Oct 07, 2010 16:55
“Змушу, падла, ведаць!”
Някляеў пра чыноўнікаў і мову
Някляеў: літаратар +100, чалавек +1, палітык -100
Учора adelka была запрошаная на сустрэчу Някляева з блогерамі. Па нейкіх таемна-рамантычных прычынах яна прыйсьці не змагла і я на правах мужа яе падмяніў. Сядзеў на мяккай канапе паміж кляснымі дзяўчынкамі fotaczka і lamma_mamma, еў вінаград і замаўляў суседкам гарбату, па якую бегаў, дарэчы, Сам Начштабу. Утульненька-прыемненька, дзякуй спадару кандыдату. За атмасфэру сустрэчы таксама +1.
Магчыма я зусім закасьнеў у сваіх фантазыях, але на што ішоў паглядзець, тое і ўбачыў. Пра Паэта я ведаў, пра палітыка здагадваўся, а вось чалавека хацеў убачыць, што за ён. Нішто сабе чалавек, ня дрэнны аказаўся. І па суме ўражаньняў безумоўны залік. Але па парадку.
lipkovich галава. Зь яго пачалося, ім і скончылася. Спачатку па ягонай замове сп. кандыдат прадэклямаваў свой вершык да 25-га з’езду КПСС, потым распавядаў чаму з’ехаў у Фінляндыю, выслуховаў “ліпучыя” парады, як пытацца ў чынавенства пра іх маёмасьць і папярэджваць/прыцягваць да адказнасьці за парушэньні закону. Някляеў здольны прызнаваць памылкі і гіранічна да іх ставіцца, запісваем яму яму плюсік як чалавеку, але адначасова палітычны мінусік за паверхневую падрыхтоўку да цяжкіх пытаньняў. Тлумачу.
Я правёў псыхалягічны міні-тэст па раздзяленьні чалавека і палітыка з 2 частак, у абедзьвюх рэзультат аднолькавы. Першая частка: Някляеў тлумачыў прычыны ад’езду ў Фінляндыю канфліктам з кіраўніцтвам краіны зза руйнаваньня беларускай культуры і мовы…было гэта ў 1999 годзе. На маё адмыслова завостранае пытаньне, чаму канфлікт не адбыўся некалькі гадоў да таго, калі ціцянкоў рваў на кавалкі бчб, быў праведзены моўны рэферэндум і на маю наўмысна правакатыўную але несур’ёзную вэрсію (у яго нібыта пачалі адбіраць беларускі культурніцкі хлеб) была рэакцыяй разгубленасьць і тое, што ён зарабляў больш расейскамоўнага “Родника” чым з белкультуры… Стоп, таварышы палітэхнолягі! Ваш кандыдат павінен ня толькі цікава і шматслоўна распавядаць пра тое як было, але й мець кароткія шчыра-чалавечыя адказы на няўтульныя пытаньні чаму. А такіх “дрэнных” пытаньняў шмат, нават калі пытаньне з катом, які выявіўся маскалём, не ўздымаем)) Толькі божажмой, не падумайце, я не кажу, што чалавек ад нараджэньня павінен быць змагаром і грэх партыйных з’ездаў можна змыць толькі крывёю. Ды не! Палітык павінен трымаць удар і трыма словамі тлумачыць каб народ паняў ))). Другая частка: уявіце сабе зусім не фантастычную сытуацыю - кажу я яму - да Вас за мяжой падыходзіць супрацоўнік замежнае выведкі і прапаноўвае супрацоўніцтва - А ў мяне такое было, перапыняе ён мяне - бо Вы лідэр апазыцыі, і ён будзе Вам дапамагаць змагацца супраць рэжыму… Някляеў адразу кажа, што ён адмовіў і адмовіў бы ізноў, бо…ён рукамі паказвае свой магчымы падвешаны стан і кранальна тлумачыць што ён згубіў бы сваё сапраўднае месца ў жыцьці і не жадае гэтага. Я б казаў тое ж самае і адмовіўся б з такіх жа прычынаў. Але я не палітык, у палітыка павінны быць іншыя прычыны і ён павінен іх артыкуляваць Пішам мінусік палітыку і плюсік чалавеку.
Нешта я распісаўся, цяпер коратка.
Някляеў-палітык нагадвае свой плякат. Прыгожа-гучна, але калі сунуць глыбей бурацінаўскі нос - атрымоўваецца дзірка. Стэрэатыпныя адлупы ці разгубленнасьць. Прыклад: у Эўразьвяз нас ня возьмуць - там 100 тышч старонак патрабаваньняў, якія мы ня выканаем. Казаць такое ў краіне, дзе амаль палова насельніцтва “за” па меншай меры недальнабачна. І…няўжо мы горшыя за Румынію, Латвію. Нам не хапае толькі палітычнае волі (якая нажаль адсутнічае і ў Някляева), а ў ЭЗ у бліжэйшыя пару гадоў ня хопіць на нас моцы, каб нас прыняць.
Мяне ніколі не цікавіць адкуль грошы, колькі, колькі скрадуць, а колькі пойдзе ў справу… Мяне цікавіць як яны працуюць і ўва што ператвараюцца. Дык вось, я не заўважыў нічога прынцыпова новага ў параўнаньні з 2001 і з 2006 гг., што магло б прывесьці да перамогі, пра якую вельмі паліттэхналягічна кажа Начштабу і навучаны кандыдат. Ёсьць крэатыў, ёсьць якасная друкаваная прадукцыя, ёсьць больш-менш моцная хутка збудаваная структура, але гэта было і раней. Няма якасна новых падыходаў. Ёсьць добрыя напрамкі і думкі па назіраньню-падліку, метафізычнай “плошчы”, буду рады калі яны нечакана выбухнуць, буду рады памыляцца.
Я дам подпіс за Някляева, але не стану ў пікет і не прагаласую за яго. Вельмі проста. Інтэграцыя з Расеяй. Не дакладныя цытаты, а так, паводле: “Мы адзін без аднаго ня зможам выбірацца, нам наканавана разам…эканамічныя … сувязі…”. У каго з нас няма знаёмых забулдыжных геапалітыкаў, якія за бутэлечкай будуць распавядаць як кітайцы праглынуць Далёкі Ўсход, Расея засымілюе Беларусь-Украіну, а арабы распачнуць трэцюю сусьветную і захопяць увесь сьвет? Узровень аргументаў той жа - забулдыжны, што наводзіць на думкі, прабачце, пра замову палітычнага накірунку. Вумныя ж ўсе людзі, што я там бачыў.
Апошняе: таямніца. Някляеў хораша кажа пра мінулае - заслухаешся, літаратура - фантастычна цікава, па справе, са сьлязінкай пра Радзіму. Пачынае пра палітыку - стэрэатыпы, і некуды зьнікае душа. Нашто яно яму здалося - харошаму чалавеку і вялікаму паэту?
Нават не думаў, што зь мяне столькі вываліцца. Можаце біць, калі дачыталі дасюль.