т а р ы л і з Хведарам, на гадзінніку празваніла шэсць. (Ц. Гартны). Дзянісаў г у т а р ы ў з Робам і ведаў, што доўгі час ён хадзіў беспрацоўным, спазнаў гора і галечу. (М. Гамолка).],
ГАМАНІЦЬ [Г у т а р ы ц ь - значыць гаварыць спакойна, разважна (адпаведна з расейск. “беседовать”, нямецк. reden), а г а м а н і ц ь - гаварыць голасна, часам - і з адценьнем сваркі. (“Беларуская газэта”, 1943 г.). Да брата Прыходзяць сябры, Г а м о н я ц ь аб справах Да позняй пары. (А. Астрэйка). - Лужок пад борам // Ты скасіў? // - Скасіў лужок млынарскі...- // І так г а м о н я ц ь аб усім // Як след, па-гаспадарску. (П. Броўка). Было так: Рыгор, Гаўрыла і я выбраліся ў горад з дравамі; дровы прадалі, зайшлі да Янкеля выпіць чарку, сядзім, к а л я к а е м; чуем - каля другога стала г а м о н я ц ь аб уселякіх зьверах заморскіх, якіх панавозілі цяпер у гэты горад. (Ядвігін Ш.).],
БАЛАКАЦЬ разг.,
КАЛЯКАЦЬ разг.;
РАЗМАЎЛЯЦЬ;
ПАРАЗУМЯВАЦЦА (связываться, сноситься; объясняться, изъясняться) [Гэтыя мовы, па сутнасьці, былі мёртвымі, але дазвалялі п а р а з у м я в а ц ц а з усімі навакольнымі народамі. (С. Акіньчыц). На маё шчасце, не прыйшлося мне ў бліжэйшыя дні ні гаварыць з Юзяю, ні п а р а з у м я в а ц ц а з Рабэйкам. (М. Гарэцкі). І ў Корсуні і ў Балгарыі было ўжо такое духавенства, што магло лёгка п а р а з у м я в а ц ц а са славянамі. Тагачасная балгарская мова была зразумелай яшчэ для ўсіх славян. (А. Станкевіч). Выхадцы з беларускіх вёсак п а р а з у м я в а л і с я з імі на іхняй мове, маргіналізуючы сваю родную. (СМІ).];
ПЕРАМАЎЛЯЦЦА (переговариваться, обмениваться словами) [Памяшканне прыглушыла гаману, але і ў сталовай не было ціха. Усядаліся па застоллю: п е р а м а ў л я л і с я і стукалі заслонамі, бразгалі пасудаю. (Ц. Гартны). Таму і бачымся мы даволі рэдка. Больш па тэлефоне п е р а м а ў л я е м с я. (А. Вольскі). Плывем, плывем, п е р а м а ў л я е м с я ды ўсё касавурымся адзін на аднаго, каб не прапусціць якую неспадзяванку. (С. Рублеўскі). Я чула, як ён п е р а м а ў л я ў с я з шафёрам. (І. Шамякін). Смелы і, здавалася, неразважлівы ўчынак падзейнічаў на іх, таму яны нават не сталі чыніць перашкоды, калі жанчыны пачалі п е р а м а ў л я ц ц а паміж сабой на не зразумелай для іх мове. (І. Чыгрынаў). Езуп Юрканс ужо сядзеў на возе, а ззаду яго п е р а м а ў л я л і с я дактары. (П. Броўка).];
ПЕРАПІСВАЦЦА (переписываться),
ЛІСТАВАЦЦА (переписываться по почте).
Як бачым, ёсць шмат варыянтаў, каб перадаць паняцце «общаться» па-беларуску. Прычым з рознымі адценнямі, што дазваляе больш дакладна выразіць думку. Таму нашы продкі цудоўна абыходзіліся без модных цяпер словаў «камунікаваць» ці «стасавацца», ужыванне якіх, на наш погляд, перакрэслівае гэта моўнае багацце, абядняе наша маўленне.
Да прыкладу, фразу «я с ним давно не общался» на беларускую можна перакласці як «я з ім даўно не знаўся». Тым самым вы кажаце, што перасталі з гэтым чалавекам падтрымліваць сувязь, зносіны, кантактаваць (знацца - водить знакомство с кем-л., поддерживать связь, отношения с кем-л., контактировать с кем-л.). Нешта падобнае знаходзім у нашых пісьменнікаў: Ахрэм не з н а ў с я з бабай Гаўрыліхай з таго часу, як жаніўся на Марыльцы. (М. Зарэцкі). Мы з ім даўно з н а е м с я, дык от прыбег праведаць. (Я. Скрыган).
А можна: «я з ім даўно не кампанаваў», калі вы робіце акцэнт на тым, што перасталі бавіць час з гэтым чалавекам. Яшчэ варыянт: «я з ім даўно не бачыўся» (не бачыўся = не виделся, не встречался).
