Шмат хто з вас, дзецюкі, дзеля мелкасці свайго розуму не разумее да канца ўсёй геніяльнасці доктара Яна Станкевіча. Думае, напрыклад, што, Сам займаўся толькі тым, што падбіраў слоўцы з розных дыялектаў паводле крытэрыю «як мага далей ад маскоўскай [і польскай] мовы». Вось і ўвесь ягоны сакрэт.
Ці не пацвярджаецца прынцып «абы не па-маскоўску» тым фактам, што Сам, сярод іншага, змясціў у сваім слоўніку словы быццам бы «непатрэбныя» «дзяціныя» словы? (А і праўда: нашто змяшчаць у сур’ёзным слоўніку дзяціны лепет?)
Не пацвярджаецца.
Факты сведчаць пра тое, што да таго, як перайсці з разраду жывых моў у шэрую зону, беларуская мова мела пласт дзяцінай лексікі, вядомы за малым не на ўсёй (а можа, і на ўсёй) тэрыторыі пражывання беларусаў.
Вось некаторыя прыклады. Усе гэтыя словы ёсць у Насовіча, які збіраў матэрыялы для свайго слоўніка галоўным чынам на поўначы і ўсходзе тэрыторыі пражывання беларусаў. Гэтыя ж словы можна знайсці ў Тураўскім слоўніку - ён укладаўся на аснове дыялектаў цэнтральнай часткі Беларускага Палесся. Як казаў у такіх выпадках Сам, натуральна чакаць, што і на тэрыторыі паміж гэтымі зонамі (гэта значыць у сярэдзіне этнаграфічнай Беларусі) гэтыя словы ўжываюцца (ужываліся).
ЗЮЗЯ
Слоўнік Станкевіча:
«-зі, -зі, ж., дет. - холод, ПНЗ: Нсл. 223. холодно. Шсл.; Кур. (Даль). Зюзя маленькаму хлопчыку. Ст. Зюзя на дварэ. Нсл. Уменьш. зюзька, -зькі, зьцы, ж. 1. холод, Нсл. 223. холодно. Шсл. На двор ня йдзі: зюзька. Ст. Ня йдзі на двор, на дварэ зюзька. Нсл. <...>» (с. 832).
Тураўскі слоўнік:
«ж. Холад (у размове з дзецьмі). Не йдзі босенькі, бо на дворыку зюзя. В. Малешава» (т. 2, с. 170).
ПАПА
Слоўнік Станкевіча:
«-пы, -пе, ж. (м., Шсл.), дет. - хлеб. Гсл.; Ар.; Шсл.; Нсл. 392. Лёксачка, з папаю еж малачко! Ст. Адкрой дзяцяці папы. Нсл. Уменьш. папка, -кі. Шсл.; Нсл. 393. Ня плач, на табе папкі. Ст.» (с. 832).
Тураўскі слоўнік:
«ж. Хлеб (у размове з дзецьмі). Не есі папі, не хочэш, сынок? В. Малешава. Не плач, я папу дам. Запясочча» (т. 4, с. 12).
ЖЫЖА
Слоўнік Станкевіча:
«-жы, -жы, ж. 1. дет. - огонь (вообще всё горячее, Шсл.; Ар.) Нсл. 156; Шсл.; Гсл.; ПНЗ; Ар.; Вят., Вост. (Даль). Жыжа кусь, не чапай. Нсл. Як малой ты хапала агонь, і казала з трывогаю маці: “Гэта жыжа, дзіцятка маё”. Ты сьпяшалася рукі прыняці. Жылка, 23. Уменьш. жыжка, -жкі, -жцы, дет. - огонёк. Нсл. 156. Жыжка патухла. Нсл. <...>» (c. 488).
Тураўскі слоўнік:
«ж. Агонь, апёк (у дзіцячай мове і ў размове дарослых з дзецьмі). Не лезь, бо там жыжа! Запясочча. Ой, не спечы ручкі, бо будзе жыжа. Луткі (т. 2, с. 70).
ЛЁЛЯ
Слоўнік Станкевіча:
«-лі, -лі, дет. - рубашечка. Гсл.; Нсл. 267. Ня пэцкай лёлькі, лёлі. Нсл. Уменьш. лёлька, лёлькі, лёльцы. Нсл. 267. лёлечка, -чкі, -чцы, уменьш. к лёлька. Нсл. 267. Беленькую лёлечку надзелі. Нсл.» (с. 627).
Тураўскі слоўнік:
«ж. Кашулька (дзіцячая), сарочка (жаночая). Дай лёлю наложым! Запясочча. Лёля ў селян звалі, а сорочка - у нас. Дварэц. Хоць у одной лёлі, абы по любові (прыказка). Аздамічы. Памянш. л ё л е ч к а. Наложым лёлечку тобе, Одамко. Хотамель» (т. 3, с. 28).
І такіх прыкладаў мноства.