Orlęta. Grodno 39. Добра, але мала

Sep 10, 2022 11:16



Гісторыя падзей 17 верасня 1939 г. - тэма, якая не часта з’яўлялася ў польскім кінематографе. У часы сацыялізма пра гэта маўчалі, а пасля 1991 г. “неяк не даходзілі рукі”. Бадай, што першым маштабным фільмам, прысвечаным тым падзеям была карціна А. Вайды “Катынь”.



Фрагмент плаката фільма "Арляняты. Горадня 39"

Але і гэты выдатны фільм толькі ўскосна чапляў тэму падзей далучэння ўсходніх польскіх ваяводстваў да СССР ў верасні 1939 г. Галоўная ўвага там надавалася сталінскім злачынствам супраць польскіх вайскоўцаў увесну 1940 г., але пра баі паміж Войскам Польскам і Чырвонай Арміяй не расказвалася.



Гісторык І. Мельнікаў побач з вядомым польскім кінарэжысёрам А. Вайдай на паказе яго фільма "Катынь" у Музее Катыні ў Варшаве

Забытая абарона

Фільм Кшыштафа Лукасевіча “Арляняты. Горадня 39” прысвечаны аднаму з найбольш ключавых падзей Вераснёўскай кампаніі 1939 г., а менавіта абароне горада на Нёмане польскімі жаўнерамі і мясцовымі жыхарамі. Асаблівасцю гэтага гістарычнага сюжэта з’яўляецца тое, што Горадню тады штурмавалі часці Чырвонай Арміі, якія ў тых баях панеслі значныя страты.



Кадр з фільма "Арляняты. Горадня 39"

Пра баі за Горадню ўжо ўвосень 1939 г. актыўна пісалі ў савецкіх газетах. Страты савецкіх войскаў прымусілі задумацца над тым, што войска “першай краіны працоўных і сялян” усё ж маюць “праблемы”. У выніку кепска арганізаванай атакі супраць паўразбітых часцей Войска Польскага, падраздзяленняў паліцыі, харцэраў і мясцовых жыхароў савецкі бок страціў 19 танкаў і 3 бронеаўтамабіля. Было забіта 53 чырвонаармейца, а 161 атрымаў раненні. Тая бітва паказала, што нават невялікія, але падрыхтаваныя падраздзяленні польска войска былі ў стане эфектыўна супрацьстаяць пераўзыходзячаму ворагу. А што было б, калі б у верасні 1939 г. Другой Рэчы Паспалітай не прыйшлось б весці вайну на два фронты, а давялося б біцца толькі супраць усходняга суседу? Пытанне, як кажуць, рытарычнае.

А дзе Беларусь?

У фільме “Арляняты. Горадня 39” ёсць тое, што атрымалася добра і тое, што варта было б дапрацаваць. Калі казаць пра першае, то важным момантам карціны з’яўляецца тое, што яе аўтары не хаваюць, а наадварот падкрэсліваюць праблемы Другой Рэчы Паспалітай. Праблемы, гэта, мякка кажучы. Антысемітызм, рост нацыяналізма, жорсткая нацыянальная палітыка - усё гэта не стымулявала кансалідацыі польскага грамадства.



Кадр з фільма

І тут мы адразу выходзім на тое, што не зусім атрымалася. Аўтары фільма зрабілі стаўку на габрэйскі сюжэт. Галоўны герой - габрэйскі хлопчык. Ок, сапраўды, ў 1930-я гады асноўная частка жыхароў гарадоў і мястэчак на тэрыторыі паўночна-усходніх ваяводстваз складалі габрэі. Але спрэчка на лініі габрэі-палякі цалкам выціскае беларускі аспект з фільма. Яго, на жаль, няма ад слова “зусім”. Няма беларускай гутаркі, няма герояў беларусаў (адмоўных, ці пазітыўных), няма зачыненых беларускіх школ, ці жаўнераў Войска Польскага, этнічных беларусаў, якія былі ў абароне Горадні (пра гэта ёсць успаміны). Я, як беларускі гісторык, чакаў ад гэтага фільма (у дадзеным сэнсе) значна больш. “Крэсавыя” мястэчкі і вёскі ўзору 1930-х гадоў- гэта “кацёл нацый”, а не дзве нацыянальнасці.



Гарадзенскі мост, які абаранялі жаўнеры Войска Польскага, здымалі ў...Познані

На жаль, у фільме не бачна Горадні. Так, на агульных планах, дзесці ў куце экрана бачныя знакамітыя горадзенскія касцёлы, але гэтага мала. Канешне, зразумела, што аўтары не змаглі здымаць фільм на “аўтэнтычнай пляцоўцы”. І тут нават не столькі пытанне палітыкі. Здымачны працэс ішоў падчас кавідных абмежаванняў: зачыненых межаў, перапоўненых шпіталёў і г.д. Але Беларусь і Горадня ў такім фільме павінна быць (вуліцы, касцёлы, людзі). Дарэчы, знакаміты гарадзенскі мост, які абаранялі польскія жаўнеры ў верасні 1939 г. здымалі ў…Познані. Зразумела, што гістарычна на Горадню гэта ніяк не падобна.

