Нарэшце зноў дабраўся да інтэрнэту.
Сёння ездзілі з дзяўчатамі на Скарыны 20 (не праспект - вуліцу, булы Старабарысаўскі тракт) вазіць перадачы. Дзякуючы Волі Акуліч і яе машыне, зрабілі ўсё досыць аператыўна. Усе нашы (філфакаўскія) дзяўчаты там.
Вось тут -
адсканаваны бланк заявы на перадачу, яго можна спампаваць, раздрукаваць і запоўніць яшчэ дома, каб не губляць час у фае ізалятара. Увага: ніякай ежы, пітва, нават вады і сокаў, ні ў якім выглядзе не бяруць (як мінімум на Скарыны). Маўляў, там у іх ёсць кранік, вады хапае. Таксама нельга ніякіх цыдулак, подпісаў на паштоўках, папросту пісьмовых паведамленняў. Можна кнігі. Можна цёплыя рэчы, але ўсё па адным. Таму калі несяце 2 швэдры, то пішыце: адзін швэдр, адзін джэмпер і да т.п. Шкарпэтак можна 2 пары, бялізны - 1 пару. Маецца на ўвазе за адну перадачу. Можна цыгарэты (выцягнутыя з пачкаў і высыпаныя ў пакецік), запалкі (не запальнічкі), блакноты, асадкі, алоўкі. Гігіенічныя сродкі, ручнікі. Спальнікі, коўдры, курткі. Некаторыя медыкаменты (найлепш комплексныя вітаміны)...
Міліцыянт сказаў, што ўнутры там не курорт, таму цёплыя рэчы ніколі не зашкодзяць.
Што яшчэ важна? Вераніка Сташулёнак з намі, выпушчаная, але яна аштрафаваная на 30 базавых (1 050 000 руб.). На "Вясне" сказалі, што пакуль ніякіх фондаў для аплаты штрафаў няма, магчыма, будуць пазней, таму зараз трэба аплаціць самастойна. Калектыўна пачалі на выплату Веранічынага штрафу збіраць грошы, збіраю я, у сярэднім па 20 000. На дадзены момант маем 350 000. Калі хто яшчэ хоча перадаць, звязвайцеся са мной (7625112мтс).
Яшчэ на Скарыны 20 сядзіць Аня Бельская, нашая нядаўняя выпускніца. Пра яе не маю ніякіх звестак - ці ведаюць пра яе родныя і сябры, ці былі нейкія перадачы і да т.п. Калі не - мы, вядома ж, арганізуемся і завязем хуценька і для яе. Калі хто што ведае пра Аню - адгукніцеся, калі ласка. Або данясіце гэтае пытанне да яе сяброў і сваякоў. Пакуль канец сувязі.
via
smatrycenka