Уладзімір Калесьнік пра партызанскія міфы

May 12, 2015 22:55


Сёньня ў інтэрнэце шмат дыскусіяў пра вайну, пра акупацыю, партызанаў і калабарантаў. Пра тое, як шмат было партызанаў у Беларусі і наколькі значнымі былі нанесеныя імі страты. Пра сутнасьць зьявы калабарацыі і беларусізацыю пад акупацыяй. Часам эмоцыі аж зашкальвае: партызаны называюцца суцэльным злом, а немецкая акупацыйная ўлада, паліцыя і калабаранты робяцца ледзь не выратавальнікамі Беларусі. Рознымі былі партызаны, ня ўсё так проста і адназначна з калабарантамі і немцамі, сярод якіх таксама былі людзі. Вядома ж, можна асуджаць партызанаў шмат за што, толькі ўсё ж не яны спалілі тысячы беларускіх вёсак з МІРНЫМІ людзьмі...


Былы партызан і пісьменьнік Уладзімір Калесьнік (17.09.1922 - 15.12.1994) пакінуў пасьля сябе цікавыя і праўдзівыя ўспаміны пра свае гады маладосьці і вайну “Доўг памяці”. У беларускім грамадзка-культурным і літаратурным жыцьці Берасьця і Берасьцейшчыны 1950-1990-х гг. цяжка знайсьці постаць, больш аўтарытэтную і роўную па сваім значэньні Ўладзімру Калесьніку.

Свае ўспаміны Ўладзімір Калесьнік пачаў пісаць ужо ў самым канцы жыцьця, будучы хворым, нярэдка на бальнічным ложку. Яны выйшлі ў сьвет кнігай ужо шмат пазьней пасьля яго сьмерці - у 2005 г., дзякуючы яго жонцы і шматгадовай вернай памочніцы, сьціплай і вельмі інтэлігентнай Зосі Міхайлаўне. 4 траўня 2015 г., пражыўшы 87 гадоў, адыйшла да мужа і яна...

Уладзімір Калесьнік, ураджэнец Сіняўскай Слабады, што стаіць над Нёманам на ўскрайку Налібоцкай пушчы, ужо з першых дзён нямецкай акупацыі далучыўся да супраціву, увайшоў у адну з падпольных антыфашысцкіх моладзевых арганізацыяў Наваградчыны. 23 ліпеня 1942 г. у складзе сваёй падпольнай групы пайшоў у лес, у партызаны. Быў кулямётчыкам, падрыўніком, затым камандзірам узвода атраду “Камсамольскі”, які дзейнічаў у раёне Валожына і Налібокаў. З лета 1943-га да жніўня 1944 г. быў начальнікам штаба партызанскага атраду. Двойчы быў паранены.

Шчыра, без прыхарошваньняў, піша Ўладзімір Калесьнік пра вайну і людзкія трагедыі, з якімі непасрэдна сутыкнуўся, пра самадурства асобных партызанскіх камандзіраў, пра лютасьць і подласьць карнікаў - немцаў і паліцаяў. У гэтай вайне ён не атупеў маральна, глядзеў на сваё змаганьне сумленна і сур’ёзна, імкнуўся ўбачыць прычыны, чаму ня так ужо і мала было тых, што пайшлі на супрацоўніцтва з акупацыйнай уладай. У свае маладыя партызанскія гады, як ён адзначаў, “здаецца, пазнаў крайнія межы пачуцьцяў - хараства і агіднасьці, дабра і зла...”

“Самае агіднае відовішча - трупы. Іх трупы і нашы... Мы закопвалі тых і тых, а яны, карнікі, блакіруючы пушчу, звычайна адкопвалі з ямаў і голых, уздутых, сініх падвязвалі да галін дрэў калючым дротам. Які нячулы быў той складальнік салдацкай песьні, што апаэтызаваў гругана! Ён, мусіць, ніколі ня бачыў гэтага ўласнымі вачыма. Калі так, то даруем яму... Хай не пабачыць груганоў над чалавечымі трупамі ніхто і ніколі больш!”

Такі напамін пра сутнасьць той страшнай людабойчай вайны пакінуў нам Уладзімір Калесьнік.

