Працяг, пачатак артыкулу чытайце
тут .
3. Сведчанні крыніц
а) тэрыторыя ("Літва")
б) жыхарства
в) мова
г) рэлігійнасць
д) культура
4. Высновы
______________________
3. Сведчанні крыніц
а) тэрыторыя ("Літва")
Мы не будзем казаць тут аб размешчанні летапіснае Літвы да стварэння ВКЛ: болей-меней у беларускай гістарыяграфіі вызнаецца, што летапісная Літва да стварэння ВКЛ абыймала не адно сучасную ўсходнюю Летуву, але і заходнюю Беларусь. Скажам адно, што ад часу стварэння ВКЛ (1240-я гады) "Літвою" ці "Вялікім княствам Літоўскім" пачынае звацца ўся тэрыторыя ВКЛ, тэрыторыя, якая ўлучала прыкладна ўсю сучасную Беларусь ды ўсходнюю Летуву (з Вільняй, Вількамірам і Коўняй).
У 1249 г. валыняне ішлі выправаю "на Литву на Новгородок" [9]. Цікавае сведчанне не проста аб мяжы з "Літвой", але аб мяжы з "літвінамі", т.б. з літоўскім народам, ёсць у папскай буле з 1257 г. да біскупа кракаўскага: у ёй сказана, што польскае места Лукаў (прыкладна 80 км на захад ад Берасця) было размешчана "ля мяжы з літвінамі" (in confinio Letwanorum) [10]. У 1267 г., псковічы, калі ішлі ваяваць на полацкага князя Гердзеня, ішлі "на Литву" (на Полацк) [11]. У 1274-77 гг. валыняне ішлі ваяваць "на Литву" - на Слуцк і Копыль; заразом летапіс пасведчыў, што прыпяцкае Палессе па-ранейшаму належала да Вялікага княства Літоўскага ("воюя по Полесью") [12]. У 1283-1314 гг. крыжакі, ідучы "ў зямлю Літоўскую", шматкроць нападалі на Горадню [13]. У 1331 г. дарога навагародскага архібіскупа з Луцку да Чарнігава была менавана дарогаю "межи Литвы і Киева" [14]: то бок летапіс зноў пасведчыў, што прыпяцка-палескія землі з Пінскам, Туравам і Мазыром тады называліся Літвою.
На працягу 14 стагоддзя назоў "Літвы" ці "зямлі Літоўскае" шматкроць атаесамляецца з вобласцю Літоўскае мітраполіі, якая ад пачатку 14 ст. задзіночвала Наваградскае, Полацкае і Тураўскае біскупствы. Ужо першы вядомы літоўскі мітрапаліт Феафіл паўстае ў крыніцах як "мітрапаліт Літвы" (μητροπολίτης Λιτβαδων) [15]. У 1361 г. канстантынопальскі патрыярх Каліст у сваім лісце менаваў Полацкае, Тураўскае і Наваградскае біскупствы "літоўскімі" біскупствамі [16]. У 1389 г. патрыярх Антоній менаваў Полацкае, Тураўскае і Наваградскае біскупствы "зямлёй Літоўскай" [17]. Пад 1390 г. у Я. Длугаша напісана, што кароль Ягайла выправіўся ў "зямлю літвіноў", сваю "Айчыну" - пад тое ён наведвае замкі Берасце, Камянец і Горадню [18].
