Карта Вялікага Княства Літоўскага, складзеная ў 1562 г. Вацлавам Градэцкім.
Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Палітычная і эканамічная гісторыя беларуска-літоўскай дзяржавы ў ХІІІ - першай палове XVII стагоддзяў
Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Палітычнае становішча ВКЛ да сярэдзіны XVI ст.
Да пачатку XIII ст. тэрыторыя сучаснай Беларусі была падзелена на шматлікія ўдзельныя княствы - шматкі былога магутнага Полацкага і Тураўскага княстваў. Невялікія самастойныя княствы сталі лёгкай здабычай для знешніх ворагаў. У самым пачатку XIII ст. актыўнае наступленне з захаду павялі крыжакі, з поўдня неслі смерць набегі манголаў. Спакушаліся на беларускія землі польскія князі і ўладары больш магутных паўднёварускіх княстваў - асабліва Галіцка-Валынскага.
У гэтых абставінах наспела неабходнасць кансалідацыі заходнерускіх княстваў у адзіную дзяржаву. Прычын было некалькі. Па-першае, пагроза фізічнага вынішчэння раз’яднаных княстваў. Па-другое, у інтарэсах развіцця феадальнай гаспадаркі патрабавалася моцная цэнтральная ўлада, якая павінна была абараняць інтарэсы феадалаў і давала магчымасць павялічыць узровень эксплуатацыі залежнага насельніцтва.
Полацк быў паслаблены няроўнай барацьбой з крыжакамі і не здолеў выступіць цэнтрам аб’яднання, як і Тураў, які падпаў у залежнасць ад паўдневарускіх князёў (да таго, у 1240-я гг. тэрыторыя княства была разрабавана манголамі). Цэнтрам збірання беларускіх зямель стаў Наваградак. Таму было некалькі перадумоў.
Вакол Наваградка былі самыя ўрадлівыя землі, горад меў шырокія гандлёвыя сувязі як з суседнімі гарадамі, так і з замежнымі краінамі - Польшчай, Візантыяй, Прыбалтыкай, Блізкім Усходам. У горадзе існавала развітае рамяство - аснова яго - апрацоўка каляровых і каштоўных металаў, апрацоўка жалеза. Да таго Наваградская зямля была адносна небяспечнай - тут ратаваліся ад крыжакоў і манголаў бежанцы з іншых зямель, што значна павышала прадукцыйныя сілы княства. Вызначальную ролю мела суседства з літоўскімі землямі.
У 1230-я гг. у літоўцаў пачаўся працэс утварэння дзяржавы. На чале аб’яднання плямёнаў стаў князь Міндоўг. Пры гэтым ён карыстаўся падтрымкай наваградскага князя Ізяслава. Але, аб’яднаўшы літоўцаў, Міндоўг акрамя адзінай дзяржавы атрымаў шмат ворагаў і вымушаны быў пакінуць Літву. Ён накіраваўся на службу да Ізяслава ў Наваградак (сярэдзіна 1240-х гг.). Калі ў 1246 г. Ізяслаў памёр, наваградскае веча выбрала князем Міндоўга з улікам выканання апошнім некаторых умоў - прыняцця праваслаўя і далучэння да Наваградка Літвы. Гэтыя памкненні баярства супадалі з памкненнямі Міндоўга. Дзякуючы аб’яднаным сілам Наваградка і сваіх паплечнікаў у Літве Міндоў далучае землі верхняга Панямоння да Наваградка. Пачаўся працэс утварэння дзяржавы, якая вядома нам з гісторыі пад назвай Вялікае княства Літоўскае.
Узмацненне Наваградка вызвала незадавальненне галіцкіх князёў, Лівонскага ордэна, Рыгі і жамойцкіх феадалаў. Пад час 50 - 70-х гг. XIII ст. ішла жорсткая барацьба як з суседзямі, так і з унутранымі ворагамі. Першыя вялікія князі паказамі выключныя палітычныя здольнасці, каб захаваць народжаную славяна-балцкую дзяржаву.
