Гараднянская кераміка

Nov 19, 2012 11:17


Гараднянская кераміка адзначаецца яркай самабытнасцю і пазнвальнасцю.

воры тутэйшых майстроў адрозніваюцца такой своеасаблівасцю, што нават неспецыяліст лёгка вызначыць іх сярод прадукцыі іншых ганчарных цэнтраў.
Вакол гэтага старажытнага паселішча размяшчаюцца бунейшыя ў Беларусі залежы высокагатункавых тугаплаўкіх каалінавых глін. Пры абпале такая гліна дае добра спечаны, амаль белы чарапок з малой порыстасцю, так што гартаванне яму не патрэбна, а чарненню мясцовыя вырабы не паддаюцца з-за малога працэнту злучэнняў жалеза ў гліне.На гэтых якасцях мясцовай сыравіны і заснавана яркая адметнасць гараднянскай керамікі.
З даўніх часоў тут выраблялі белагліняны, з ангобным роспісам посуд старажытных форм, які з-за параўнальнай ізаляванасці калісьці глухога палескага мястэчка амаль без змен захаваўся практычна да сярэдзіны ХХ ст. У наш час гараднянскія вырабы робяць паліванымі, але і яны сваімі формамі і колерам чарапка застаюцца даволі пазнавальнымі.




У гістарычных крыніцах першы ўспамін аб Гарадной адносіцца да 1448 г.
А ў ХVIІст. гэта ўжо даволі развітае мястэчка атрымала прывілею на карыстанне магдэбургскімі правамі ад польскага караля Міхала Карыбута Вішнявецкага. 17 сакавіка 1792 года польскім каралём Станіславам Аўгустам быў зацверджаны і гістарычны герб Гарадной - выява лася з залатымі рагамі на срэбным полі.
Але ў хуткім часе, пасля уваходжання ў склад Расійскай імперыі  ў 1793 годзе жыхары Гарадной былі пазбаўлены ўсіх сваіх прывілей. З саслоўя вольных рамеснікаў ці мяшчанаў яны былі пераведзены фактычна ў разрад прыгонных сялян. Толькі ў 1803 годзе жыхары Гарадной былі пераведзены ў разрад “казённых” ці дзяржаўных сялян. Але пры гэтым гарадзенцы былі пазбаўлены права вадлодання зямлёй - вось такую цяжкую цану прыйшлося заплаціць жыхарам Гарадной за асабістую свабоду. Пазбаўленне права валодаць зямлёй з’явілася, аднак, той рухальнай спружынай, якая садзейнічала яшчэ большаму развіццю ганчарнага промыслу ў мястэчку.



Гарадная - калісьці найбуйнейшы ганчарны цэнтр Беларусі.

Матэрыялы археалагічных раскопак на тэрыторыі Пінскага Палесся сведчаць, што белагліняная кераміка выраблялася тут яшчэ ў сярэднявеччы. А найбольшы росквіт Гарадной прыпадае на ХІХ - першую палову ХХ ст. У пачатку ХХ ст. тут налічвалася да 200-300 ганчароў. У гэтых адносінах Гарадная пераўзыходзіць усе іншыя ганчарныя цэнтры Беларусі.  Але ж самая вялікая колькасць ганчароў налічвалася  ў  Гарадной у часы знаходжання гэтай тэрыторыі пад Польшчай - 500 чалавек (!).

І яшчэ трохі статыстыкі. Паводле перапісу 1897 г. Гарадная налічвала 419  двароў, 2271  жыхароў, 1 малітоўны дом, 6 крам, 2 піцейныя дамы, праваслаўную прыходскую царкву, царкоўна-прыходскую школу, 40 горнаў для вырабу ганчарнага посуду.

Цікава даведацца, колькі ж у наш час усяго насельніцтва налічваецца ў Гарадной….
UPD Згодна звесткам з 2009 г. насельніцтва Гарадной складае 1038 чалавек. Вось так-та.
(http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/%D0%93%D0%B0%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%BD%D0%B0%D1%8F)

Ганчарства было амаль адзінай крыніцай існавання тутэйшых жыхароў.