Яго крытычны погляд на партызанскія мемуары - зусім ня спроба кардынальна перапісаць гісторыю партызанскага руху ў Беларусі. Гэта аўтарытэтнае сьведчаньне партызана пра тое, як трэба да іх ставіцца. Ніжэй - урывак з яго ўспамінаў “Доўг памяці”.

+ + +

...Мае партызанскія сябры шмат панапісвалі і нават панадрукоўвалі пра гэты рамантычны перыяд свайго жыцця, але рабілі гэта нібыта для таго, каб давесці тым, хто ўмее бачыць і памятаць, што ўспаміны пішуцца спачатку тымі, хто хоча падправіць праўду ў сваю карысць, а потым ужо прыходзіць чарга на тых, хто хоча пераказаць нашчадкам ды і самому сабе, хоча проста лепш усвядоміць праўду, каб яшчэ раз зрабіць з яе нейкі, напэўна ж, непрыемны вывад. Бо якой бы вялікай і велічнай ні была праўда, яна заўжды, на жаль, вучыць толькі сваімі памылкамі. Жыццё патрабуе ад людзей, якія сапраўды гатовы ўдзельнічаць у справе прагрэса - не паўтараць памылак. I памыляюцца тыя, хто лічыць, быццам гісторыя патрабуе ад сваіх удзельнікаў паўтараць подзвігі бацькоў. Подзвігі непаўторны. А героі не пасрэдныя вучні з масавай школы, якім не застаецца нічога іншага, як дзесяткі раз паўтараць пройдзенае, каб атрымаць троечны атэстат сталасці. Перад кожным пакаленнем гісторыя ставіць новыя, непаўторныя задачы.

Але вернемся ад гэтых шырокіх маштабаў да маіх партызанскіх мемуарыстаў. Яны адчувалі, як і я, што ўдзельнічаюць у гістарычнай справе і ніколі больш іх жыццё не стане гістарычным. Гэта акалічнасць спрыяла стварэнню міфаў пра сябе і партызаншчыну. Міфы ствараліся ў часе начных паходаў, у часе расказаў пры вогнішчах, калі пад выглядам бяскрыўднага балагурства нехта яўна і бесцырымонна перабольшваў свае подзвігі, а на заўвагу таварыша адказваў: “Ты што, жартаў не разумееш?” або “Табе што, немцаў шкада?” Гэтая апошняя фраза не раз чулася тады, калі пасля баявых аперацый штаб брыгады сачыняў загад, які быў адначасна і данясеннем у вышэйшыя інстанцыі. Колькасць забітых немцаў і паліцаяў у гэтых данясеннях памнажалася нярэдка ў дзесяць раз: забілі чалавек 5 - падавалася каля 50, забілі чалавек 15 - падавалася звыш ста. Звычайна пасля такіх заключных загадаў партызаны, разышоўшыся па сваіх зямлянках, вялі абмеркаванне штабных сачыненняў. Праведнікі выказвалі пратэст: хто ў форме іранічных заўваг, а хто і ў форме лаянкі ў адрас выдумшчыкаў, якім маўляў, седзячы недзе на камандным пункце, здаецца, што забіць немца - гэта як семячкі лузгаць. I тады знаходзіліся абаронцы штабной легенды, якія пачыналі дакараць насмешнікаў і буркуноў за нястачу патрыятызму, аптымізму і сяброўскай салідарнасці. Вымовы насмешнікам і буркунам канчаліся нібы бяскрыўднай, але і пагрозлівым падтэкстам фразай: “Табе што, немцаў шкада?”

Я належаў да буркуноў злосных, з якімі лепш не звязвацца, Косця Балабановіч - да насмешнікаў дабрадушных, якога абсякай, не абсякай - нічога не даб’ешся. Абодва мы далей крытычных паправак, сказаных тут жа, не ішлі, былі заняты практычнымі справамі нашай барацьбы і пра дзялёж славы думалі менш з ўсё.

Такім чынам, гісторыю спачатку ствараюць выдумшчыкі ў выглядзе міфатворчасці, якая можа мець у наш век і выгляд дакумента, замацаванага публічным прызнаннем і афіцыйнымі пячаткамі.

немцы, беларускае, вайна, Калесьнік Уладзімір, партызаны, супраціў

Previous post Next post
Up