Вішнева (Валожынскі раён): касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі

Dec 23, 2012 19:17

Вёска Вішнева, што на Валожыншчыне, мае ўсе падставы лічыцца адным з духовых цэнтраў Беларусі - дастаткова толькі ўзгадаць імёны такіх падзьвіжнікаў беларушчыны, як Сымон Будны, Канстанцыя Буйла, Пятро Бітэль, Уладзіслаў Чарняўскі, жыцьцёвыя шляхі якіх непарыўна зьвязаныя з гэтым невялічкім паселішчам на шляху зь Менску да Гальшанаў. Больш падрабязна пра Вішнева мы пагаворым у адным з наступных артыкулаў, а гэтым разам засяродзімся на яго галоўнай славутасьці - касьцёле Найсьвяцейшай Дзевы Марыі.






Першы драўляны касьцёл збудаваны ў Вішневе яшчэ ў 1424 годзе, пра што паведамляе дата на фасадзе сучаснай мураванай сьвятыні.

Існуючы храм быў узведзены ў 1637 -41 гг. па фундацыі графа Юрыя Храптовіча, ваяводы наваградзкага.

Але аўтэнтычнае аблічча касьцёла было істотна зьмененае пазнейшымі перабудовамі: спачатку, у 1771-м, падчас перабудовы пацярпелага ад пажару храма на сродкі Адама Храптовіча да асноўнага аб'ёму былі прыбудаваныя бакавыя капліцы,

а ў 1906-м - дабудаваны нэабарокавы фасад-нартэкс зь дзьвюма вежамі, што да непазнавальнасьці зьмяніла аблічча раней бязьвежавага храма.

Крыху раней побач з касьцёлам была ўзьведзеная брама-званіца ў папулярнай у тыя часы тэхніцы бутавай муроўкі.



Адпаведна са зьмяненьнем аблічча касьцёла адбываліся зьмены і ў аздабленьні яго інтэр'еру, які складваўся на працягу 17 - 20 стст.

Перш-наперш трэба зьвярнуць увагу на каваныя дзьверы ў нартэксе, перанесеныя яшчэ са старога, драўлянага, касьцёла і датаваныя 1619 годам!

Найстаражытнейшы элемэнт аздабленьня храма - ляпны дэкор скляпеньняў, які адносіцца да часу пабудовы мураванага касьцёла, г.зн. да 1641 году.





Што тычыцца алтароў і амбона, то гэта ўжо ракайльная плястыка часоў перабудовы храма ў 1771 годзе.












У алтарнай частцы знаходзіцца ганаровая лава, якую падчас набажэнстваў займалі фундатары касцёла - графы Храптовічы, упрыгожаная іх гэрбам.

У гонар Храптовічаў таксама зробленая мэмарыяльная дошка над уваходам у адну з бакавых капліцаў (мажліва, яна выкарыстоўвалася для пахаваньня прадстаўнікоў гэтай фаміліі).




Галоўны алтар касьцёла - яркі помнік мастацтва ракако.




У адной з бакавых капліцаў знаходзяцца алтары, прысьвечаныя Маці Божай Вострабрамскай

і сьвятому Язэпу.

Капліца перакрытая купалам.

Тамсама складзенае рознае старое касьцельнае начыньне.

І нарэшце трэба зьвярнуць увагу на насьценны жывапіс, выкананы на пачатку 20 ст. слынным мастаком Фэрдынандам Рушчыцам, што жыў у суседнім зь Вішнева Багданаве. Жывапіс тым больш каштоўны, што з працаў Рушчыца ў беларускіх музэях захоўваецца толькі адзіная карціна - "Ля касьцёла" (у Нацыянальным мастацкім музэі).







Ёсьць у касьцёле і старыя абразы.

Працяг будзе...
Previous post Next post
Up