У 1251 г. Міндоўг прымае каталіцтва, а ў 1253 г. карануецца ў Наваградку каралём Літвы (карону даслаў папа рымскі Інакенцій XIV). Але гэта не паслабіла націск крыжакоў, а напады галічан толькі ўзмацніліся. У 1258 г. адбыўся бадай самы крывавы набег на княства манголаў і галічан пад кіраўніцтвам хана Бурундая. Тым не менш, Міндоўг з поспехам супрацьстаяў набегу. 13 ліпеня 1260 г. ён разам з палачанамі нанёс цяжкае паражэнне крыжакам каля возера Дурбе, у 1261 г. адмовіўся ад каталіцтва і ў 1262 г. заключыў дамову з Аляксандрам Неўскім аб сумеснай барацьбе з рыцарамі. Улада Міндоўга ў княстве была амаль неабмежаваная, але змова жамойцкага князя Трайняты, полацкага Таўцівіла і нальшанскага Даўмонта восенню 1263 г. удалася. Міндоўг быў забіты. На ролю збірацеля зямель славянаў і балтаў стаў прэтэндаваць трэці пасля Полацка і Наваградка цэнтр - жмудскі (жамойцкі) на чале з Трайнятам (вялікі князь у 1263 - 1264 гг.).
Пад час барацьбы ў ВКЛ за лідарства, быў выгнаны Войшалк, забіты Таўцівіл (Трайнятам), потым забіты і сам Трайнята. Уладу ў княстве захапіў сын Міндоўга Войшалк (вялікі князь у 1264 - 1267 гг.). Ён актыўна пашыраў межы княства, да Наваградчыны і Літвы далучыў Дзяволту і Нальшаны, выгнаў апошняга забойцу бацькі князя Даўмонта (у Пскоў). Пры гэтым Войшалку прыходзілася лавіраваць паміж шматлікімі ворагамі. У 1267 г. ён нечакана перадае ўладу свайму швагру, галіцкаму князю Шварну Данілавічу (вялікі князь у 1267-1270 гг.). Праз некаторы час Войшалк быў забіты Львом Данілавічам, другім галіцкім князем.
Шварн не здолеў замацавацца ў Наваградку і быў выгнаны пляменнікам Міндоўга Трайдзенем (вялікі князь у 1270 - 1283 гг.). Ён здолеў кансалідаваць землі, стабілізаваць унутрыпалітычную сітуацыю, адбіць крыжацкія і руска-татарскія напады. У 1277 г. ён адбіў напады манголаў і галіцкіх князёў пад Гародняй і Слонімам, а ў 1279 г. крыжакі атрымалі ад Трайдзеня спусташальнае паражэнне пад Ашэрадам (Курляндыя). Трайдэн нават дамогся перадачы княству новага крыжацкага замка Дынабурга на Заходняй Двіне (зараз латвійскі горад Даўгаўпілс). У сярэдзіне 1270-х гг. тэўтонцы жорстка, у крыві, падавілі паўстанне племені прусаў. Трайдэн прыняў уцекачоў з Прусіі і рассяліў іх у ваколіцах Гародні і Слоніма.
Пасля смерці Трайдзеня летапісы дзесяць год не згадваюць вялікіх літоўскіх князёў. Новы перыяд узмацнення і пашырэння межаў княства, станаўлення дзяржаўнасці звязаны з князем Віценем (вялікі князь у 1293 - 1316 гг.).
