Выстава Мікалая Тарасюка

Aug 17, 2012 20:14

На гэтым тыдні хадзілі з Гануськай ў Мінскі музей сучаснага мастацтва на выставу Мікалая Тарасюка. Прыйшлі ў метро, народу - процьма. Нейкі дзядзька падыйшоў, кажа: "Хадземце, я вас пасажу". Я аднеквалася, але прайшла за ім, нейкі хлапец саступіў нам месца. Потым побач дзяўчына падскочыла, пасадзіла дзядулю нейкага. Прыемна, калі кругом ветлівасць і павага. Выйшлі ў пераход, а на двары лівень, зайшлі ў краму, купілі цукерку, а тут ужо і дождж скончыўся. Па праспекце машыны чыстыя едуць, па асфальце вада бяжыць, сонца ззяе. Такі настрой зрабіўся добры. Пайшлі спачатку Шагала глядзець. Матэрыял, з якога шчыты зробленыя, такі бялюткі, нідзе ні плямачкі. Адразу Вільнюс успомніўся, дзе толькі што ў мэра на носе, мабыць, графіці няма. А ў нас адзін з бакоў гэтай канструкцыі без малюнка, проста белы прамавугольнік. А графіці няма. Дробязь, а прыемна.

Прыйшлі ў музей. Дзівосы працягваюцца. На касе ўбачыла вельмі прыгожую паштоўку з анёлам. Думаю, дай куплю малой. Пытаюся, колькі каштуе, а касірша адказвае, што гэта яе асабістае, але раз нам спадабалася, то няхай будзе падарункам. Вось цуд! Аддзячылі яе і пайшлі працамі Тарасюка любавацца. Цікавыя ў яго за жыццём назіранні і разважанні. Ганульцы, як заўсёды, вяселлі ды дзеткі спадабаліся. Я адным разам ёй расказала, як раней дзетак у поле бралі. Мне ўсё, што з ткацтвам звязанае, прыглянулася.Паразглядалі, пайшлі ў іншую залу, а там студэнцкія работы выстаўлены - лыжкі з рознымі ручкамі. Ды такія прыгожыя, што я і рот раскрыла. Нават сфатаграфаваць забылася.

Далей крыху сучасных карцін паглядзелі ды і на выхад.

Потым схадзілі на Камароўку, накупілі смакаты, каб саміх сябе і татульку нашага парадаваць. А як дахаты па парку ішлі, дык яшчэ і коніка ўбачылі. Яны ў нас у парку пасвяцца. Вось такі ў нас сапраўды культурны і прыемны выхад у свет атрымаўся, а фатаграфіі я пад кат пакладу :).





























Музеи, Интересное, Беларускае, Аня

Previous post Next post
Up