Працягваю расповед пра Вішнева! У мінулым артыкуле (
http://futureal2006.livejournal.com/6752.html) гаворка ішла пра галоўную архітэктурную славутасць Вішнева - касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. У гэты раз прапаную засяродзіцца на надзвычай прыгожых краявідах гэтага краю, а таксама ўзгадаць некаторых славутых дзеячоў, што жылі і працавалі на карысьць Бацькаўшчыны ў гэтым, нажаль, малавядомым дагэтуль паселішчы.
...У далёкім ад нас 1414 годзе гэты куточак нашай Радзімы асьвяціла Сваім з'яўленьнем сама Прачыстая Дзева Марыя, Маці Божая.
Набожны чалавек падчас малітвы ўбачыў Прасьвятую Дзеву над квітнеючым вішнёвым дрэвам і атрымаў ад Яе загад: няхай будзе ўзьведзеная на мейсцы гэтым хрысьціянская сьвятыня, бо мейсца гэтае - сьвятое. На доказ Яе словаў з-пад дрэва забіла крынічка з гаючай вадою, ад якой многія набожныя людзі атрымалі цудоўныя ацаленьні. Згодна з паданьнем, нават вялікія князі Літоўскія лічылі сваім абавязкам напіцца сьвятое ваддзіцы з вішнеўскай крынічкі. А ўжо ў нашы дні, у 2009 годзе, занядбаная за савецкім часам крыніца была адноўленая і асьвячоная пры ўдзеле каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў. Дарэчы, вада ў ёй сапраўды чысьцюткая і вельмі прыемная на смак, добра спатольвае смагу.
Адначасова ля крыніцы былі высаджаныя 250 вішнёвых саджанцаў, каб аднавіць той вішнёвы сад, у якім некалі зьявілася Заступніца роду чалавечага.
У 1424 г., да дзесяцігодзьдзя зьяўленьня Маці Божай, ля крыніцы пабудавалі драўляны касьцёл, які ў 1637 - 41 замянілі мураваным.
Але храм не заўжды заставаўся касьцёлам: у 16 стагодзьдзі ён, як і абсалютная большасьць каталіцкіх храмаў ВКЛ, быў перароблены ў кальвінскі збор. Неаднойчы ў ім прамаўляў казаньні найбольш славуты дзеяч Рэфармацыі на Беларусі - Сымон Будны, які быў міністрам (настаяцелем) збора ў недалёкім ад Вішнева Лоску.
У Вішневе і скончыўся зямны шлях гэтага славутага публіцыста і кнігадрукара. Адбылося гэта 13 студзеня 1593 году, роўна 420 гадоў таму...
Хутчэй за ўсё, магіла Буднага таксама знаходзіцца дзесьці каля сучаснага вішнеўскага касьцёла:
А побач са славутым пратэстантам, які працягнуў скарынінскую справу кнігадрукаваньня на "простай" мове, ля касьцёла пахаваны другі, ня менш заслужаны, працаўнік на глебе Беларушчыны, але ўжо каталіцкага веравызнаньня: ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, які прысьвяціў значную частку свайго жыцьця служэньню ў вішнеўскім касьцёле і ў тым жа Вішневе падрыхтаваў поўны пераклад Бібліі на беларускую мову. Да канца 80-х гадоў айцец Уладзіслаў заставаўся адзіным ксяндзом, што адпраўляў набажэнствы на беларускай мове. Таму, фактычна, Вішнева - гэта мейсца, дзе нарадзіўся беларускамоўны касьцёл.
Вішнеўскі касьцёл разьмешчаны на стромкім узвышшы над ракой Альшанкай, і краявіды адтуль адкрываюцца такія, што... лепш самому пабачыць!
Ня горш і пэйзажы з супрацьлеглага берага Альшанкі:
Гледзячы на ўсё гэтае хараство, пачынаеш разумець аўтарку неўміручых радкоў: "Люблю мой край, старонку гэту,/ Дзе я радзілася, расла..." - нашаніўскую паэтку Канстанцыю Буйла, якая напісала гэты і іншыя вершы, што ўвайшлі ў яе зборнік "Курганная кветка", паміж 1906 і 1913 гадамі тут, у Вішнева. Дарэча, аздабляў "Курганную кветку" малады Язэп Драздовіч, а рэдагаваў сам Янка Купала, між іншым, амаль зямляк Канстанцыі, - жонка песняра, Уладзіслава Станкевіч, нарадзілася ў Вішнева ў 1891 годзе, жыла тут і сябравала з Канстанцыяй Буйла. Неаднаразова бываў тут і сам Купала...
Дарэчы, Канстанцыя, хоць і пакінула Беларусь падчас першай сусьветнай вайны і ўсё астатняе жыцьцё (больш за 60 год) пражыла ў Маскве, пакінула запавет быць пахаванай на радзіме, у Вішнева. Воля паэткі была выкананая ў 1989 годзе...
А побач з Канстанцыяй Буйла на вішнеўскіх могілках пахаваны яшчэ адзін, незаслужана забыты беларускі паэт - Пятро Бітэль.
