Дэвальвацыя як сродак захавання ўлады

May 13, 2011 13:06


              Ці адбудзецца афіцыйная, то бок прапісаная на сайце Нацбанка, дэвальвацыя беларускага рубля? Не хачу быць разумнейшым і ў той жа момант дурнейшым за іншых, таму адкажу наступным чынам: “Мусіць адбыцца”. Гэта не асцярожнасць, гэта даніна стылю. Што да тэрміну, то буду яшчэ больш хітрэйшым і скажу: “Калі заўгодна”. Перасцярагаюся. Бо можа адбыцца так, што нехта будзе чытаць мой тэкст пасля абвяшчэння афіцыйнай дэвальвацыі (напрыклад, заўтра, а пішу я сёння), тады я не буду выглядаць “проста харошым псіхолагам” сярод сапраўдных “экстарсэнсаў”, то бок экспертаў і аналітыкаў. А вось яшчэ адно пытанне: “Магчымы памер гэтай дэвальвацыі?” Як хцівую асобу, гэта і мяне вельмі цікавіць, бо ў жніўні мне будуць вяртаць доларавы доўг, але ж як грамадзянін Беларусі я пагаджаюся з любым абвалам беларускага рубля адносна тых валют, што асабліва папулярныя ў нашых абшарах.    
 
           Нехта заўважыць, што дбаць пра свой дабрабыт і выстаўляцца патрыётам - “канкрэтная” шызафрэнія ў сучасных беларускіх варунках. Згодзен, але толькі на той падставе, што ўсё нашае грамадства не менш шызафрэнічнае, чымся я ў дадзеным выпадку (сядзяць на бюджэтных пасадах, а плачуцца, што ў абменніках долараў няма). Праўда, не баючыся паказацца нясціплым, магу сцвярджаць, што я ёсць адным з нешматлікіх, якія шчыра вітаюць хуткую (ці ўжо ўчорашнюю) дэвальвацыю. Не ведаю, як іншыя, а я, акрамя эканамічнага (і паралельна - псіхалагічнага) аздараўлення, якое прынясе з сабою дэвальвацыя, чакаю ад яе і эстэтычна афарбаванага палітычнага выбуху

Не, не, не, не, і яшчэ раз - не. Я ні ў якім разе не належу да “пятай калоны”, што стала вельмі папулярнай пасля выбараў дзякуючы Аляксандру Лукашэнку (дарэчы, цікава, якая колькасць гледачоў БТ ведае, што гэта за калона такая? мо гэта тыя мужыкі на фурах, што стаяць у чарзе на літоўскай мяжы?). Як двойчы патрыёт магу упэўніць дзейсную ўладу, што дэвальвацыя нічым ёй не пагражае. Чаму як двойчы патрыёт? Таму што ў 1998 годзе я жыў у Пецярбургу і, хоць не меў магчымасці галасаваць на выбарах у Думу ці мясцовыя саветы (карыстаўся яшчэ савецкім пашпартам, выдадзеным Іўеўскім РАУС Гродзенскай вобласці), быў ангажаваны ў расійскі грамадскі і палітычны гармідар. А ў той год... здаецца, у жніўні (я тады разам з жонкай на адэскім пляжы сваё цела грэў) адбыўся дэфолт. На той момант эканоміка Расіі і яе насельніцтва яшчэ былі даларызаваныя (я сам, вярнуўшыся з Украіны, выгадна памяняў долары і купіў сябру на дзень народзінаў фірмовую кашулю яшчэ па старых коштах). І выпаўзла з таго дэфолту (дэвальвацыі) Расія цудоўна: ажылі яе ўласныя вытворцы. Памятаю, як ледзьве не ішлі ў скокі кіраўнікі птушкафабрык і як ледзьве не засільваліся пастаўшчыкі “ножак Буша”.

Аднак я не хачу прэтэндаваць на “сімвалічны капітал” тых, хто ў беларускай медыяпрасторы выказваецца наконт эканомікі, таму не буду казаць відавочныя ці спрэчныя рэчы пра плюсы і мінусы дэвальвацыі як эканамічнага сродку. Я скажу толькі пра відавочныя палітычныя плюсы ад яе.

Па-першае, калі параўноўваць з Расіяй узору 1998 года, то дэвальвацыю/дэфолт можна скінуць на ўрад як орган, які адказвае за эканамічны стан дзяржавы. У Расіі “кіндэр-сюрпрыз” Кірыенка быў заменены “цяжкавагавіком” Прымаковым. У нас нават такое не трэба рабіць: спадар Мясніковіч толькі пасля выбараў узначаліў урад, таму абвіначваць яго ў разбурэнні эканомікі не выпадае. Спісваць на непрафесійнасць спадара Сідорскага таксама бессэнсоўна, таму што амаль усе жыхары краіны, ад старшакласнікаў да пенсіянераў, ведаюць, дзе і кім, насамрэч, вырашаюцца асноўныя дзяржаўныя пытанні. Таму палітычнае кіраўніцтва краіны (а ў нас гэта адзін спадар Лукашэнка), трохі распавёўшы пра сусветны эканамічны крызіс і яшчэ горшы, чым у Беларусі, стан эканомік Грэцыі, Партугаліі, Ірландыі і г.д., можа прызнаць: “Так, мы вымушаныя пайсці на такі крок, каб у доўгатэрміновай перспектыве не страціць канкурэнтаздольнасць нашай эканомікі”. Непрыхаваны плюс: клопат пра будучыню, г.зн. пра дзяцей і ўнукаў.

