У аўторак быў першы наш працоўны дзень. Як я ўжо пісаў раней, з участкам нам вельмі пашанцавала - ціхі, невялікі (усяго 910 чалавек), камісія шыкоўная. У будынку добрая сталоўка, але мы з Сяргеем чамусьці хадзілі абедаць толькі на наш факультэт (а як жа ж, у нашым буфеце чэбурэкі “Студэнцкія” па 1100 рублёу!!! ;-)) Нашу ідылію псавала толькі наяўнасць аднаго “змагара звычайнага”, які сам па сабе быў даволі нядрэнным чалавекам, але з самага пачатку пачаў ставіцца не як да часовых калегаў па працы, а як да “пасобнікаў крывавага рэжыма”. Зрэшты, гэты момант не такі страшны. Калі казаць карацей, то як кажа Сяргей “это мы удачно зашли”. Зраніцы ўрна была апячатана, мы мелі магчымасць яе агледзець - праверыць ці пустая яна. Далей пачалася, ўласна кажучы ўжо і сама праца. Першае, што здзівіла - гэта тое, што на наш участак людзі рэальна натоўпам валілі. І прычым не студенты-школьнікі, а звычайныя людзі ад 25 да 45 год. Камісія патлумачала гэта тым, што да нашага ўчастку прыпісаны два будынкі па адрасах Камсамольская 28 і 30 (так, хто адгадае, каму будынкі належаць? - правільна, КДБ!) і гэта прыходзяць супрацоўнікі ДзяржБяспекі, якія часова знаходзяцца ў Менску. Пасля абеду выявілася першае парушэнне: участак пачаў працаваць на 15 хвілін раней і на ім паспела прагаласаваць 2 чалавекі. Канешне, гэта трэба было занесці ў пратакол, але мы падыйшлі да старшыні паразмаўляць і папрасілі каб гэта больш не паўтаралася. Выбарчая камісія пайшла нам насустрач і канфліктаў больш не ўзнікала. Другая палова дня прайшла спакойна. Быў толькі адзін вясёлы момант: на наш участак патэлефанавала пенсіянерка (86 год) і папрасіла прыйсці да яе з урнай таму што яна сама на ўчастак прыйсці ўжо не можа - здароўе не дазваляе. Старшыня адказвае, што дадому яны маюць права прыйсць толькі 19 снежня нашто пенсіянерка пачынае плакаць і біцца ў гістэрыцы; крычаць, што падасць скаргу Ярмошынай. Так ўжо хочацца ёй за бацьку прагаласаваць. Свае паводзіны старая абгрунтавала вельмі проста: ёй 86 год і да 19 снежня яна можа проста не дажыць. Падобныя сітуацыі будуць адбывацца ледзь не кожны дзень. У дзевятнаццаць гадзін урна была апячатаная, бюлетэні схаваны ў сейф і вывешаны пратакол. Па падліках УВК за 14 снежня прагаласавала 56 чалавек, па нашых - 52. Розніцу можна патлумачыць так: з-за парушэння, калі прагаласавала 2 чалавекі, і дваіх мы прашляпілі, калі выходзілі папаліць. Першы дзень быў скончаны.
Раніцай ў сераду было выяўлена другое парушэнне: на 910 чалавек было падрыхтавана ўсяго 900 бюлетэней. Інфармаыя аб гэтым была занесена ў пратакол. Па колькасці прагаласаваўшых наш ўчастак быў зноў “впереди планеты всей”: 58 чалавек па нашых падліках, 59 - па падліках УВК (якія ў нас гэбэшнікі палітычна свядомыя). Тэлефанавала яшчэ адна бабуля, прасіла каб камісія дазволіла прагаласаваць дачцы з яе пашпартам, калі камісія адмовіла, бабуля таксама пакрыўдзілася і направіла дачку на наш участак, каб тая разабралася з няправільнай камісіяй. У выніку ў памяшканні выбарчага ўчастка адбыўся невялічкі скандал, пасля якога мы змаглі дамовіцца, што дзевятнаццатага камісія пад’едзе да бабулі з урнай (усё б добра толькі бабуля хоць і прапісана на тэрыторыі нашага ўчастку, але жыве на Сухарава. Будзе паходу самы далёкі ад’езд з участку для галасавання). К другой палове дня мы ўжо канчаткова перазнаёміліся, сядзелі за гарбатай з торцікам і трындзелі за жыццё. Сярод шматлікіх пытанняў, якія мне задавалі былі і такія кшталту: ці ёсць у мяне сяброўка і калі я буду жаніцца ;-) Утульная, амаль хатняя атмасфера. Серада скончылася.