Цікавым прыкладам ўяўленняў крыжакоў аб размешчанні "вышняе Літвы", "уласна Літвы" ёсць пісьмовы помнік канца 14 ст. (каля 1384-1401 гг.) Littauische Wegeberichte ("Паведамленні аб літоўскіх дарогах") - геаграфічная памятка, заснаваная на разнастайным матэрыяле, атрыманым, у тым ліку, (як вынікае з ейнага тэксту) "ад старых людзей". Першая частка памяткі прысвечана Жамойці, другая ж частка прысвечана "вышняй Літве" (Ober-Littauen), у якой бальшыня дарог звязана з Вільняй, Трокамі і Горадняй, а таксама пералічаюцца, між іншым, дарогі: №62 - праз Візну (Мазовія) ў Горадню; №63 - праз Райгорад у Горадню, №79 - розныя дарогі між Трокамі і Горадняй; №84 - дарога з Салечнікаў у Ваўкавыск, праз Дубічы і Васілішкі (Васілішкі пазначаны як "двор вялікага князя"); №91 - дарога з Горадні ў Крэва, праз Востраў, Васілішкі, Ліду, Ліпнішкі, Гальшаны; №93 - дарога ў Горадню, праз Дубна, Ваўкавыск і Слонім; №94 - дарога з Візны ў Наваградак; №96 - дарога ў Ліду праз Наваградак, згадваюцца Васілішкі, Востраў; №97 - дарога з Ваўкавыска ў Наваградак, згадваецца Слонім, згадваецца дарога ў Коўню праз Семялішкі, Гальшаны; №100 - дарога з Трабаў у Наваградак, згадваюцца Крэва, Бакшты, Любча [19].
Грунтоўным геаграфічным помнікам, што выпісуе Літву, ёсць вядомы пісьмовы помнік канца 14 ст. "Имена всем градом рускым". Наконт яго паходжання існуюць розныя версіі, адна з іх прапануе, што ён паходзіць з канцылярыі літоўскага мітрапаліта Кіпрыяна і складзены між 1375 і 1381 гг. Помнік пералічае "літоўскія грады" ў спісе "рускіх" гарадоў, такім чынам, разглядаючы Літву як славянскі і хрысціянскі край; заразом ніводны горад ці мястэчка Жамойці ў гэтым спісе не далучаны да "літоўскіх гарадоў". Затое між "літоўскіх гарадоў" пералічаюцца: Вільня, Трокі, Вількамір, Коўня, Кернаў, Горадня, Наваградак, Клецк, Слуцк, Менск, Ліда, Лоск, Гальшаны, Крэва, Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Ворша, Крычаў, Барысаў, Лагойск і іншыя [20].
б) жыхарства
Як да стварэння ВКЛ, так і па яго стварэнні ў крыніцах сярод "літвіноў", "літвы" згадваюцца не адно балты, але і славяне. Сярод "літвы" згадваюцца ваяводы Хвал (1262 г.) [21] і Любім (1266 г.) [22] - асобы з яўна славянскімі імёнамі. Пад 1267 г. згадваецца баярын князя Даўмонта - Лука Літвін [23]. У М. Стрыйкоўскага, які карыстаўся літоўскімі летапісамі, пад 1316 г. спатыкаюцца імёны літвіноў: Ходзька, Іван, Алізар і Юрый [24]. Пад 1320 г. згадваецца літвін Тышкевіч, якому вялікі князь Гедымін надаў замак Бердычаў [25]. Пад 1349 г. князі Сямён Свіслацкі і Якша таксама згадваюцца як "літва" [26]. У грамаце вялікага князя Альгерда з 5 студзеня 1359 г. згадваюцца вяльможы-літвіны з атачэння Альгерда: Ленуш, Крак, Давіла і Ніхна [27].
У лістох канца 14 - пачатку 15 ст. ёсць багата імёнаў славянаў-літвіноў: Іван, Андрэй і Сямён Гальшанскія, баяры Воўчка Вялютовіч, Воўчка Тансаўтовіч, Алізар Васілевіч, Давойна Вышыгердавіч, Войнад Русіловіч, Раман Мілейкавіч, Братоша і яго сын Зіновій, Стрыгівіл Барэйкавіч, Юрый Шэліўровіч і іншыя [28]. Пры двару Ягайлы ў 1390 г. служылі літвін Барыс, літвін Мікалай, каралеўскія лоўчыя літвін Кузьма і літвін Цімуш [29]. Рускі летапіс пералічае імёны "літоўскіх" князёў, якія загінулі ў бітве на Ворскле ў 1399 г.: "А се имена убитыхъ князей Литовскихъ: князь великий Андрей Олгердовичь Полотцкий, ... князь Иванъ Дмитриевичь Киндырь, князь Андрей Дмитреевичъ, ... князь Иванъ Евлашковичъ, ... князь Левъ Кориадовичь, князь Михайло Васильевич, да братъ его князь Семенъ Васильевичь, князь Михайло Подберезский, да братъ его Александръ, князь Федоръ Патрикеевичь Рыльский, князь Андрей Дрютский, князь Монтъ Толунтовичь, князь Иванъ Юрьевичь Бельский..." [30].