Новаму князю адразу прыйшлося сутыкнуцца з сепаратысцкімі памкненнямі ўнутры дзяржавы і шматлікімі ворагамі звонку. У 1294 г. ён жорстка задушыў мяцеж жамойцкіх феадалаў, што схіляліся да саюза з крыжакамі. Скарыстаўшы супярэчнасці паміж Лівонскім ордэнам і Рыжскім арцыбіскупствам, заключыў з апошнім мірны дагавор (1298 г.). Дзякуючы падтрымцы рыжскага арцыбіскупа здолеў адбіць у тым жа годзе напад крыжакоў на Жамойцію. Паўторны напад крыжакоў у 1305 г. таксама быў з поспехам адбіты. У 1307 г. Віцень ліквідаваў пагрозу захопу крыжакамі Полацка, у выніку чаго Полацкая зямля канчаткова была далучана да ВКЛ. З мясцовым баярствам было заключана пагадненне - “ряд”, згодна якому Полацкае княства атрымала вялікія аўтаномныя правы. Складваўся федэратыўны тып дзяржавы - калі розныя яе часткі мелі розныя правы і розную ступень падпарадкавання цэнтральнай уладзе.
У выніку напружанай барацьбы з палякамі (паходы і сутычкі 1293, 1296, 1306, 1307 гг.) да дзяржавы ў 1315 г. была далучана Берасцейская зямля. Так, акрамя асноўнага дабравольна-дагаворнага шляху ўваходжання славянскіх зямель у склад дзяржавы быў яшчэ і шлях звароту зямель, захопленных ваяўнічымі суседзямі. У тым жа 1315 г. Віцень здзейсніў карны паход супраць тэўтонцаў з вялікім войскам. Гэта была помста за асаду рыцарамі Наваградка і разарэнне яго ваколіц годам раней (1314 г.). Тады дзякуючы выключным здольнасцям Давыда Гарадзенскага, які ўзначаліў абарону сталіцы, Навагрудак быў выратаваны.
Стараста гарадзенскі Давыд быў сынам выгнанага князя нальшанскага Даўмонта, які ўдзельнічаў у змове супраць Міндоўга. Тым не менш, Давыд не помсціў за бацьку, не выступіў супраць вялікакняскай улады, не ўдзельнічаў у змовах, а ў гадзіны небяспекі для краіны рашуча падтрымаў Віценя (пасля - Гедыміна) і выступаў супраць заваёўнікаў-крыжакоў. Ужо ў 1318 г. ён здзейсніў самастойны паход у Прусію на тэўтонцаў. У 1322 і 1323 гг. ён дапамог Пскову, што быў асаджаны лівонцамі. У наступным годзе - 1324 - разграміў рыцараў пад час удалага паходу на Мазовію. Давыд не ведаў ні воднага паражэння. Але пад час паходу ў нямецкую зямлю Брандэнбург (пад Берлін) у 1326 г. ён загінуў ад кінжала здрадніка - купленага крыжакамі польскага рыцара Андрэя.
Віцень пашырыў тэрыторыю княства, з поспехам адбіў напады ваяўнічых суседзяў і падавіў сепаратысцкія памкненні жамойцкіх феадалаў. Ва ўнутранай палітыцы Віцень абапіраўся на беларускія землі і беларускіх феадалаў. Віценю так сама прыпісваюць увядзенне асабістага герба “Пагоня” (сярэбраны вершнік на шчыце чырвонага колеру), які сімвалізаваў абарону дзяржавы ад заваёўнікаў (дзяржаўным герб стаў з 1384 г.). Менавіта ў гэты час склалася асноўная павіннасць феадалаў княства - пагоня - вайсковая справа па абароне дзяржавы ад нападаў.
Пры пераемніку Віценя Гедыміне (вялікі князь у 1316 - 1341 гг.) асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі не змяніліся. Гэты кіраўнік называў сябе князем літоўцаў і рускіх і працягваў палітыку збірання славянскіх зямель. Ажаніўшы сына Альгерда на Марыі, адзінай дачцэ віцебскага князя Яраслава, пасля смерці апошняга далучыў Віцебск з княствам да дзяржавы (1320 г.), але з віцебскім баярствам таксама быў заключаны дагавор, дзе ўтрымліваліся вялікія правы горада і тэрыторыі на самакіраванне. У 1320-1330-я гг. былі далучаны Мінская і Турава-Пінская землі, а так сама рэшткі Берасцейскай зямлі. Большая частка сучаснай Беларусі ўвайшла ў склад славяна-балцкай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага. Межы княства значна пашырыліся, роля Наваградчыны ў княстве знізілася, таму Гедымін у 1323 г. перанес сталіцу на новае месца - у крывіцкае пасяленне Крывы горад на Віліі, цэнтр адной з валасцей былога Полацкага княства. Новая сталіца - Вільня стала палітычным, культурным, эканамічным і рэлігійным цэтрам беларускіх зямель і захоўвала гэты статус на працягу некалькіх стагоддзяў - да пачатку XX ст.
