Nov 17, 2008 21:36
Ён мае намер трымаць яе да таго часу, пакуль яго не вызваляць. Аб гэтым ён паведаміў у лісце сваім сябрам. Ліст быў напісаны яшчэ 10 лістапада, так што галадоўка можа доўжыцца ўжо тыдзень.
Як паведаміла Хартыі’97 актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Паліна Д'якава, якой Аляксандр Баразенка даслаў ліст, апазіцыянер не напісаў проста аб тым, што аб'яўляе галадоўку. «Інакш яго ліст не прапусціла б турэмная цэнзура, і ён папросту б не дайшоў да адрасата», -- кажа дзяўчына.
У лісце Аляксандр Баразенка паведаміў літаральна наступнае: «Сёння 10.11.08 даеў, нарэшце, усе прадукты. Да самога вызвалення (!) (гэта падкрэслена - заўв. Хартыі) нічога перадаваць не трэба. Думаю, гэта ты зразумееш… І яшчэ: паколькі я пачаў тое, пра што ты ўжо павінна была здагадацца, дык на суд мне трэба прынесці 2 пакеты соку - таматнага ці агародніннага».
Крымінальную справу супраць Баразенкі ўжо перадалі ў Цэнтральны суд Менска. Яе разгляд павінен прайсці да канца гэтага года.