У акце Гарадзельскай вуніі 1413 г. спатыкаем імёны літвіноў: Іван-Яўнута Валімунтавіч (Wolimuntowicz); Мікалай Былімін (Bylymin); Воўчка Кульва; Андрэй Дзеўкнятовіч (Dewknethowycz); Качан; Міцусь Вільчковіч (Vilczcovicz); Чупа; Вайдыла Кушаловіч (Cussolowicz); Качан Суковіч (Sukowicz); Мікалай Бойнар (Boynar); Воўчка Ракутовіч (Rocuthowicz); Войшнар Вілкалевіч (Wircolewicz) і інш. [31]. У пацвярджальнай грамаце вялікага князя Вітаўта з 1423 г. для віленскай катэдры згадваюцца сем'і віленскіх літвіноў-каталікоў: Львовічаў (Lwowiczy), Небутовічаў (Nebutowiczy) і Цярэнцевічаў (Terentiewiczy) [32]. Прыкладам, у літоўскім летапісе: баярын Андрэй Няміра пад 1406 г. і Міхайла Баба (з князёў друцкіх) пад 1431 г. - кожны выступае як "літвін" [33].
в) мова
А. Латышонак ухваліў выснову І. Марзалюка аб тым, што азначэнне "літоўская мова" ў ВКЛ быццам не мела аніякага дачынення да беларускай мовы, напісаўшы: "Ігар Марзалюк (...) звярнуў увагу на супрацьстаўленне ў дакументах азначэнняў "літоўская мова" і "руская мова" такім чынам, што не застаецца сумлеваў, што фармулёўка "літоўская мова" адносіцца да літоўскай мовы ў сённяшнім значэнні гэтага слова" [34]. Але, маючы наўвеце, што І. Марзалюк узяў адно некалькі вельмі позніх сведчанняў з 17-19 ст. (калі пад назовам "літоўскае" стала прасоўвацца жамойцкая мова), а ўвесь перыяд 14-16 ст. займеў улегцы, такая выснова выглядае, лагодна кажучы, сумнеўнай. Насамрэч, у 14-16 ст. (да Люблінскае вуніі і прыходу езуітаў у ВКЛ) не існуе аніводнага прыкладу "літоўскае мовы", каб гэта была летувіская мова. Усе прыклады "літоўскае" (па назове) мовы ў 14-16 ст. у крыніцах - гэта беларуская мова.
Наконта першае ў гістарычных крыніцах згадкі "літоўскае" (lithwanice) мовы з вуснаў князя Кейстута і яго войска літвіноў (Lithwani) з Трокаў, Горадні і Берасця ў 1351 г. - бальшыня навукоўцаў (А. Золтан, А. Мяжынскі, С. Роўэл, А. Брукнэр) пагаджаецца, што гэта славянская мова [35]. Проказь "rogachina roznenachy gospanany" у арыгінале гучала, барздзей за ўсё: "Рагаціна - розні нашы. Госпад з намі!" - што пацвярджаецца перакладам (Deus ad nos; cornutum; iuramentum per nos). Вялікі князь Ягайла ў 1387 г. таксама пад літоўскай мовай разумеў ніякую іншую як беларускую: у сваім прывілеі з 20 лютага 1387 г. Ягайла пісаў аб старажытным звычаі "гнання ворагаў з нашае Літоўскае зямлі", які "па-народнаму" (vulgo dicitur) называўся "пагоняю" (pogonia) [36]. Першы віленскі біскуп Андрэй Васіла (памёр у 1398 г.) у сваім лацінскім тэстаменце пакінуў беларускія назовы даравізнаў, такія як "лысы срэбеч" (lyssy szrzebyecz), ды запісаў што так яны называюцца ў "простанароднай" (vulgariter) мове віленчукоў [37].