Каб пазбавіць крыжакоў падставы для нападаў (пашырэнне хрысціянства сярод язычнікаў) Гедымін паспрабаваў ахрысціць у каталіцтва жамойтаў і літоўцаў - якія яшчэ былі пераважна язычнікамі, але гэта выклікала незадавальненне як сярод саміх паганцаў, так і сярод праваслаўнага насельніцтва княства. Таму князь пайшоў іншым шляхам. Ен усталяваў саюзніцкія адносіны з польскім каралем, мазавецкім князем, з Ноўгарадам. Сканцатраваўшы сілы, ён нанёс некалькі сакрушальных паражэнняў Тэўтонскаму ордэну і Брандэнбургу (гл. Давыда Гарадзенскага). Сам Гедымін кіраваў войскам у пераможнай бітве на рацэ Акмяне (1331 г.).
Ва ўнутранай палітыке Гедымін дамагаўся адзінства дзяржавы, прасякаў любыя праявы сепаратызму з боку жамойцкіх старэйшын. На заходніх акраінах будаваў мураваныя замкі, у тым ліку ў Вільні (башня Гедыміна), Троках, Крэве, Лідзе і інш. У гарады запрашаў рамеснікаў, гандляроў і адукаваных людзей з еўрапейскіх краін. У адносінах да хрысціянскай царквы прытрымліваўся нейтралітэту. Дазваляў будаўніцтва як праваслаўных, так і каталіцкіх храмаў. Падчас росту супярэчнасцяў з Масквой (за ўплыў на Пскоў і Ноўгарад) заснаваў самастойную Літоўска-Наваградскую праваслаўную мітраполію з цэнтрам ў Навагрудку (1316 г.).
Менавіта пры Гедыміне ВКЛ сфарміравалася як феадальная манархія, дзе князь валодаў паўнатой заканадаўчай, выканаўчай, судовай, ваеннай улады. Пры гэтым дзяржаўнай мовай з’яўлялася старабеларуская, аснова прававых нормаў - так сама нормы старабеларускага права. Гедымін стаў раданачальнікам дынастыі Гедымінавічаў - правячай у ВКЛ, з яе пайшлі знакамітыя беларускія і рускія княскія роды а так сама каралеўская дынастыя ў Польшчы - Ягеллоны.
Яшчэ пры жыцці Гедымін падзяліў дзяржаву паміж сынамі, паставіўшы вялікім князем Яўнута (кіраваў у 1341-1345 гг.). Але апошні, мабыць, не вызначаўся ні ваеннымі, ні палітычнымі талентамі, да таго ж быў малодшым братам, і быў змешчаны Альгердам і Кейстутам і высланы ў Заслаўскае княства. Менавіта гэтыя браты сталі саправіцелямі ў ВКЛ. Альгерд (вялікі князь у 1345 - 1377 гг.) больш займаўся ўсходняй і паўдневай палітыкай, меў вялікі ўплыў на беларускіх землях і таму быў прызнаны галоўным з братоў, а Кейстут (забіты ў 1382 г. пляменнікам Ягайлай) - абапіраўся на Жамойцію (сталіца яго - Трокі) і займаўся барацьбой з крыжакамі.
