Пяцімесячны супэрадпачынак скончыўся пачаткам новай кар'еры

Jul 18, 2014 11:49

От жа, я тут ніколі не пісаў, што ў пачатку вясны я здзейсніў сваё самае хуткае звальненне з сваёй самай паскуднай ды плюгавай працы ў жыцці, якую я нават ніколі ў CV не запішу.Звальненне было рэалізавана ці то за 12 ці то за 13 хвілін, не памятую дакладна. А потым пачаліся мае суперканікулы, якія працягнуліся амаль 5 (пяць) месяцаў, цягам якіх я сапраўды адпачыў за апошнія 7 год.
Яшчэ з пачатку адпачынку я ведаў, што ўжо ніколі зноўку не возьмуся за старую працу, а таму і вырашыў, што або канчаткова сыйду з прафесіі, або пайду ў тым накірунку ў якім трэба было пайсці яшчэ некалькі гадоў таму. Але ж лепш пазьней чым ніколі, падумаў я ў свае 32, ці колькі там мне, і вырашыў паспрабаваць.
А паспрабаваць сабе я вырашыў у галіне аўтаматызаванага тэставання праграммных сродкаў, а гэта ўжо не простае ручное тэставанне, якім я займаўся дагэтуль, а гэта ўжо паўнавартаснае праграмаванне, у сувязі з чым прыйшлося зноўку дастаць з шуфлядкі старыя падручнікі па Джаве, здзьмуць з іх пыл, і два апошнія месяцы поўнасцю прысвяціць сабе вывучанню новай дзейнасці.
Больш за ўсё мяне ўразілі вынікі: на пошукі працы я страціў меньш за тры тыдні. За гэты час у мяне абылося толькі тры інтэрв'ю, да якіх я загаддзя рыхтаваўся, з улікам таго якога кандыдата, з якімі ведамі, шукала кампанія. Пасля гэтых трох сустрэч я атрымаў две прапановы на супрацоўніцтва, у адзін дзень, з розніцай у пяць (літаральна) хвілін. Дарэчы ўсё адбылося, як я і хацеў: я маю некалькі прапаноў, і сам абіраю тую, якая мне больш падабаецца. Як вынік, я цяпер QA Аutomation Engineer. Але трэба адзначыць, што я зараз маю ўжо не senior пазіцыю, а junior. Але ж хіба гэта не паправіма?
Нехта запытаецца, чаму мяне ўразілі вынікі, то я адкажу: у мінулым годзе калі я шукаў працу, ўпершыню за апошнія шэсць год, то я не паставіўся да пошукаў дужа сур'ёзна. А ад працадаўцаў чакаў, што асабліва цяжкіх інтэрв'ю не будзе, тамушта маючы за плячыма такі досьвед, я разлічваў на тое, што самым складаным пытаннем на сумоўі, будзе пытанне пра пажаданы заробак. Пры такім маім стаўленні, эффектыўнасць пошуку новай працы імкнулася да нуля. І мінулую працу я атрымаў толькі таму, што на праэкт быў вельмі тэрмінова патрэбны чалавек. Вось так я і апынуўся на тым месцы, сярод тых людзей, сярод якіх я ўвогуле не хацеў быць. На шчасце працягвалася гэта не так шмат часу.
Previous post Next post
Up