«он так долго ни с кем не общался» - ён так доўга ні з кім не знаўся: Хоць яе Франак ні з кім вельмі і не з н а ў с я. (В. Адамчык). - Адзін чалавек, які заслугоўвае тут пашаны - пан Рагальскі, ні з кім не з н а е ц ц а, хоць жыве ў гэтым горадзе ўжо даўно. (Я. Нёманскі).
«нельзя общаться с заразными больными» - сэнс гэтае фразы, наколькі мы разумеем, у тым, што не можна ўваходзіць у кантакт (а не падтрымліваць сувязь, зносіны, знаёмства) з такімі хворымі, таму, на наш погляд, лепш ужыць слова «стыкацца»: нельга стыкацца з заразнымі хворымі.
«Тебе приходилось общаться с обидчивыми людьми?» - Табе даводзілася стыкацца з крыўдлівымі людзьмі? У гэтым прыкладзе слова «общаться» мае значэнне «мець дачыненне» (иметь дело), таму таксама, на нашу думку, тут лепш пасуе дзеяслоў «стыкацца».
Слова «стыкацца» рэдка прачытаеш у нашых СМІ, як і наступнае слова: «перамаўляцца» - переговариваться, обмениваться словами:
общаться по телефону - перамаўляцца па тэлефоне, праз тэлефон: Таму і бачымся мы даволі рэдка. Больш па тэлефоне п е р а м а ў л я е м с я. (А. Вольскі).
общаться по Интернету - перамаўляцца праз Інтэрнэт. Перамаўляцца - гэта абменьвацца словамі не толькі ў вуснай форме, падчас размовы, але і на пісьме: У нас ужо быў сшытачак, ручка, аловак, мы ўжо такім чынам п е р а м а ў л я л і с я, бо ён нават і шэптам не мог гаварыць, нават шэпт у яго не атрымліваўся. (М. Гіль, пераклад з С. Алексіевіч). У Святланы Алексіевіч на месцы «перамаўляліся» стаіць «общались»: У нас уже была тетрадочка, ручка, карандаш, мы уже таким образом общались, потому что даже шепотом он не мог говорить, даже шепот у него не получался.
Як бачым, беларускі пісьменнік Мікола Гіль у перакладзе ўжыў дзеяслоў «перамаўляліся». Значыцца, на наш погляд, можна перамаўляцца і праз Інтэрнэт (як перапісвацца, так і гаварыць голасам, напр. праз відэасувязь). Апрача таго, на наша меркаванне, можна перамаўляцца ва ўсялякай іншай форме, у тым ліку і жэстамі.
Блізкім да «перамаўляцца» ёсць дзеяслоў «паразумявацца»:
«Глухие люди могут общаться при помощи жестов.» - Глухія людзі могуць паразумявацца з дапамогаю жэстаў. Сутнасць гэтага сказа ў тым, што глухія людзі могуць зразумець адзін аднаго, таму, на нашу думку, варта выбраць «паразумявацца».
Адпаведна, паняцце «общение» па-беларуску можна выразіць праз наступныя словы:
- зносіны;
- кантакты;
- таварыскія кантакты;
- узаемныя кантакты;
- сувязь;
- размова (размовы);
- гутарка;
- таварышаванне (дружеское общение): Ён ніколі не сварыўся на мяне. Мабыць, яму падабалася маё т а в а р ы ш а в а н н е з Алесем. (Р. Сабаленка). Да часу нашага т а в а р ы ш а в а н н я Вольны паслужыў добраахвотнікам у Чырвонай Арміі, пабыў на адказнай камсамольскай рабоце. (М. Лужанін).
- таварыства («таварыства» у тым ліку абазначае таварыскія адносіны, таварыскасць, блізкасць, заснаваную на такіх адносінах: Я досыць скора і моцна прывязваюся да людзей, але сапраўднага т а в а р ы с т в а не ведаю. (У. Жылка). А Хвядосу не да гуляў, не да т а в а р ы с т в а. Няма ахвоты з сябрукамі ісці ў размовы. (Л. Калюга));
- прабыванне ў таварыстве (каго);
- падтрымліванне кантактаў (адносінаў);
- перамаўленне (обмен словами): Калі абое ўселіся, Павал тым жа тонам прамовіў: // - Ты мне вось тут сядзіш з тваімі дзецьмі... // - Кінь, непрытомны, - не стрымалася Паруля. // І на гэтым п е р а м а ў л е н н і гутарка між імі абмежавалася. (Ц. Гартны). А пакуль п е р а м а ў л е н н е было звычным, нібыта гаворкай - з некім, a i з самім сабой. (А. Сямёнава).
- кантактаванне: Пяцьдзесят чатыры гады таварышавання, веры адзін аднаму, патрэбы ў духоўным к а н т а к т а в а н н і. (Я. Скрыган).
- камунікацыя, камунікаванне.
Словы «кантактаванне», «камунікацыя», «камунікаванне», на наш погляд, выглядаюць кніжнымі.
Маем надзею, што цяпер вы ведаеце, як сказаць «общаться» па-беларуску. Калі ў вас засталіся пытанні, можаце задаць іх у каментары.