Каплічка-надмагілле Марыі Магдалены Пратасевіч у вёсцы Астроўкі Нясвіжскага раёна.

Mar 19, 2020 15:12

Гэтая каплічка знаходзіцца проста насупраць увахода ў старую Георгіеўскую царкву, якая ў свой чарод стаіць у вёсцы Астроўкі каля дарогі, што вядзе з Нясвіжа і Гарадзеі ў вёску Мядвядка і мястэчка Мір. Царква ў Астроўках была заснавана пад тытулам Нараджэння Багародзіцы у другой палове 16 стагоддзя родам Пратасевічаў, які меў тут сваю сядзібу з 1530 года. Верагодна да заснавання царквы спрычыніўся мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі Іона Пратасевіч, які шмат бываў на наваградскай зямлі. Пасля Берасцейскай уніі храм стаў грэка-каталіцкім. Сённяшні будынак царквы пабудаваны таксама яшчэ ў уніяцкія часы (1834 г.) таксама пры фундацыі Пратасевічаў.



Надмагільная каплічка з’яўляецца прыкладам адносна добрай захаванасці падобнага гістарычнага помніка пачатку 19 стагодзя не толькі ў Нясвіжскім раёне, але і ва ўсёй Беларусі. Цалкам захаваўся яе аб’ём, дах з крыжыкам і, што вялікая рэдкасць, надмагільная металічная таблічка, ад якой вандаламі былі адарваныя толькі невялікія кавалачкі.



Тут была пахавана Марыя Магдалена Пратасевіч, жонка Францішка Пратасевіча, які ў апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай займаў пасаду навагрудскага канюшага. Яна паходзіла з іншай галіны роду Пратасевічаў. Гэты род быў такі вялікі і разгалінаваны, што ўжо ў 18 стагоддзі людзі аднаго прозвішча маглі быць такімі далёкімі сваякамі, што нават ужо маглі ўступаць у шлюб.



Партрэт Францішка Пратасевіча невядомага мастака кан. 18 ст.

Надпіс на таблічцы:



Franciszek Protasewicz Dla Żony swojey
w Tej to Swiatyni leży Cialo Wlmci Pani Maryi Magdaleny
z Protasewiczow Protasewiczowey Koniuśy…
ktora życie ukaczyła w Roku 182…
Ten pomnik z wielkim żalem ie… stanowiony
Dla naylepszey matki naykochańszey żony
Żąda wiec aby każdy na iego spóyrzenie
Zmówił dla iey trzy razy wieczne odpocznienie

Цалкам верагодна, што раней на гэтых могілках маглі быць яшчэ нейкія пахаванні Пратасевічаў. Аднак, на жаль, відавочна, што могілкі пацярпелі ў савецкі час і пахаванні тут засталіся вельмі фрагментарна. Акрамя каплічкі пані Пратасевічавай, звяртаюць на сябе ўвагу магілы мясцовага святара Канстанціна Савіча і псаломшчыка Канстанціна Ждановіча, якія служылі ў астроўскай царкве “за польскім часам”.




Капліцы-пахавальні, Праваслаўна-каталіцкія могілкі, Надмагіллі выбітных людзей

Previous post Next post
Up