Да 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Віткі

May 21, 2011 10:26

Чытаю ў "Нашым слове" яго біяграфію і бачу вось што:

"На беларускую мову пераклаў паэму У. Маякоўскага "Добра!" (1940, з Р. Лыньковым), "Паны Галаўлёвы" М. Салтыкова-Шчадрына (1956), кнігу В. Сухамлінскага "Блакітныя жураўлі" (1971), творы расійскіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў".

Гэта ўжо бібліяграфічныя рэдкасці. І Васіль Вітка - не ўнікальны ў гэтым, на беларускую мову перакладзена нямала твораў з розных моў, якія сёння даступны абмежавана. Шкода, што ніхто не займаецца іх перавыданнем. У першую чаргу трэба перавыдаць (пажадана - асобнай хрэстаматыяй) тыя творы, якія ўваходзяць у школьную праграму.

Пакуль што сітуацыя для нас, беларускамоўных, неспрыяльная, і мы мусім дзейнічаць як моўная меншасць, супраціўляючыся асіміляцыі. Калі тэлевізар з рускімі каналамі можна проста выкінуць на сметнік, то цяжэй супраціўляцца, калі беларускім дзецям загадваюць чытаць віліке рузке літаратуру ў школе.

Хай бы малыя беларусы чыталі яе ў перакладах на беларускую мову. Гэта зменшыла б шкоду.

P. S. Цікава было б прачытаць "Швэйка" ў перакладзе Міхася Зарэцкага. Ён, здаецца, гэту кнігу часткова пераклаў.
Previous post Next post
Up