Навагрудак-"Літоўскі" любым коштам.

Oct 14, 2010 03:29


Аднойчы давялося спрачацца наконт этнічнай праналежнасці насельніцтва Навагрудка і ваколіц. Апанент, заўзята адстойваў балцкае паходжанне гэтага насельніцтва, упарта спасылаючыся на тое, што ў ваколіцах Нясвіжа па-літоўску размаўлялі ў 16 ст., а ў Навагрудку нават у 19 ст. Пры гэтым ім не разглядалася версія аб звычайным перамяшчэнні гэтага самага насельніцтва ў межах такой поліэтнічнай дзяржавы, якім было Вялікае княства Літоўскае. Каб разабрацца ў гэтым “складаным” пытанні прапаную звяртацца не да шаманства, а да археалогіі.
Пагартаўшы пару тройку прац вядомых археолагаў, можна скласці спісак пахавальных помнікаў у наваколлі Навагрудка, ахарактарызаваць іх і на аснове гэтай інфармацыі зрабіць пэўныя высновы.  
1. Батароўка (зах. ускраіна Навагрудка). 55 насыпаў. У 1972 г. К.В. Паўлава раскапала 6 насыпаў. Пахавальны абрад - трупапалажэнне ў падкурганных ямах і аснове насыпаў. Датыроўка - 12-13 стст. Належыць змешанаму славяна-балцкаму насельніцтву.

2. Брацянка. Існавала два могільнікі, у якіх было каля 150 курганоў. У другой палове 50-х гг. даследаваў А. Г. Кіркор, які быццам бы знайшоў там цэлыя касцякі коней (1 з іх нібыта быў засыпаны зямлёй нават жывым у стаячым стане), а таксама шмат зброі, сярпоў і мноства камянёў (хутчэй за ўсё гэта выдумка аўтара, бо замест публікацыі, як гэта было зроблена А. Кіркорам у выпадку з Гарадзілавам Ашмянскага павета, ён абмяжаваўся кароткай узгадкай у Живописной России» праз амаль 30 год пасля раскопак. Пры гэтым няма ніводнага малюнка ці ўзгадкі ад гэтых знаходках у вопісах музейных фондаў). У 1955 г. даследавала Ф. Д. Гурэвіч. З 4 даследаваных - 1 з трупаспаленнем, 1 - з абпаленым касцяком (няпоўнае трупаспаленне на месцы), 2 - кенатафы. У 1969 г. К.В. Паўлава раскапала 30 курганоў. Пахаванні па абраду трупаспаленне выяўлены толькі ў 8 насыпах (у 6 - трупаспаленне на месцы і ў 2 - па-за межамі могільніка). У астатніх курганах - былі выяўлены трупапалажэнні (у большасці галавой на захад ці паўднёвы захад). Могільнік датуецца 10-11 стст. Належаў дрыгавічам.






3. Воўкавічы. У 1890 г. М. П. Авенарыўсам былі даследаваны 5 насыпаў. У 2 з іх выяўлены касцякі ў грунтовых ямах.

4. Гарадзілаўка. Ф. Д. Гурэвіч даследавала 5 курганаў (па абраду трупаспаленне). Паўлава раскапала 8 курганаў - ва ўсіх прупапалажэнне. У 1 - усходняя арыенціроўка (адзіны выпадак сярод усіх могільнікаў у Навагрудскім раёне).






5. Сялец - К.В. Паўлава раскапала 5 курганоў. Трупапалажэнне на гарызонце. Датуецца 10-11 ст. Належаў дрыгавічам.
6. Курганы паміж Гарадзілаўкай і Сяльцом. Раскапаў у 1890 г. М.А. Цыбышаў. Абрад - трупаспаленне.
7. Мольнічы. У 1956 г. Ф. Д. Гурэвіч У 1973 г. К.В. Паўлава даследавала 8 курганаў. (застаўся 1 курган вышынёй 4 і дыяметрам 17 метраў). Выўлены пахаванні па абраду трупапалажэнне на мацерыке галавой на захад. Датуецца 11-12 стст. Могільнік належаў дрыгавічам. На тэрыторыі могільніка знойдзены каменны крыж.   




8. Ладзеннікі. Могільнік налічвае 21 насып. У 1956 г. Ф. Д. Гурэвіч раскапала 2 кургана. У абодвух былі пахаванні па абраду трупаспаленне. На грунце выяўлены абпаленыя драўляныя плахі дліной 1,4 м.