Гэта тлумачыцца асаблівасцямі тутэйшай глебы - пераважна забалочанай і пясчанай, якая не магла пракарміць насельніцтва буйного мястэчка. Калі ж ганчары былі зусім пазбаўлены зямельных надзелаў, то рамяством павінны былі займацца цэлы год. І хаця гэты занятак вялікай раскошы не забяспечваў, але магчымасць пражыцця гарантаваў. Нездарма яшчэ ў пачатку ХХ ст. у Гарадной бытаваў звычай выходзіць замуж толькі за таго, хто ўжо добра авалодаў сакрэтамі ганчарнага рамяства.



Мірановіч Ермалай Аляксандравіч

Нагрузіўшы свае фурманкі (фуры) посудам, гараднянскія ганчары развозілі яго па ўсім Палессі, на кірмашы ў Пінск, Столін, Драгічын, Давыд-Гарадок, нават у Баранавічы, Мір, Навагрудак, Клецк, а на лодках па Гарыні і Прыпяці - у Тураў, Мазыр, Петрыкаў.Ведалі мясцовы посуд і на Валыні, у Кіеве, Вільні, Варшаве.

Вельмі цікавая арыгінальная метралогія гараднянскіх ганчароў.

Так, у залежнасці ад аб’ёму вырабы мелі спецыяльныя назвы:

Мамзэль - невялікі гаршочак, умяшчаў да 1 кг збожжа;



Семак, паўзлівач - да 1,5 кг;

злівач - да 2кг

нярознак - 4-6 кг;

пададзінец - 6-8 кг;

адзінец - 8-16 кг;

паляк - самы вялікі гаршчок, звыш 16 кг.



Гараднянская кераміка вызначаецца не толькі амаль белым колерам чарапка, але і дэкорам. Раней аздабленне зводзілася к сціплай але прывабнай ангобнай размелёўцы - “апіска”. Рабілі такі дэкор чырвонай жалезістай глінай, якая на белагліняным посудзе выглядала даволі гарманічна. Характар арнаментацыі вызначаўся вярчэннем пасудзіны вакол вертыкальнай восі, таму дэкор складаўся с касых рысак, прамых і хвалістых паяскоў і дужак-“шнурочкаў” , “рубежыкаў”. Акрамя таго, посуд адзначаўся буйнымі, ёмістымі шарападобнымі формамі.



Зараз жа, нажаль, адметны ангобны роспіс гараднянскай керамікі знік, формы посуду прыкметна здрабнелі. Але затое пашырылася прымяненне рознакаляровай палівы. На тым жа Гараднянскім кірмашы можна было набыць вырабы, паліваныя знутры  і часткова  звонку светлазялёнай ці празрыстай палівай.

Прыемна разумець, што пасля заняпаду гараднянскія ганчарныя традыцыі зноў пачынаюць адраджацца. З вясны 2003 года ў Гарадной адкрыты і паспяхова дзейнічае цэнтр развіцця ганчарства, а летам 2008 г. тут жа створаны музей-сядзіба гараднянскага ганчара на правах філіяла Столінскага раённага краязнаўчага музея. 19 мая 2010 г. традыцыйнаму ганчарнаму промыслу в. Гарадная прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Неацэнную дапамогу ў справе папулярызацыі гараднянскай керамікі аказалі праведзеныя ў Гарадной ужо тры  Міжнародных ганчарных пленэры (2008, 2010, 2012 гг).

Калекцыя традыцыйнай гараднянскай керамікі пачатку XX ст. (майстра I.Кісель) захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі, вырабы 1920 - 1930-х гг. - у музеі ў Пінску. Акрамя таго, у самой в. Гарадная, у мясцовым Цэнтры развіцця ганчарства ёсць невялічкі, але цікавы музей.

Крыніцы:
Беларуская народная кераміка/ Я.М, Сахута. - Мн.: Полымя, 1987.
Этнаграфiя Беларусi. Энцыклапедыя. Мн, 1989.
Інфармацыя з Цэнтра развіцця ганчарства в. Гарадная.

P.S. А гэта збан, які я набыла на гараднянскім кірмашы, мне здаецца снопік каласкоў яму вельмі пасуе:)



UPD Раю пазнаёміцца ўсім зацікаўленным у гісторыі Гарадное і гараднянскай керамікі вось з гэтым сайтам - http://horodno.blogspot.com/2013/02/viroba-horskov-u-mestecku-horodnoj-1.html
Вельмі цікава!

беларуская народная кераміка

Previous post Next post
Up