“Адметны”, “адменны” а не “адрозны”

Oct 15, 2014 07:28

Для майго расава беларускага вуха слова «адрозны» гучыць фальшыва.

Глянуў у http://slounik.org/ і... быў расчараваны, бо знайшоў гэта слова ў «Слоўніку беларускай мовы» і ў слоўніку Булыкі. Думаю: «Трэба глянуць яшчэ на http://knihi.com/ , можа, гэта проста якое рэдкае дыялектная слоўца, якое пашырылася за апошні час».

І што вы думаеце? У старых аўтараў не знайшоў. Але знайшоў у Анатоля Клышкі. І ў такім кантэксце, што закачаешся:

«Сярод адметных з'яў... Напісаў і рука спынілася, бо адчуваю, што ёсць патрэба звярнуць увагу чытача і на гэтае слова адметны (г.зн. не падобны да іншых, своеасаблівы, непаўторны, характэрны), слова звычайнае, але якое ў нас забываюць і пускаюць у друк самаробную кальку-нязгрэбу - адрозны пры патрэбе перакласці расейскае отличительный.

І не бяда, калі б гэта траплялася толькі з-за спешнасці ў газеце ці з-за віны якой не вельмі адукаванай машыністкі. Што ж - памылкі пракрадваюцца, але яны не такія страшныя да тае пары, пакуль усведамляюцца як памылкі. Аднак цяпер гэты наватвор адрозны пачынае трапляцца і ў вельмі шаноўных літаратараў. Дык мне і хацелася гэтым адступленнем напомніць: шануйма адметнасць! - і вярнуцца да перапыненай размовы...»

Яшчэ адно пацвярджэнне, што гэты ваш афіцыйны стандарт дэградуе ў кірунку неафіцка-каляпалітычнага жаргону.

Але «можна» не значыць «трэба». Можна ведаць пра тое, што «адрозны» ёсць у СБМ-2012, але не ўжываць гэтага слова.

Так і рабіце.
Previous post Next post
Up