«Эфект бумеранга», «Фэйсбук» ды лозунг «Купляйце беларускае!» - трое замежнікаў (адзін з іх на выдатнай беларускай мове) па просьбе «Заўтра тваёй краіны» шукаюць «фішкі», што адкрыюць Беларусь свету і самім беларусам.
Культуру - «на экспарт»
Беларускую культуру трэба «перавесці» на іншыя мовы! Так лічыць французскі журналіст і медыяэксперт Жан-Мары Коа.
- Упэўнены, што спрацуе «эфект бумеранга» . Пасля таго, як якасць той жа літаратуры ацэняць аматары ў свеце, пусцяць пагалоску, пачнуць раіць адзін аднаму, яна стане цікавай і беларускаму чытачу, - не сумняваецца Жан-Мары Коа.
Ён раіць перакласці на мовы свету, асабліва на ангельскую, усе выбітныя творы беларускіх пісьменнікаў. На думку фрацузскага медыяэксперта варта таксама «прычапіць» ангельскую мову да культурніцкіх праектаў і інтэрнэт-парталаў Беларусі.
«Завісаем» у інтэрнэце
Сёння найпрасцей заахвоціць людзей беларушчынай, як лічыць Жан-Мары Коа, праз сацыяльныя сеткі: там камунікаваць ніхто не саромеецца.
Сапраўды, у інтэрнэце беларусы
ахвотней камунікуюць на роднай мове. Для шмат каго гэта зручней, чым гутарыць: бо можна і ў слоўнік зазірнуць, калі не ведаеш патрэбнае слова.
Дарэчы, вось як «Вконтакте» запрашалі на свята роднай мовы студэнтаў Інстытута журналістыкі БДУ :
Улады Кітая ўвогуле заблакавалі сацыяльную сетку «Фэйсбук» і… зрабілі нацыянальную, пераўтварыўшы яе ў інструмент прасоўвання любых сваіх ідэй і нацыянальнай прапаганды. Беларусам, адзначаюць эксперты, такі радыкальны досьвед не варта пераймаць.
Гарантуем якасць!
- Трэба зрабіць нешта вельмі якаснае, адметнае, каб гэтае «made in Belarus» выклікала захапленне і павагу ў свеце, - мяркуе кіраўнік Школы журналістыкі Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Йаханэса Рау Марцін Шон-Чанішвілі. Ён, дарэчы, выдатна рамаўляе на беларускай мове.
Важна арыентавацца на тое, што можа быць цікавым той ці іншай мэтавай аўдыторыі, удакладняе Марцін Шон-Чанішвілі. Напрыклад, моладзь можа зацікавіцца файнымі фэстамі, святамі, кумірамі, якія шануюць усё роднае.
- Па сутнасці, і ў прасоўванні беларускай культуры працуюць класічныя інструменты піяру, а галоўнае правіла - ніякага прымусу! - падкрэслівае эксперт.
Спрашчаем візавы рэжым
Прадстаўнік нямецкай амбасады Урсула Крамлінгер узгадвае, як яшчэ ў дзяцінстве, Савецкі Саюз для яе быў нейкай таямнічай краінай, куды не кожны мог патрапіць.
- Вось і зараз падобная сітуацыя вакол Беларусі. Калі ў Германіі знаёмыя мяне пытаюць, дзе я працую, даводзіцца доўга распавядаць, дзе знаходзіцца Беларусь. Між тым, калі адчыніць межы, пра вашу краіну даведаецца нашмат больш людзей, - упэўнена Урсула Крамлінгер.
Будуем кавярні
Пакуль што большасць заходніх еўрапейцаў ведае пра Беларусь па сродках масавай інфармацыі.
- У вас шыкоўная прырода! Трэба толькі папрацаваць над інфраструктурай: пракласці веламаршруты, пабудаваць гатэлі, кавярні ўздоўж дарог, словам, зрабіць падарожжы па краіне зручнымі. Тады да вас прыедзе больш замежнікаў, якія потым распавядуць пра Беларусь сябрам і знаёмым. І яшчэ варта часцей ладзіць за мяжой тыдні беларускай культуры, выставы, перфомансы, - адзначае Урсула Крамлінгер.
+ Створана мапа беларускасці чынавенства краіны Ці падаюцца вам слушнымі ідэі экспертаў па "раскрутцы" Беларусі?
Першакрыніца