Каталіцкі місыянер Ян Еранім Пражскі (спавядальнік караля Валадыслава-Ягайлы), які пасля 1394 г. наведаў Літву з мэтай наварачэння літвіноў з простага народу на каталіцтва, у сваёй лічбе залучаў літвіноў да славянскіх народаў, бо яны гутарылі славянскаю моваю. Сам Ян Еранім казаў да літвіноў у славянскай мове [38]. Звесткамі Яна Ераніма карыстаўся Энэй Сыльвій (ад 1458 г. папеж рымскі Пій ІІ), для сваёй "Maximi Historia Rerum", выдадзенай у 1430-х гг. - у ёй Сыльвій перамовіў звесткі Ераніма аб літве як аб славянскім народзе: "Літва месціцца на ўсход ад Польшчы. (...) Мова народу - славянская" ("Lituania et ipsa late patents regio Polonis ad orlentem connexa est... Sermo gentis Sclavonicus est") [39].
Перакладных грамат, у якіх самі літвіны, князі, баяры дый простыя людзі падаюць словы і проказі беларускай мовы ды адзначаюць што гэта "простыя", "простанародныя", "гутарковыя" словы літоўскай мовы - вельмі шмат. У граматах караля Ягайлы спатыкаем транслітараваныя лацінскімі літарамі словы "бары", "гаі", "дзецкія", "сем'і", "лукно шасціпяднае" і інш.; прытым адзначана, што гэта простанародныя (vulgariter) словы мовы літвіноў ("ministerialibus vulgariter dzeckiye; familiae vulgariter siemie; stacionis poludze apellato, vulgariter lukno szescipedne"). Вялікі князь Вітаўт у сваім лісце з 1390 г. ужыў транслітараваныя лацінскімі літарамі словы "цямніцы" ды "яз" (сець у рацэ на рыбу) [40]. Пад 1406 г. літоўскія летапісы падаюць размову між вялікім князем Вітаўтам і баярынам-літвіном Андрэем, які адмаўляў Вітаўта ад некарыснага замірэння, выгукнуўшы: "Не мири, Витовте, не мири". Дзеля гэтага Вітаўт празваў гэтага баярына Нямірам, і ад яго пайшоў баярскі род Неміровічаў [41]. Як бачым, гутарка між баярынам-літвіном і вялікім князем адбывалася ў славянскай мове. У сваёй грамаце з 1423 г. для віленскай катэдры Вітаўт пісаў, што "лукно шасціпяднае" (lukno szescipedne) гэта "простанародны" (vulgariter) назоў меры мёду [42]. Яго брат Жыгімонт Кейстутавіч у 1411 г. пісаў аб меры, што "па-народнаму" завецца "пуд воску" (vulgariter dicitur pud vosku) [43]. У Я. Длугаша пад 1440 г. адзначана, што літоўскія вяльможы ў Вільні вучылі каралевіча Казімера "літоўскім звычаям і мове" (што часам падаецца як давод ведання Казімерам "летувіскае мовы"). Але ў тым жа месцы ў Длугаша гэтыя літоўскія вяльможы, што апякалі ды вучылі Казімера, пералічаны пайменна: гэта Алелька Валадзімеравіч (унук Альгерда, кіеўскі князь) і баяры Юрый Сямёнавіч і Васіль Пуцята [44].