Па-другое, а хто што запярэчыць, калі афіцыйная дэвальвацыя адбудзецца? Бізнэсоўцы толькі чакаюць гэтага, каб вызначыцца, ці працягваць бізнэс ці мяняць профіль дзейнасці. Іпэшнікі (нібыта бізнэсоўцы, але куркулі па сваёй прыродзе) успрымуць любы курс нацыянальнай валюты, абы яны толькі змаглі выкладаць на свае паліцы тое, што ў іх будуць купляць. Бюджэтнікі будуць нешта там скуголіць на кафедрах, у настаўніцкіх, рэгістратурах ці ў іншых кабінетах, але з той прычыны, што яны не ўяўляць, як можна зарабляць на жыццё не ў “сацыянальна-арыентаванай эканоміцы”, будуць “купляць беларускае” (якое таксама падаражэе ці ўжо падаражэла) і казаць: “Ну, а каб быў другі?” Ізноў плюс: што Лукашэнка, што адзін з “альтэрнатыўных” кандыдатаў, усё роўна крызіс, дэвальвацыя, падаражэнне тавараў і паслуг - дык навошта іншы кіраўнік дзяржавы? Гэта хоць сам пад сябе вертыкаль збудаваў - мо і выкруціцца. А новы... Магчыма, што б лепшае і зрабіў, але - толькі магчыма.

Па-трэцяе, не трэба перабольшваць ролю тых, каго “свядомыя” (sorry!) за апошнім часам сталі называць “электаратам”(ізноў - sorry!). Большасць з сялян (тыя, што не фермеры) неяк поркаюцца на палях і фермах толькі дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы - ім дэвальваваныя рублі таксама будуць добра. Паспяховыя гаспадаркі вытрываюць пры любым раскладзе: насельніцтву Беларусі трэба есці кожны дзень незалежна ад курсу долара, дый Расія іх прадукцыі болей закупіць, бо тая патаннее. Што да пралетарыяту, дык той ужо мае кватэру (хай сабе і ў крэдыт; праз дэвальвацыю заробкі ў рублях усё роўна падвысяцца: крэдыт будзе аддаваць калі не лягчэй, дык і не цяжэй), мае аўтамабіль, бытавую тэхніку, трошачкі долараў і еўраў у жончыных панчохах і іншае з набору “радасці беларуса”. Пару месяцаў палямантуюць у цахах і курылках, дый сунімуцца. Гэтыя героі здольныя адно на тое, каб з майстрам палаяцца, а выйсці арганізавана на акцыю пратэсту... Іх жонкі не пусцяць, бо забаяцца, што тыя ўвогуле без працы застануцца. Яны (ці іхнія старэйшыя таварышы) выйшлі адно ў 91-м, калі грошы былі, а кілбасы не. Тады быў бунт пустых рондаляў, таму мужы і жонкі дзейнічалі разам. Сёння кілбас хапае - толькі купляй. Будуць даражэй - нічога, чаравікі і джынсы даўжэй паносіць.

Па-чацвёртае, калі на нейкім заводзе і знойдуцца завадатары паходу да будынка ўрада ці на Маркса, 38, то ці будзе гэта азначаць палітычны крызіс? Мой адказ: не. Таму што мітынгоўцы будуць патрабаваць выпраўлення сітуацыі ад ДЗЕЮЧАЙ УЛАДЫ. Каб эканамічныя патрабаванні перараслі ў палітычныя (адстаўка прэзідэнта, новыя выбары і д.т.п.), неабходныя лідары, здольныя ажыццявіць такое ператварэнне. А хто можа прэтэндаваць на ролю лідара з вядомых народу апазіцыйных актывістаў? Саннікаву са Статкевічам праз зняволенне і суды такую магчымасць перакрылі ці, прынамсі, перакрываюць. Слухаць лекцыі Раманчука пра неабходнасць рэформаў рабочыя наўрад ці пажадаюць. Гэтаксама, як і прамовы Рымашэўскага і Мілінкевіча наконт хрысціянскіх і еўрапейскіх каштоўнасцяў, дэмакратыі, свабоды, гонару і годнасці народа. Вус на лідэра ніколі і не замахваўся. Міхалевіча прымусілі стаць калумністам і блогерам. Паэт Некляеў мог бы “праўду рубануць”, але ж пралетарыяту ад праўды паэта больш сыта не будзе. На той жа выпадак, калі пралетарыят занадта заўпарціцца і не будзе верыць Лукашэнку, што праз месяц-два ўсё будзе нармалёва, і пры гэтым парушаць грамадскі парадак (а ён будзе яго парушаць), то на сцэну гісторыі ізноў выйдуць АМАП ды іншыя падраздзяленні: на апазіцыі ўжо патрэніраваліся, зараз патрэбны спарынг-партнер мацнейшы, каб форму не губляць.

