Прыбалтыка ч. 3 - Рыга

Apr 02, 2012 00:36

Ад Рыгі засталіся двайныя пачуцці ды ўражанні. Супярэчлівасць выйшла ў асноўным з-за людзей. Склалася ўражанне, што ў Рызе нас увесь час спрабавалі падмануць. Нават калі не ўвесь час, то колькасць такіх дробных падманьчыкаў добра-такі пераўзыходзіць звычайную. Але пра гэта чытайце далей. Пойдзем усё ж па-парадку.



Спачатку турыстаў вязуць на вуліцу Альберта, забудаваную ў пачатку 20-га стагоддзя мадэрновымі будынінамі. Шмат з іх спраектаваў Міхаіл Эйзенштэйн, бацька таго самага рэжысёру.


Сто гадоў таму архітэктура мадэрну ўспрымалася даволі негатыўна, але час з чаго заўгодна зробіць цукерку.


Прыгожы Домскі сабор, закладзены першым рыжскім біскупам Буксгеўдэнам, сустрэў нас рыштаваннямі. Праз эксурсавода, што вельмі раіў наведаць невялікі арганны канцэрт за сімвалічныя 5 латаў, мы трапілі ў бітком набітую іншымі даверлівымі турыстамі залю сабора, дзе сапраўды адбыўся дваццаціхвілінны канцэрт. У полацкім Сафійскім саборы арган ня горшы, але з слухачоў не цягнуць 10 баксаў за 20 хвілін музыкі.


Але затое паглядзелі на цудоўныя вітражы.


Стары горад нямала пацярпеў падчас вайны, зараз некаторыя будынкі адбудаваны наноў. Статуя Роланда таксама не арыгінальная. На заднім плане бачым шпіль Сабору св. Пятра. Шпіль па вышыні нават большы за сам сабор. На ім зроблена панарамная пляцоўка, куды можна, добра пастаяўшы ў чарзе, падняцца на ліфце.


Побач знаходзяцца будынкі Дома Чарнагаловых ды Ратуша, але гэта ўсё сучасная рэканструкцыя разбуранага ў 1941 годзе.


Замак былых лівонцаў, а зараз прэзідэнцыя.


Шведская брама - адзіная, што захавалася ад гарадскіх брамаў. Па легендзе, прарублена купцом ва ўласным доме для таго, каб бязмытна ўвозіць тавар у горад.


Днём раней экскурсавод "парэкамендавала" мясцовы рэстаран, дзе можна было паабедаць, але грошы на абед трэба было здаваць загадзя. Настолькі скуднай ежы за 10 еўра мне яшчэ нідзе не даводзілася бачыць: бульён, нейкае несуразнае другое блюда ды вада (!). Трэба было неяк выпраўляць уражанне ды віншаваць сябрука Тэвана з Днём народзінаў. Таму мы пайшлі па вечаровым горадзе, спрабуючы знайсці больш-менш нармальнае месца з вольнымі месцамі. У выніку яно знайшлося - напаўпадвальная кавярня, што асвятлялася аднымі свечкамі. Праз нейкі час аднекуль з'явіліся дзве дзяўчыны ў нацыянальнях строях, гралі ды спявалі народныя песні. Матывы вельмі знаёмыя па нашых фальклёрных здабытках, адно толькі словы чужыя.
Гэтая кавярня добра рэабілітавала Рыгу пасля дзённых "дзівосаў".


А яшчэ нельга не сказаць, што ў Рызе ёсць Дзвіна ды масты праз яе.




Мы праехалi:
Даўгаўпілс
Вiльнюс
Талін

Больш фотак у брата:
Рига - Часть 1
Рига - Часть 2

Еўразвяз, падарожжы, Латвія, гісторыя, горад

Previous post Next post
Up