мне нават за гэта і не сорамна зусім, але.
хай вісіць і тут
Што найбольш усцешвае ў тэксце А.Лазуткіна, - пасажы пра культуру, выгадаваныя савецкай логікай абсурду і бяззвязнасці. Яе (беларускую культуру за Машэравым) можна, вядома, прэпараваць, доўга разбірацца ў паасобных момантах, але агульная карціна надзвычай ясная. Завяршэнне працэсу сістэмнага афармлення беларускай савецкай ідэнтычнасці [14, с. 162] немінуча патрабавала і канчатковага скасавання пераважнай большасці палажэнняў посткаланіяльнага кампрамісу (пазычаем гэтую трапную дэфініцыю БССР ў І.Бабкова). Гэты працэс пачаўся яшчэ на зломе 1920-х і 1930-х гг., але акурат за Машэравым набыў рысы незваротнасці. Беларуская культура зрабілася ахвярай - і пытанне аб тым, хто прымаў гэтую ахвяру, не самае істотнае. Істотнейшае - спробы А.Лазуткіна да пераліку заслуг П.Машэрава дадаць яшчэ і культурніцкія здабыткі. Безумоўна, гэта адно з самых бяздоказных сцверджанняў артыкулу, бо з рэчаіснасцю не мае нічога агульнага. Спробы з паасобных фактаў (роля П.Машэрава ў лёсе стужкі Л.Шэпіцькі “Восхождение”, дбанне аб М.Савіцкім, - фактычна ўсё, што прыточана; каб аўтар дасканалей вывучаў тую эпоху, мог бы згадаць і больш важныя, як на цяперашнія часы, сведчанні: напрыклад, як П.Машэраў скасоўваў забарону на друкаванне ў “Нёмане” перакладу рамана Г.Гарсія Маркеса “Восень Патрыяраха” [19, с. 395]) выснаваць тэндэнцыю - цалкам натуральна, бясплённыя. Сведчанні разбуральнага ўплыву савецкай сістэмы на беларускую культуру палягаюць не толькі ў цэнзуры: Л.Юрэвіч, напрыклад, выразна паказаў на дэфармацыі ў такой далікатнай і неабходнай частцы гуманітарнай сферы, як перакладычыцкая дзейнасць [23, с. 48-49].