Нарэшце, па-пятае, дэвальвацыя будзе азначаць пачатак беларускага нэпа. Як і за бальшавікамі: кіраўнікі тыя ж, а эканамічная палітыка новая. Новая і, канечне, ужо не зусім “сацыяльна-арыентаваная”. Праўда, пра гэтае “не зусім” казаць наўпрост не трэба, неабходна карыстацца эўфемізмамі. І прамаўляць іх павінны не спадар Якубовіч, які страціў былую форму фельетаніста і чый стыль ніяк не пасуе да новай сітуацыі, не нудны Вадзім Гігін, што праз свае прамовы і тэксты падаецца чалавека, які спазніўся са сваім з’яўленнем на свет гадоў на 25-30, і не правінцыйны невук Міхальчанка. Пачнецца пошук новых прапагандыстаў і ідэолагаў, а іх багата сярод выпускнікоў з журфака, філасофскага і юрыдычнага БДУ, і яны ўжо не проста балбатуны, а спецыялісты па камунікацыі, PRшчыкі, медыяменеджары ды іншія, маладзёны і маладзіцы наскрозь сучасныя, рынкавыя і кар’ерысты (не падхалімы, а тыя, хто жадае быць майстрам у сваёй прафесіі).

“Не зусім сацыяльна-арыентаваная” - гэта азначае, што прыйдзецца выбраць слой сапраўды неабароненых грамадзян (пенсіянеры, інваліды, сіраты, шматдзетныя маці) і далучыць да яго бюджетнікаў (ужо меншай колькасці, бо скарачэнні непазбежныя), пра якіх дзяржава заўсёды клапацілася: настаўнікі і ўрачы. Напрыклад, апошнія не асабліва пацерпяць, калі ім дазволіць прыватную практыку. А тым жа пенсіянерам можна будзе цягам часу нават падняць пенсію (дэвальвацыя такі крок прафінансуе лёгка). Так, інфляцыя яшчэ загадзя з’есць (ці ўжо з’ела) магчымую надбаўку, і пенсіянеры, канечне ж, не будуць шкадаваць кпінаў у бок улады, але для самой улады такое дзеянне ўсё роўна запішацца ў актыў: “Хоць нешта падкінулі, і за тое дзякуй”.

Ну, і напрыканцы пра эстэтычна афарбаваны палітычны выбух, які я чакаю з прычыны дэвальвацыі. Адкуль жа ён грымне, калі - паводле маіх жа ўласных слоў - эканамічныя праблемы не прывядуць да палітычных змен? З адміністрацыі прэзідэнта. Змова і дзяржаўны пераварот? Не. Тады што? Новы акт пародыі на ніцшэанскага звышчалавека. Пародыі не таму, што Аляксандр Лукашэнка няўдала крыўляецца, выстаўляючыся звышчалавекам, а таму, што звышчалавек - недасяжная мара, гульня, фантазія кабінетнага самотніка, моцна хворага чалавека Фрыдрыха Ніцшэ.

З пераацэнкай усіх каштоўнасцяў, якую заяўляў Ніцшэ вуснамі Заратустры, вядома, складана, бо гэта тычыцца самога чалавека, а вось са сродкамі, што накіраваныя на іншых, і мэту, якой ты хочаш дасягнуць асабіста, прасцей. Якая мэта можа быць у Аляксандра Лукашэнкі як кіраўніка дзяржавы і апантанага ўласнай персонай чалавека? Так, яна адна: утрымаць уладу. Што наконт сродкаў? Для асабістых ворагаў, апазіцыянераў ці “пятай калоны” яны адны, і мы бачым, якія: выштурхванне з публічнай прасторы, збіццё, зняволенне, прымус да эміграцыі. А з чым ісці да народа? Да народа, які звыкся з сацыяльна-арыентаванай эканомікай і хацеў бы спадзявацца, што і надалей яго жыццё будзе такім жа бесклапотным, хай сабе і не такім багатым? Аляксандру Лукашэнку нічога не застаецца, як толькі з уласцівай яму сціпласцю паўтарыць вядомыя словы: “Nous sommes responsables pour ceux qui nous avons apprivoisé”. Канечне ж, ён адказны за дэвальвацыю (нягледзячы на тое, што “этот кризис нам подкинули извне”), і, канечне ж, ён прыручыў народ. Такі лёс: кіраваць краінай і пры чатырох, і пры пяці і нават пры шасці тысячах рублёў за адзін долар.

Наступныя выбары толькі ў 2015 годзе. Хто ведае, што тады будзе ў свеце? Мо ні беларускага рубля, ні нават долара ці еўра не будзе. А застанецца рубель, дык эканоміка Беларусі за чатыры гады зменіцца так, што пра колішнію дэвальвацыю будуць толькі зрэдку ўспамінаць. Прычым як падзею, якая запусціла беларускі нэп і якая цяпер, у 2015 годзе, дазваляе уладзе казаць пра паспяховасць беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Previous post Next post
Up