May 11, 2012 05:39
12. Летаваць
У расейскай мове ёсьць слова "дача" у сэнсе "летнішча", куды людзі езьдзяць летаваць (адваротнае "зімаваць"). На Беларусі гэта слова ўжывалася ў паноў: "лесные дачи князя имярек". Цяпер пачынае праходзіць слова "дача" ў расейскім сэнсе. Перш за ўсё, яно супярэчыць зьместу: за памяшканьне трэба плаціць грошы, якая-ж гэта дача? Па-другое - непагоджанасьць з мэтаваю ўстаноўкаю. Слова "летнік", якое магчыма было-б скарыстаць, ужываецца ў двух значэньнях: летняя вопратка і летняя дарога (адваротнае "зімніку"). Пакінуць "дачу" неяк не выпадае. Пропозыцыя: няхай чытальнікі "Узвышша", якія паедуць сёлета "летаваць" з гораду, падумаюць пра гэта і прышлюць свае заўвагі.
Уладзімер Дубоўка
14 траўня, 1929 г. Масква.
Узвышша. 1929. № 5. С. 102-109.
Узята з хрэстаматыі "Гісторыя беларускага мовазнаўства" (1918-1941), укладальнікі С. Запрудскі, Г. Кулеш.