É, é - або Просты спосаб удасканаліць правапіс/алфавіт, не прыдумляючы нічога новага

Mar 22, 2012 20:08


ЧЫТАЙ РАЗ:

Ф.М. Янкоўскі («Беларускае літаратурнае вымаўленне», Мінск 1976)

У іншых [не першых] пераднаціскных складах е, я пасля мяккіх зычных вымаўляюцца так, як е, у большай ці меншай меры набліжанае да я (ея): цеягавіты, цеяжкаваты, зеялеянаваты.

У паслянаціскных складах галосныя е, я вымаўляюцца як е, набліжанае ў большай ці меншай меры да я: восеянь, Гомеяль, кіеям, за гаеям, камеянеям, роеям, чытаеяш, ведаеяш, гуляеям, тысеяча, сінеянькі, зроблеяны, засееяны, косеяць, новаея вядро, шырокаея полея, працуеяш, мяркуея, у лесея, у садзея, наперадзея, чытаеяцея, гуляеяцея.

ЧЫТАЙ ДВА:

Язэп Лёсік («Спрашчэньне правапісу», Менск 1926)

Сам Тарашкевіч вось што гаворыць аб нашым аканьні: «Аканьне найвыразьней выступае ў складох перад самым націскам: лес, лясы. У другіх складох на месцы э можа быць гук блізкі да і або гук няясны паміж а і е - а-е: «лесавік вымаўляецца лісавік, або лясавік» («Белар. граматыка для школ», 1918 г., стар. 10). <...>

Як ведама, ён стаў абазначаць ненаціскное е ня літараю я, як гэта чуваць у жывым вымаўленьні, а літараю е бяз націску, каб задаволіць, мабыць, тых, хто сароміўся беларускага аканьня. Дзіўны сорам! <...>

Я хачу сказаць, чаму мы пішам: неба, палена, дрэва, вока, гора, сэрца, мора замест гістарычных: небо, палено, дрэво, воко, горэ, сэрцэ, морэ? Чаму ў гэтых формах дапушчана аканьне, а ў тых-жа іменьніках з мяккаю асноваю пакідаецца гістарычны канчатак е: поле, здарэньне, бацьвіньне, пытаньне, хаценьне, цярпеньне, вецьце, сьмецьце і г. д. Так гавораць? Не, так не гавораць. У жывым маўленьні і пасьля мяккіх зычных будзе аканьне, і скажуць: поля, бацьвіньня, здарэньня, сьмецьця і г. далей.


ЧЫТАЙ ТРЫ:

Ян Станкевіч («Да правапісу чужых словаў», 1956)

Гэтта будзе на месцу зацеміць пра е (па мяккіх сугуках) ненацісьненае ў мове беларускай. Яно таксама ніколі ня вымаўляецца ані ў сваіх, ані ў чужых словах. Замест яго вымаўляецца або я, прыкл. чытае, гукае, поле, няма нашае кнігі трэба вымавіць: чытая, гукая, поля, няма нашая кнігі. Вымова ў такіх хормах літары е як е, каторую можна пачуць нат у беларускіх артыстых, у беларускіх хораў і радыю, ёсьць вымова чыста штучная і сусім чужая. У граматычных хормах, як чытаеш, чытаем, чытаеце, перадапошняя літара е вымаўляецца як і, а апошняя як я (чытаіш, чытаім, чытаіця). У такіх словах, як верабей, лесавік, земляны, зн. з е ў другім складзе перад націскам, калі ў першым складзе перад націскам ёсць а (я), е вымаўляецца або як я (вярабей, лясавік, зямляны), або як і (вірабей, лісавік, зімляны), але ніколі як е. Зн., ненацісьненае правапіснае е вымаўляецца або як я, або як і, або нявыразьліва, збліжана да а. Дзеля рознае вымовы е націсьненага ад е ненацісьненага, у першым выданьню 1918 г. граматыкі Тарашкевіча е націсьненае абазначалася цераз é, а толькі е ненацісьненае абазначалася цераз е.

ШТО РАБІЦЬ?

Вéдама што: вярнуць гэту норму пісьма з 1918 года, гэта значыць, каб адрозніваць націсненае е, якое заўсёды ясна вымаўляецца, ад ненацісненага е, якое вымаўляецца то як я, то збліжана да я, то як і, ставіць націск на пісьмé над кожным націсненым е, як рэкамендаваў у пéршым выданні сваёй граматыкі Браніслаў Тарашкéвіч. Незалéжна ад таго, ці ты прыхільнік «новакласічнага», ці «афіцыйнага» правапісу, ты можаш гэта рабіць. І гэта не будзе парушэннем ніякіх нормаў: звычайна націск не ставяць, алé гэта ніколі не забаранялася.

Нават калі ты яшчэ вучышся ў пятым класе сярэдняй школы, ты можаш ставіць націск над е і атрымліваць сваé дзясяткі за дыктанты. А як настаўніца знізіць табé адзнаку - хапай яé за кудлы і рылам аб стол! І скаргу на яé дырэктару.
Previous post Next post
Up