не шуміць лейпцыгскі трамвай, не патанае ў балеснай цемры ўніверсітэцкая бібліятэка Albertina, не растае ў тонкай плошчы духу каляднага кірмашу нямецкая мова.
пішуць з метраполіі нечужыя людзі: "поэтому хоть выпускной".
у Яна Скрыгана: “На стале нудзіліся астаткі халасцяцкай закускі: разрэзаныя галоўкі цыбулі, абгладаныя храбціны нейкай сухой рыбіны; чарсцвее разламаны акраец хлеба, рассыпаны сінія крышталікі растоўчанай солі” (Некалькі хвілін чужога жыцця, Мінск 1979, с. 111).
калі ехаў у трамваі і прачытаў гэта, выразна-дробязна ўспомніў нашыя інтэрнацкія папойкі, адчуў прыемны смырод “знуджаных астаткаў халасцяцкай закускі”, зазвычай гэта сала і цыбуля, і так захацеў сала і цыбулі з чорным хлебам.
бацькаўшчына - гэта, вядома, род ціхага досведу, як і чужына, нямецкамоўная навука, Moritz Bastei і бясснежны калядны Парыж. цяпер жа я часта ўспамінаю Уладзіміра Жылку, як ён у 1910-х гг. жыў у Падлессі, дату заснавання капейкі (1952-і) і ліцэйскіх гмах. але з сумы дат, імён і гмахаў (нават прылучыўшы да іх тапонімы) не скласці “любімую краіну”: мая бацькаўшчына - гэта беларуская мова (прывет, Альбер). як у Скрыгана: “асвойтанасць”, “залу страсанулі воплескі”, “відны”, “пошапкам”, “злякаць”, “чутачку”, “натрапіцца знаёмы, убачыць, што я выпіты”, “недахваты”, “дзядзька Янка”, “утрываць”, “у Лейпцызе”, “гэта не дае мне быту”, “быў трохі чуцён уплыў Максіма Горкага”, “у політах”, “падакляраваў”, “унурыўся”, “вусцішна”. або як у кніжцы “Раяль з адламаным вечкам”: “Стаяла на пагодзе. Млелі і купаліся ў пяску куры” (с. 9). мне падабаецца назіраць, як беларуская мова выжывае і б'ецца, "бореться с природой, в том числе и своей собственной природой", ледзь чутная і ледзь відная, у маіх Палянінавічах, на трохі заселенай Быхаўшчыне: “каленькі”, “багата” (як шмат), “Нямеччына”, “ягоны / іхны”, “помня”, “гавора”, “ё”, “храпа”, “недарэка”, "тут страху німа". у маёй мёртвай мове жыве і множыцца бацькаўшчына, нехалодная, няшумная, нелюбімая.
у цэлым жа, здорава чуць, як мая мілагучная бацькаўшчына выражае досвед пра нуду астаткаў закускі ці пра кур, што купаюцца ў пяску, і падпісваць паштоўкі ў Падлессе.