Dec 02, 2011 19:26
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № __ ад __ сакавіка 2012 г
АБ СКЛIКАННI ПЯТАГА УСЕБЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА СХОДУ
У адпаведнасці з артыкулам 37 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў інтарэсах узнаўлення грамадскага спакою і грамадзянскай згоды, стварэння ўмоў для цывілізаванага выхаду краіны з палітычнага і фінансава-эканамічнага крызісу п а с т а н а ў л я ю:
1. Склікаць 22 мая 2012 г. у г. Мінску пяты Усебеларускі народны сход.
2. Прадаставіць дэлегатам сходу права самастойна вызначыць кола пытанняў, якія падлягаюць абмеркаванню, зыходзячы з пазначаных вышэй мэтаў склікання сходу.
3. Абмежаваць магчымую працягласць работы сходу дваццаццю рабочымі днямі.
4. З прычыны асаблівай значнасці дадзенага сходу ўстанавіць, што:
4.1. рашэнні сходу прымаюцца з дапамогай тайнага галасавання кваліфікаванай большасцю ў 2/3 галасоў ад спісачнага складу дэлегатаў і афармляюцца рэзалюцыямі, якія ў двухдзённы тэрмін накіроўваюцца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь;
4.2. рэкамендацыі сходу, адлюстраваныя ў яго рэзалюцыях, маюць для дзяржаўных органаў і службовых асоб сілу агульнанароднага наказу;
4.3. выбары дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу праводзяцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права шляхам тайнага галасавання;
4.4. выбары з'яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць;
4.5. падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна;
4.6. ўсе прэтэндэнты на мандаты дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу удзельнічаюць у выбарах на роўных падставах;
4.7. колькасць дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу складае 1100 чалавек; выбары праводзяцца па выбарчых акругах, што ўтвараюцца пры выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, з разбіўкай кожнай з гэтых акругаў на дзесяць роўных па колькасці выбаршчыкаў ўнутраных акругаў для захавання нормы прадстаўніцтва - 1 дэлегат ад адной ўнутранай акругі, або 10 дэлегатаў ад адной акругі;
4.8. стварэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні дадзенага рэспубліканскага сходу не прадугледжваецца; арганізацыя і правядзенне выбараў дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу ўскладаюцца на Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў;
4.9. падлік галасоў, пададзеных за прэтэндэнтаў на мандаты дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу, праводзіцца на кожным выбарчым участку адкрыта і галосна; грамадскія назіральнікі з ліку выбаршчыкаў, якія галасуюць на дадзеным выбарчым участку, рэгіструюцца па заяўным прынцыпе і атрымліваюць права подпісу выніковага пратаколу;
4.10. выбары дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу праводзяцца ў адзін дзень - 13 мая 2012 года, папярэдняе галасаванне не дапускаецца.
5. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:
да 20 красавіка 2012 г. прадставіць Кіраўніку дзяржавы для зацвярджэння каштарыс расходаў на падрыхтоўку і правядзенне выбараў дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу, а таксама на падрыхтоўку і правядзенне самога сходу, зыходзячы з устаноўленай гэтым Указам лімітавай працягласці работы сходу;
ажыццявіць фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэлегатаў сходу, падрыхтоўкі і правядзення самога сходу.
6. Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі арганізаваць шырокае асвятленне падрыхтоўкі пятага Усебеларускага народнага сходу, абмеркавання прынятых ім да разгляду пытанняў, а таксама прамую трансляцыю работы сходу.
7. Кантроль за выкананнем гэтага Указа ўскласці на Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
8. Гэты Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь __________
народное собрание