Альгерд далучыў да ВКЛ Беларускае Падняпроў’е: 1340-я гг. Чарнігава-Северскае княства, 1358 г. - Мсціслаў, 1355 г. - Бранск з землямі, вялікі ўплыў Альгерд меў на смаленскія справы. Пры гэтым ён сутыкнуўся з інтарэсамі мангола-татарскіх ханаў. У 1362 г. на рацэ Сінія Воды адбылася бітва войска ВКЛ з татарамі, апошнія былі ў шчэнт разбітыя. Да ВКЛ былі далучаны Кіеў і Падолле (паўдневая і цэнтральная Ўкраіна). У вострай барацьбе з Польшай Альгерд адняў у апошняй Валынь. Альгерду не пашанцавала далучыць да ВКЛ Пскоў і паслабіць Маскоўскае княства. Тры паходы на Маскву (1368, 1370, 1372 гг.) скончыліся безвынікова. Больш паспяховай была барацьба супраць крыжацкай навалы. У адказ на крыжацкія напады, ў 1345-1382 гг. беларуска-літоўскае воўска зрабіла каля 30 паходаў на тэўтонцаў і каля 10 паходаў на Лівонію.
Ад двух шлюбаў - з віцебскай княжной Марыяў і Цвярской Ульянай Альгерд меў 12 сыноў і 9 дачок. Найбольш вядомымі былі Андрэй Полацкі (1325-1399), старэйшы сын ад першага шлюба з Марыяй і Ягайла (жыў да 1434 г.) - старэйшы ад другога шлюба.
Пад час княжання Альгерда тэрыторыя дзяржавы пашыралася больш чым удвая, беларускія землі складалі каля 9/10, а беларускае насельніцтва - 8/10. Менавіта гэта вызначыла пануючы стан старабеларускай мовы і культуры ў княстве, больш таго Альгерд і ўсе Альгердавічы, акрамя таго, што карысталіся беларускай мовай, былі праваслаўнага веравызнання (да 1386 г.).
Абазначыліся асноўныя шляхі далучэння славянскіх зямель да ВКЛ. Гэта:
- дабравольна-дагаварны шлях, асноўны прыклад - далучэнне Полацкага княства згодна “ряда” - дагавора 1307 г., далучаная тэрыторыя атрымлівала значныя правы на самакіраванне;
- далучэнне праз шлюб, асноўны прыклад - Віцебскае княства. Далучана да ВкЛ як пасаг Марыі Віцебскай, жонкі Альгерда ў 1320 г. Княства так сама мела значныя правы на самакіраванне згодна асобнага дагавора;
- далучэнне зямель праз адваяванне іх у іншаземных захопнікаў, прыклады - часткова Берасцейская зямля (1315 г.) і Валынь (1377 г.), адбітыя ў Польшы і Кіеў з Падоллем (1362 г.), адваяваныя ў мангола-татар;
- вядома, выкарыстоўвалі і іншыя шляхі - згодна старажытнаму вымарачнаму праву - тэрыторыі адыходзілі да вялікага князя калі не заставалася прамых нашчадкаў у яе ўладальнікаў, не грэбавалі і прамым захопам. Але асноўнымі былі першыя тры шляхі.
Такім чынам, стварэнне новай дзяржавы ў Еўропе працягвалася больш стагоддзя. Пачаўся гэты працэс у сярэдзіне XIII ст. і закончыўся ў другой палове XIV ст. Афіцыйная назва дзяржавы - Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае падкрэслівала шматнацыянальны характар дзяржавы. Значыцца быў гістарычны сэнс ў тым, каб у межах адной дзяржавы аб’ядналіся розныя па этнічнаму паходжанню, мове і рэлігійным вераванням народы. Аднак створаная Альгердам моцная праваслаўная дзяржава не была патрэбна на Ватыкану, ні Польшы, на крыжакам, ні Маскве, што сама пратэндавала на ролю збіральніцы ўсходнеславянскіх земляў. Менавіта гэтыя абставіны вырашылі далейшы лёс дзяржавы.
Крыніца Аўтар-складальнік ©Časłaŭ List
Назад →
Гiсторыя Беларусi