Кулуары, Галубовіч... Фантастыка, Гігевіч...

Nov 13, 2010 17:19


Набыў у холдынгу і пачытаў кнігу Леаніда Галубовіча “Сыс і Кулуары”.

Амаль усе артыкулы, у тым ліку, здаецца, і пра Сыса, раней я чытаў.

Гэта настольная кніга для крытыкаў і літаратуразнаўцаў (павінна быць).

Я не крытык і не літаратуразнаўца (а найперш паэт, у другую чаргу празаік), і  таму нават больш аматар мастацкай творчасці Галубовіча, чым крытычнай. Адным з асноўных недахопаў Леаніда Міхалыча як крытыка - закручастасць мовы, дзе пераплятаюцца нашаніўска-крынічанскае, яго зямляцкае, і яго ўласна створаныя словы. Цяжкавата чытаць. Мяне б за такое сам Міхалыч адлупцаваў і адрэдагаваў. І справядліва. Але я гэта толькі я і таму раблю свае сціплыя заўвагі, і толькі. Цячэнне думкі таксама крыху складанае. Можа, у гэтым нехта ловіць кайф. Але я тармажу і адразу ўспамінаю “замудрую” Шаўлякову, да якой, канешне ж, Галубовічу “далёка-далёка”, і ўсё ж... Крытык найперш - дэшыфратар, а не філосаф літаратуры і не біёграф. Так думаю. І тлумачыць сэнс кнігі ён павінен на трох пальцах, каб было ясна і “чайнікам”.

Трэцяя заўвага ўжо да вярстальшчыка. Якой хваробы ён змясціў нумарацыю старонак пад самы корань беспераплётнай кнігі? Вярстальшчыку двойка.

Падбор жа артыкулаў, іх выбарка, думаю, справядлівая. Самыя харызматычныя асобы, плюс даніна рускамоўным беларусам, плюс тым, хто, будучы слабаватым творцам, тым не менш шмат зрабіў для нацыянальнай думкі ў развальныя часы пачатку 90-х. Назва, што пачынаецца з “Сыса”, апраўдана чыста камерцыйным характарам. Клююць на скандал. Хоць пачынае пакрыху абрыдаць працэс ператварэння чалавека ў жупел, да якога чамусьці клеіцца не так добрае і высокае, як брыдкае і заганнае.

Са спазненнем віншую Леаніда Міхалыча з выхадам кнігі. Далейшага Вам плёну!

Трохі хачу пахваліцца тым, што справакаваў аднаго знанага літаратуразнаўцу заняцца творчасцю Васіля Гігевіча, зарыентаваць яго творчасць на школу. Аказваецца, цяпер нават літаратуразнаўцы дрэнна ведаюць колісь масцітых, а цяпер прызабытых (хто не піша і не крычыць пра сябе) пісьменнікаў. Гігевіч - найперш магутны фантаст і неардынарны філосаф. Гэта да нашага скавытання тыпу “Дайце нам беларускамоўную фантастыку! Дзе яе пачытаць!! Яе няма-а-а!!!” Ёсць, кажа не-літаратуразнаўца Южык, - наце, бярыце, наталяйцеся, вывучайце і ўводзьце ў школьныя праграмы! І выкідайце заадно адтуль усялякую шалупонь, і не пускайце туды бяздаршчыну і нудзяціну. У параўнанні з большасцю тых, хто цяпер “на слыху”, Гігевіч - волат, а яны карлікі. Яго фантастычны раман пра “адаманаў” (сама назва рамана няўдалая) - гэта фантастычна-філасофскі шэдэўр. Яго аповесць “Марсіянскае падарожжа” - блізу таго... Творы пісаліся да пачатку 90-х гадоў. Там шмат прароцтваў, як выглядае на сённяшні дзень.

літРЭФлексіі, крытыка, У аб'ектыве

Previous post Next post
Up