Вялікую частку прыкладаў гутарковае мовы літвіноў - баяраў і простых людзей - 15 стагоддзя сабраў Паўла Урбан. У перакладных граматах вяльможаў чыста балцкага паходжання Кязгайлаў, Радзівілаў, Манівідаў, Гедыгольдаў і іншых (1411-1491 гг.) ужываюцца транслітараваныя словы: "устаўное лукно", "пашня", "сенажаці", "сябрычы", "дзяльніца", "кулі ліпцу", "грачыха", "конюхі", "ушаткі", "ялавіцы" і інш. Ёсць і цэлыя проказі: "на чатыры сохі", "на тры сцірты", "першароднага ажэрэбу", "подле дарогі міма касцёлу нашага" і інш. У многіх выпадках адзначана, што гэта простамоўныя, гутарковыя (vulgariter) проказі мовы літвіноў [45]. Усё гэта паказуе на тое, што аніякае іншае "літоўскае" мовы апрача беларускае ў 15 стагоддзі не існавала.
Такія еўрапейскія навукоўцы як Энэй Сыльвій (у 1430-х гадох), Гартман Шэдэль (1493 г.), Ян Коклес Норык (1511 г.), Ян Багемскі (1538 г.) ды іншыя залічалі літвіноў да славянскіх народаў, а літоўскую мову залічалі да славянскіх моў, ды раднілі літоўскую мову з польскай ды рускай, як гэта чынілі і рускія слоўнікі ды ўрадовыя дакументы 16-17 стагоддзяў [46].
г) рэлігійнасць
Ёсць багата сведчанняў, якія дазваляюць меркаваць, што ў 14 стагоддзі пад назовам "літвы" ці "літоўскага народу" выступала канфесыйная супольнасць хрысціянаў Вялікага княства Літоўскага, якая была задзіночана ў межах Літоўскае мітраполіі. Як вынікае з галоўнае крыніцы па ўстаўленні Літоўскае мітраполіі - роспісу епархіям бізантыйскага цэсара Андроніка ІІ - Літоўская мітраполія была створана ў 1300 годзе (што вызнаюць і сучасныя навукоўцы) [47]. Прытым роспіс епархій кажа аб Літве як аб дыяцэзыі (ενορια), т.б. біскупстве, яшчэ да 1300 г.: у роспісе сказана, што "τα Λιτβαδα ενορια οντα της μεγαλης 'Ρωσίας" (Літва, дыяцэзыя Вялікай Русі) была паднесена на ровень мітраполіі ў 1300 г. Заўважым, што на працягу 14 стагоддзя бізантыйскія крыніцы почасту адзначаюць, што Літва ёсць часткаю Русі (т.б. часткаю славянамоўнае праваслаўнае супольнасці). Гэтак, бізантыйскі гісторык Нікіфар Грыгара ў 1350-х гг. пісаў, што народ "Русі" падзяляецца на чатыры "русі": кіеўскую, маскоўскую, навагародскую і Літву - якая "амаль непераможная" і не плаціць даніну Ардзе [48]. Патрыярх Філафей у сваім лісце з 1371 г. казаў пра Літву як пра адну з частак Русі, нароўні з Кіевам і Масквою [49]. Патрыярх Антоній у 1389 г. таксама менаваў вобласць Літоўскае мітраполіі "зямлёй Літоўскай" і казаў аб ёй як аб частцы Русі [50].
Першы вядомы мітрапаліт Літоўскі Феафіл тройчы браў учасць у паседзінах канстантынопальскага сыноду: у 1317, 1327 і 1329 гг. У грэцкіх лістох Літоўскі мітрапаліт пісаўся "μητροπολίτης Λιτβων" ("мітрапаліт літвіноў") [51]. Паводле попісу 1330 г., падзелам майна Літоўскае мітраполіі займаўся "брат Гедымінаў" (відаць, кіеўскі князь Фёдар) [52]. Вялікі князь літоўскі Гедымін дзейна ўплываў на царкоўную палітыку суседніх ВКЛ рускіх княстваў: гэтак, у 1331 г. Гедымін (а разам з ім "все князи литовьскыи") прапаноўваў Маскоўскаму мітрапаліту Феагносту свайго кандыдата Арсенія на пасаду біскупа ў суседнім Пскове [53].
