Вёска Прасці, а ў даўнія часы Прастыя Астроўкі, з 16 стагоодзя і да 1939 года належалі шляхецкаму роду Пратасевічаў герба Ястрабец, якія мелі тут
сваю сядзібу. Капліца была пабудавана, верагодна, па фундацыі Міхала Пратасевіча, харунжага навагрудскага, у 1850-я гады. Пахаванні роду знаходзіліся як у склепе ўнутры капліцы, так і ў асобных магілах побач. Тут жа былі пахаванні і рознай навакольнай шляхты. У савецкія часы капліца была знявечана і разрабавана і даведзена да напаўзруйнаванага стану. Склеп унутры быў засыпаны зямлёй, усе навакольныя пахаванні знішчаны. У 2000-я гады адраджэннем капліцы заняўся ксёндз Ігар Лашук, намаганнямі якога яна была цалкам адноўлена і цяпер з’яўляецца філіяльным касцёлам святога Станіслава Гарадзейскай парафіі.
Так змяняўся выгляд капліцы ад руінаў да адраджэння:
Падчас аднаўлення ў засыпаным склепе капліцы былі праведзены грунтоўныя раскопкі, разбураная структура склепаў была адноўлена, а знойдзеныя захаваўшыеся парэшткі Пратасевічаў былі перапахаваныя там у труне.
фатаграфіі - кс. Ігар Лашук
Таксама былі знойдзены некалькі металічных надмагільных плітаў з імёнамі пахаваных.
Габрыэля Пратасевіч 22 гадоў, пам. у 1858 г.
фатаграфія - кс. Ігар Лашук
Цітус Пратасевіч 6 гадоў, пам. у 1858 г.(?)
фатаграфія - кс. Ігар Лашук
У яму склепа ў савецкія часы былі звалены некаторыя помнікі з навакольных могілак. Падчас раскопак былі знойдзены рэшткі помніка Хрызастома Пратасевіча (1823 - 1888). Іх вырашылі ўмураваць у сцяну капліцы.
Таксама быў знойдзены помнік-калона шляхціча Залескага 1860 г. (Залескія валодалі зямлёй побач з Прасцямі), пастаўлены ягонай жонкай.
Чамусьці гэты помнік было вырашана падзяліць, ніжнюю частку гэтакжа ўмуравалі ў сцяну, а калона захоўваецца ў склепе.
Таксама на сцяне капліцы цудам захавалася і перажыла савецкія часы гранітная пліта Францішкі Пратасевіч з Пуслоўскіх (1803 - 1891), як яе называлі сучаснікі, пані харунжая, жонка фундатара капліцы Міхала Пратасевіча, пляменніца заснавальніка Косаўскага замка графа Вацлава Пуслоўскага.
фатаграфія - К. Шастоўскага.