9. Суляцічы. У 1956 г. Ф. Д. Гурэвіч даследавала 3 кургана. У двух - трупаспаленне, а ў адным - кенатаф.  У 1971 г. Паўлава раскапала 20 насыпаў. 2/3 насыпаў мелі пахаванні ў падкуранных ямах. Могільнік датуецца к. 11 - 13 стст. Належаў мяшанаму дрыгавіцка-валынскаму насельніцтву.


10. Маруліны. Налічвалася да 500 насыпаў. У 1890 г. 3 насыпы раскапаў М.П. Авенарыўс. Ва ўсіх трох выяўлены пахаванні па абраду трупапалажэнне галавой на захад.


11. Каменка. Ва ўрочышчы “Дубнік” размяшчаецца 20 курганаў. Ва ўрочышчы Гавейшы - 90 каменных магіл (мясцовая назва - Татарскія). Ва ўрочышчы Жабін Луг - 2 камяні, адзін з якіх мае высечаны крыж.
12. Кашалёва. Захаваўся адзіночны курган вышынёй 4,5 і дыяметрам каля 20 метраў.
13. Корастава. На беразе рэчкі Чамяроўка выяўлена 9 насыпаў (4 на адным беразе і 5 на другім). У 1956 г. Ф. Д. Гурэвіч раскапала адзін курган. Выяўлена пахаванне па абраду трупапалажэнне на гарызонце. Датуецца 11-12 стст.


14. Панямонь. Захавалася 6 насыпаў.
15. Чарэшля. У 1975 г. Ф. Д. Гурэвіч адкрыла і абследавала два могільнікі, якія налічвалі разам 24 курганы.


Большую частку гэтых могільнікаў можна лакалізаваць на гэтай просценькай мапе.



Этнічны склад насельніцтва ваколіц Навагрудка Яраслаў Генрыхавіч Звяруга ахарактарызаваў наступным чынам: “Зыходзячы з асаблівасцей пахавальнага абраду курганоў ваколіц Навагрудка, можна канстатаваць, што этнічны склад насельніцтва, пакінуўшага гэтыя помнікі, быў складаны. На першым этапе (10-11 стст.) асноўную яго масу складалі дрыгавічы, драўляне і валыняне, якія перасяліліся сюды, відавочна, у другой палове 10 ст. Пазней (12-13 стст.) колькасна пераважалі валыняне. Наяўнасць на пахавальных пляцоўках і ў насыпах камянёў дазваляе меркаваць, што сюды пранікалі носьбіты культуры каменных курганоў Бужска-Нёманскага міжрэчча і, магчыма, г.зв. усходнелітоўскіх курганоў.
У сувязі з гэтым прэтэнзіі Галіцка-Валынскага княства на Навагрудак у 13 стагоддзі выглядаюць досыць цікавымі.
Паказальна, што дадзеныя археалогіі не разыходзяцца з погляд Ежы Ахманьскага, які лічыў, што мяжа паміж балтамі і славянамі ў ваколіцах Навагрудка праходзіла па Нёману і перасякала яго толькі ў ваколіцах Беліцы, дзе шмат славянскіх тапонімаў, у тым ліку ёсць і з назвай Крывічы. Пры гэтым слынны польскі даследчык акцэнтаваў увагу на тым факце, што апісваючы падзеі сярэдзіны 13 стагоддзя, летапісец паведамляў аб заснаванні Войшалкам манастыра на Нёмане, паміж Літвой і Навагрудкам...


Цікава, што гэтай працай Е. Ахманьскага некаторыя аматары гісторыі карыстаюцца, каб даказаць аўтахтоннасць літоўцаў у ваколіцах Гайны і Абольцаў, але глядзяць скрозь пальцы на фрагменты, дзе ідзе гаворка аб славянскім характары Навагрудчыны...
Такім чынам можна зрабіць выснову аб тым, што Навагрудак з 10 да 13 стст. размяшчаўся ў атачэнні славянскіх паселішчаў, якія пакінулі збольшага аднародныя па свайму характару могільнікі. Пры гэтым з 13 стагоддзя магчымы абмежаваныя перасяленні на гэту тэрыторыю балцкага насельніцтва з захаду (з’яўляецца той жа каменны могільнік ля Каменкі, на селішчах пачынаюць трапляцца балцкія рэчы 13-15 стст.) па прыкладу Панямоння ў агульным.

славяне, археалогія, балты

Previous post Next post
Up