Скразнымі сведчаннямі аб хрысціянстве вялікіх князёў Гедыміна і Альгерда ёсць вядомыя факты іхніх шлюбаў з хрысціянскімі княжнамі. Як вядома з Раўданскага рукапісу, ад 1296 г. малжонкаю Гедыміна была смаленская княжна Вольга Ўсеваладаўна, а ад 1298 г. яе пляменніца полацкая княжна Еўна Іванаўна [54]. Княжна Еўна (маці Любарта, Яўнуты і Карыята) - цалкам гістарычная асоба, яе ўзгадвае Кроніка Быхаўца [55]. Малжонкамі Альгерда, як вядома, былі віцебская княжна Марыя Яраслаўна (ад 1318 г.) і цвярская княжна Юльянія Аляксандраўна (ад 1350 г.). У 1350 г., калі Юльянія згадзілася выйсці замуж за Альгерда, мітрапаліт маскоўскі і ўсяе Русі Феагност дабраславіў іхні шлюб [56]. Вядома, што ў 1338 г. Альгерд цалаваў крыж на знак укладання дамовы з рыжскімі крыжакамі [57]. Нікіфар Грыгара, хоць менаваў Альгерда "этнархам" (т.б. прыхільнікам "народных" вераванняў), але ў пераказе Грыгары Альгерд без цяжкасцей цытуе ўрыўкі з Дзеяў Апосталаў і Паслання ап. Паўла да Рымлянаў [58]. М. Стрыйкоўскі пісаў, што ў 1573 г. на свае вочы бачыў у віцебскай бажніцы ікону з выяваю Альгерда: "Там жа, у вышнім замку ў царкоўцы бачыў я на свае вочы абраз Альгерда і ягонае малжонкі ў царкве на аўтару, у даўгіх шатах, намаляваны грэцкім звычаем" [59].
Наастатку падамо сама скразныя сведчанні аб тым, што назоў "літвіны" ў 14 ст. быў канфесыёнімам. У рускіх былінах, якія распавядаюць пра "паганую" ды "праклятую" літву (т.б. пра ВКЛ 13-14 ст.), трапляецца такое азначэнне, як "князь веры литовския" [60]. Хоць у заходніх крыніцах да назову "літвіны" амаль абавязкава дадаваліся эпітэты "няверныя", "паганскія" (infideli, paganis), але былі і выняткі. Гэтак, вугорская кроніка Яна з Кікулева 14 стагоддзя пад 1351 г. апавядае пра выправу вугорскіх войскаў "contra Lithwanos christianis et maxime regno suo Russiae" - "проці хрысціянаў-літвіноў (альбо: "літоўскіх хрысціянаў") і самаго вялізнага гаспадарства Русі" [61]. Гэта сведчанне аб тым, што "літвіны", "літва" было азначэннем апрычонае хрысціянскае канфесіі. Наўпростае сведчанне аб "літоўскім народзе" 14 стагоддзя дае ліст бізантыйскага патрыярха з 1354 г., які кажа, што літоўскі "народ" выказваў жаданне мець апрычонага мітрапаліта: "...яго[Альгерда] народ не жадае мець мітрапалітам Алексія" (Маскоўскага), а жадае "каб пасвячоны быў у мітрапаліты Раман" [62] (сваяк Альгердавае малжонкі, які насамрэч у наступным 1355 г. быў пасвячоны на літоўскага мітрапаліта).