Вораг, як з кепскага комікса

Да мінусаў фільма трэба аднесці паказ “варожага боку”. НКУСавец, які з камерай бегае і здымае то палонных, то падстаўленых мясцовых жыхароў выгладае, як эсэсавец з нацысцкага лагера смерці. Што тычыцца “пастановак”: падчас працы над рознымі сваімі кнігамі я аб’ездзіў амаль усю Беларусь і асабліва заходнія вобласці. Там сустракаўся з вялікай колькасцю сведкаў эпохі і большасць з іх прызнаваліся, што “чакалі савецкія танкі” і сустракалі чырвонаармейцаў з радасцю.



Здымак са здымачнай пляцоўцы "Арлянят"

І часцей за ўсё не толькі з-за савецкай прапаганды. Нехта не мог дараваць памылкі польскіх міжваенных улад, а іншыя баяліся прыхода немцаў і верылі, што войска “першай краіны працоўных і сялян” іх ратуе ад “чужой” вайны. Тое, што было потым: чатыры хвалі дэпартацый, арышты, растрэлы (Беларускі катынскі спіс) шмат каму з беларусаў вярнулі цвярозасць ў справе разумення падзей 17 верасня 1939 г. і савецкіх геапалітычных гульняў, але непасрэдна ў верасні 1939 г. шмат хто з польскіх грамадзян беларускага, габрэйскага, ці ўкраінскага паходжання чакаў на прыход людзей у будзёнаўках.



Ля познаньскага моста

Варта таксама разумець, што значная частка маладых чырвонаармейцаў, якія перайшлі савецка-польскую мяжу раніцай 17 верасня 1939 г., свята верылі, што ідуць на дапамогу беларускім і ўкраінскім працоўным і сялянам. Асабліва гэта тычыцца маладых жаўнераў Чырвонай Арміі (у тым ліку і з БССР), якім на працягу міжваеннага дваццацігоддзя распавядалі пра “паноў-кравапійцаў” і жудасныя ўмовы жыцця простых жыхароў польскіх усходніх ускраін. І гэта трэба таксама разумець у тым ліку творцам такога гістарычнага кіно, як “Арляняты”. П’яныя чырвонаармейцы - гэта яўны ідэалагічны штамп. Як зрэшты і карыкатурны “нкусавец”, які камандуе растрэлам захопленых у палон польскіх абаронцаў Горадні. Ну і гэтыя чырвоныя сцягі паўсюль (на танках, у атацы і г.д.) быццам узятыя з амерыканскіх кампутарных гульняў пачатку 2000-х, ці галівудскага фільма “Вораг у брам”. Не аўтэнтычна!



Здымак са здымачнай пляцоўцы фільма

Праўда ў тым, што жаўнеры і камандзіры РСЧА, якія штурмавалі Горадню ў верасні 1939 г., былі азлоблены на трапіўшых у палон польскіх абаронцаў у выніку чаго было здзейснена шмат самасудоў і вайсковых злачынстваў. І гэта факт бесспрэчны (пра які адзначалася нават у савецкіх дакументах). Упартасць і гераізм польскіх жаўнераў пачынаючы з лініі мяжы (абарона стражніц польскага Корпуса аховы памежжа) выклікаў у бальшавікоў злосць, але і павагу да ворага, які ў безвыходнай сітуацыі біўся да апошняга.

Працы яшчэ вельмі шмат

Вялікім плюсам фільма з’яўляецца выкарыстанне ў ім вялікай колькасці польскіх рэканструктараў. Іх “гульня” сапраўды бездакорная. А разнастайнасць мундзіраў і відаў войскаў дадае фільму “Арляняты. Горадня 39” асаблівы прыемны смак. Аўтары нават паспрабавалі зрабіць макеты савецкай вайсковай тэхнікі і ў прынцыпе ім гэта атрымалася зрабіць.



На паказ фільма я ўзяў з сабой маю кнігу "Верасень 39. Магілы "неаб'яўленай" вайны", каб выкарыстоўваць яе для тлумачэння розных аспектаў падзей 1939 г. на тэрыторыі паўночна-усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай. У кнізе, дарэчы, вялікі раздзел прысвечаны Скідзельскаму паўстанню і абароне Горадні

Падсумоўваючы, адзначу, што фільм Кшыштафа Лукасевіча атрымаўся. Але гэта толькі пачатак. Веру ў тое, што мы, беларусы і палякі дачакаемся якаснай карціны, якая будзе распавядаць пра не простыя асаблівасці жыцця нашых продкаў у міжваеннае дваццацігоддзе на тэрыторыі паўночна-усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай, а таксама пра тое, што не гледзячы на гэтыя супярэчнасці тысячы беларусаў без прымусу ў 1939 г. папоўнілі шыхты Войска Польскага і мужна, бок обок з палякамі, з першага дня Другой сусветнай біліся супраць нацыстаў. Спадзяюся, што магілы польскіх абаронцаў Горадні і тых, хто гэты горад штурмаваў паспрыяюць аб’яднанню нашых народаў. Паўплываюць на тое, што мы спынемся абвінавачваць адзін другога, а пачнем паважаць нашую не простую мінуўшчыну. Аб’яднаемся на гэтым важным падмурку, як беларуская зямля аб’яднала тых, хто сышоўся ў смяротнай бойцы ў верасні 1939-га.

Прапаную Вашай ўвазе польскі дакументальны фільм пра абарону Горадні ў верасні 1939 г. “Кроў на бруку”

image Click to view



Ігар Мельнікаў,

Доктар гісторыі

Ад’юнкт Гістарычнага інстытута

Уроцлаўскага ўніверсітэта

9-09-2022

Previous post Next post
Up