Незвычайны жыцьцёвы лёс гэтага чалавека: выпускнік Барунскай настаўніцкай сэмінарыі, удзельнік (як афіцэр Войска Польскага) польска-гэрманскай вайны 1939 года, прайшоў праз савецкі палон, пасьля вызваленьня працаваў настаўнікам на Валожыншчыне. Працягваў гэтую працу і падчас нямецкай акупацыі, пакуль у 1943 годзе ня скончыў багаслоўскія курсы ў Менску і рыхтаваўся прыняць сан праваслаўнага сьвятара. Але па падазрэньню ў супрацоўніцтве з партызанамі быў арыштаваны гітлераўцамі і вывезены зь сям'ёю на захад. Тым ня менш, з цягніка, які пацярпеў аварыю на тэрыторыі Польшчы, удалося ўцячы. Разам з Пятром Бітэлем і яго роднымі апынуліся больш за 70 беларускіх дзяцей ад 7 да 14 год, вывезеных з Гомельскай вобласьці. Дзякуючы намаганьням будучага сьвятара ўсім ім удалося вярнуцца на радзіму. Самога П. Бітэля мабілізавалі ў Савецкую Армію, дзе ён і служыў да канца вайны, пасьля чаго вярнуўся да настаўніцкай працы, але хутка быў звольнены, пазбаўлены кватэры і харчовых картак, як чалавек, "якому ня можа давяраць Савецкая ўлада". У такіх варунках П. Бітэль вырашыў зьдзейсьніць свой намер стаць праваслаўным сьвятаром і ў 1947 годзе атрымаў духоўны сан. Але сталінскія ўлады не пакінулі сьвятара ў спакоі - у 1950 годзе айцец Пётр быў арыштаваны і асуджаны да зьняволеньня ў "папраўча-працоўных лагерах строгага рэжыму". У зьняволеньні, пішучы на паперы ад мяшкоў з-пад цэменту кавалкам дроту і зялёнкай замест атраманту, сьвятар зрабіў пераклад на беларускую мову паэмаў Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш", "Конрад Валенрод", "Гражына" (арыгіналы гэтых перакладаў зараз захоўваюцца ў дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры).
Дарэчы, пераклад міцкевічаўскага "Пана Тадэвуша", зроблены айцом Пётрам, добра вядомы тым, хто глядзеў у беларускім перакладзе экранізацыю гэтай паэмы, пастаўленую Анджэем Вайдам. Для падрыхтоўкі беларускага агучваньня быў абраны менавіта пераклад Пятра Бітэля як найбольш адпаведны.
(Вішнева, царква сьвятых Касмы і Даміяна)
Пасля вызваленьня ў 1956 айцец Пётр працягваў служэньне ў цэрквах спачатку Скідзельскага раёна, пасьля - у саборы горада Петрыкава. За шчырае служэньне адзначаўся ўзнагародамі Праваслаўнай царквы. Падчас хрушчоўскіх ганеньняў на царкву рашуча адхіляў прапановы адмовіцца ад сану ў абмен на добрую працу, кватэру і інш., працягваў служэньне, нягледзячы на пагрозы фізычнай расправы.
(Вішнева, царква сьвятых Касмы і Даміяна)
Тым ня менш, у 1963 годзе па загадзе ўладаў Петрыкаўскі сабор быў зачынены, і айцец Пётр з-за адсутнасьці вакантных мейсцаў быў пазбаўлены магчымасьці выконваць абавязкі сьвятара. Ён выміушаны быў вярнуцца на Валожыншчыну, у Вішнева, дзе ўладкаваўся на працу настаўнікам беларускай і нямецкай моваў. Каб атрымаць права выкладаць, ва ўзросьце 58 гадоў завочна скончыў беларускае аддзяленьне філфака Мінскага пэдінстытута.
Падчас працы настаўнікам займаўся перакладчыцкай дзейнасьцю: пераклаў на беларускую мову ўсе буйныя творы Міцкевіча, падрыхтаваў беларускі пераклад "Боскай камэдыі" Дантэ, перакладаў з польскай, нямецкай, славацкай, украінскай, рускай. Адначасова працаваў над уласнымі творамі гісторыка-эпічнага жанру: паэмамі "Замкі і людзі" (прысьвечаная барадзьбе за ўладу ў ВКЛ паміж Кейстутам і Ягайлам пасьля сьмерці Альгерда), "Сказаньне пра Апанаса Берасьцейскага" (рэлігійна-палітычная барадзба ў Рэчы Паспалітай у першай палове 17 стагодзьдзя), "Незабыўны верасень" (удзел беларусаў у другой сусьветнай вайне на баку Польшчы), "Дзьве вайны" (жыцьцё ў Заходняй Беларусі падчас і паміж ваеннымі падзеямі 1939 і 1641-45 гг) і "Баруны" (вершаваныя ўспаміны пра Барунскую настаўніцкую сэмінарыю). На працягу 70-80-х гг. разам з Уладзімерам Караткевічам айцец Пётр зьяўляўся адным з вядучых прадстаўнікоў гістарычнай плыні ў беларускай літаратуры.
Дарэчы, айцец Пётр блізка сябраваў з ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім і дапамагаў таму ў працы над беларускім перкладам Бібліі - друкаваў перакладзеныя тэксты на сваёй машынцы, удзельнічаў у абмеркаваньнях, даваў парады...
Памёр Пятро Бітэль у 1991 годзе. Пахаваны ў Вішнева.
У наступны раз вас чакае аповед пра сядзібу графоў Храптовічаў "Адрованж", што ў ваколіцах Вішнева. Да пабачэньня!