З гэтага гледзішча становяцца цалкам зразумелымі і сведчанні пра вядомых віленскіх пакутнікаў з 1347 г., дваранаў вялікага князя літоўскага Альгерда - літвіноў Кумца, Кругляца і Няжылу. Сведчанні летапісаў пра іх - "родомъ Литвы", "Литовския ж им имена Кроуглець, Коумець, Нежило" - ведама, кажуць не пра іхняе неславянскае паходжанне, а пра іхняе рэлігійнае вызнанне да наварачэння на праваслаўе (таму ў бізантыйскіх крыніцах пакутнікі да наварачэння на праваслаўе названы літвінамі (λιτβοι), а пасля наварачэння - ужо русінамі (ρώσοι) [63]) (прыраўнайма: літоўскі летапіс кажа пра праваслаўны хрост Вітаўта ў 1384 г., што ён "русином зостал" [64]). Зразумела, таксама невыпадкова жывот кажа, што вялікакняскі пасцельнічы Кумец да свайго навяртання на праваслаўе "единславентем [т.б. літвіном] бе и вероподобен" [65]. У гэтым выразе празрыста паказана, што "літвою" называлася адгалінаванне хрысціянства - на гэта безумоўна паказуе азначэнне "единславен", якое кажа, што літвіны былі адно інаслаўнай канфесыяй для русінаў.
У чэрвені 1378 году ў Маскве адбылося здарэнне, звесткі пра якое таксама паясняюць сэнс назову "літвін". Маскоўскі князь адмовіўся прыймаць у сябе літоўскага мітрапаліта Кіпрыяна, якога (дарма што граматы Канстантынопальскага патрыярха і бізантыйскага цэсара) стражнікі князя выправадзілі з Масквы. Заразом нябожчыка Канстантынопальскага патрыярха Філафея (які за свайго часу спрыяў Літве ды дужа спрычыніўся да пастаўлення Кіпрыяна ў 1375 г.) стражнікі маскоўскага князя абражліва назвалі "літвіном", гэтаксама як і бізантыйскага цэсара. Як вынікае з собска Кіпрыянавага ліста з 23 чэрвеня 1378 г., адбывалася наступнае: "...Что же ли створиша патриаршим послом, хуляше на патриарха, и на царя, и на сбор великий! Патриарха литвином назвали, царя тако же, и всечестный сбор вселеньский" [66]. Ведама ж, найменне "літвін" у дачыненні да Канстантынопальскага патрыярха не было этнічным найменнем. Абразаю ("хуляше") было не далучэнне патрыярха Філафея да "балцкага этнасу", а закіданне яму (як і ўсяму збору) схільнасці да літоўскага хрысціянства (відаць, богумільскага ладу) - таму яго і назвалі "літвіном".
У падзеях Крэўскае вуніі (якая, відаць, паклала канец існаванню апрычонае "літоўскае" хрысціянскае дэнамінацыі ў ВКЛ) таксама можна ўбачыць, што мела месца насамрэч не хрышчэнне "язычнікаў" у каталіцтве, а перавод аднае хрысціянскае дэнамінацыі пад уладу іншае. Граматы караля Ягайлы ў лютым 1387 г. загадвалі перайсці на каталіцтва "omnes nacione Lithvanos" ("усім з паходжання літвіном"). Але што азначала ў гэтым выпадку "nacione Lithvanos", "літоўская нацыя"? З звестак аб літоўскім народзе канца 14 ст., з звестак аб асаблівасцях рэлігійнае рэформы 1387 г., нарэшце, з геаграфічных асаблівасцей увязання каталіцтва ў ВКЛ у 1380-х - 1390-х гадох вынікае, што гэтая "nacione Lithvanos" не магла быць "этнічным балцкім народам язычнікаў", а пад ёю разумелася апрычоная літоўская хрысціянская дэнамінацыя. На гэта першым займеў бачанне В. Пануцэвіч яшчэ ў 1930-х. Вядомы беларускі лаціністы А. Жлутка фактычна падтрымаў думку В. Пануцэвіча, дадаўшы каментары да перавыдання яго артыкула [67]. Ахвотных атрымаць першаснае азнаямленне з гэтай вялікай тэмай мы адсылаем да артыкула В. Пануцэвіча, які першы ўзняў тэму богумільства ў гісторыі ВКЛ.
д) культура
Некаторыя асаблівасці літоўскае культуры ў 13-14 ст. таксама могуць выразліва казаць аб хрысціянстве літоўскага народу ў гэты перыяд. Шырака вядома прыхільнасць караля Ягайлы да праваслаўна-бізантыйскага малярства [68]. Але такія ж праваслаўна-бізантыйскія фрэскі былі знойдзены і ў Троцкім замку, які ад пачатку 14 ст. быў сядзібаю вялікіх князёў літоўскіх. У княжай вежы Крэўскага замку, заснаванага ў канцу 13 - пачатку 14 ст., таксама былі бізантыйскія фрэскі [69].
Лаўрышаўскі манастыр ля Наваградку, заснаваны вялікім князем Войшалкам, паводле літоўскіх летапісаў, граў значную ролю ў палітычным жыцці ВКЛ ў другой палове 13 стагоддзя - у ім памёр наступны па Войшалку вялікі князь літоўскі [70]; у гэтым манастыру абракаўся сын вялікага князя Тройдзеня (1270-1282) Лаўрыш-Рымунд, які правёў сойм, на якім вялікім князем абралі Віценя (1294-1315) [71].
Паводле К. Нясецкага, за яго часоў у каронным архіве захоўвалася пячатка вялікага князя Гедыміна з выяваю ангела [72]. Гэтыя ж звесткі пацвярджаў М. Карамзін [73]. Вядомы таксама пячаткі князёў Альгерда і Кейстута з выявамі крыжоў і кірылічнымі надпісамі [74]. Першыя літоўскія манеты, вядомыя ад 1360-х гг., таксама месцілі кірылічныя надпісы, а таксама выяву гербу "Пагоня" з дваістым крыжом [75].
Вяртаючыся да сэнсу назову "літоўскі" ў 14-15 стагоддзях, мы, апрача мовы, можам падаць яшчэ некаторыя прыклады. Гэтак, у 15 стагоддзі існаваў панятак "Літоўскае права" ("правом Литовским мает быти сужон"), пад якім разумеліся зборы беларускамоўных праўных дакументаў [76]. Як вядома, "літоўскае права" далей развілася ў Літоўскія Статуты. Азначэнне "літоўскі вайсковы звычай" таксама не мела нічога агульнага з "этнічнай балцкасцю": гэтак, у 1432 г. вайсковы звычай князя Івана Бабы з Друцку (усходнія землі Вялікага княства) быў вядомы ў Масковіі як "літоўскі" ("изрядивъ свой полк с копьи по литовски") [77].
4. Высновы
Ужо прыточаныя намі нямногія сведчанні з гісторыі Літвы 14 стагоддзя паказуюць, што так менаваная "балцкая канцэпцыя" стварэння і ранняга перыяду ВКЛ не мае анічога агульнага з сапраўднасцю і ёсць штучнаю пабудоваю рамантычна-шавіністычнае польскае гістарыяграфіі 19 стагоддзя. Як сведчаць пададзеныя звесткі гістарычных крыніц, "літоўскі народ" 14 стагоддзя аніяк не выступае як "этнічны балцкі язычніцкі народ", а барздзей выступае як канфесыйная супольнасць жыхароў вобласці Літоўскае мітраполіі - апрычонае царкоўнае адзінкі Вялікага княства Літоўскага, якая пашыралася на ўсе землі ўласна ВКЛ (апрача Жамойці і ўкраінскіх зямель) - то бок на Наваградак, Горадню, Вільню, Коўню, Вількамір, Полацк, Друцк, Мазыр, Тураў, Пінск.
Аляксей Дайлідаў. 22.11.21011
Крыніца і Бібліяграфічныя спасылкі >
thepointjournal.com ©Czesław List
Назад →
Беларусь