Беларуская народная кераміка. Латушка (латка)

Jan 18, 2013 22:23

Прывітанне ўсім! У мяне ёсць столькі ўсяго вам паказаць і расказаць, але ў мяне быў сваеасаблівы адпачынак ад ЖЖ, ды, ўвогуле, нейкая "зімовая спячка". Вясна яшчэ не хутка, але я паспрабую адолець ляноту і не забывацца больш на такі доўгі тэрмін пра свае запісы пра беларускую народную кераміку і маю кераміку ўвогуле (а яшчэ пра свой народны строй, так).
Сёння раскажу пра  латушку, традыцыйную форму беларускай народнай керамікі.



Латка, якую зрабіла я


Здаўна распаўсюджаным вырабам ў асартыменце кухарскага посуду была ЛАТУШКА ці ЛАТКА  - керамічны выраб для прыгатавання ежы.

Назва. Назва «латъка» сустракаецца ў помніках старажытна-рускай літаратуры, старабеларускіх пісьмовых крыніцах. У якасці сасуда для прыгатавання ежы, якую часам з яе ж і спажывалі, яна фігуруе ў старажытна-рускай літаратуры: “варяху в ладкахъ”, “оуху влия в латки”, “съдробша…мяса въ латку”, “латъкы варяща” (срезневский И.И. Материалы для словаря древнеруского языка по письменным памятникам. - СПб., 1895, т.2, с.12). Пісьмовыя ўспаміны аб латцы сустракаюцца і ў позніх сярэднявечных беларускіх матэрыялах, якія сведчаць, што яна ўяўляла сабою “дэмакратычны” тіп посуду, які ўжывалі у побыце як бедныя гараджане, так і заможныя людзі.

Выкарыстоўванне ў побыце. У латушцы не толькі смажылі, але і тушылі мяса, бульбу, пражылі гарох, гатавалі смажаніну, яечню, кулеш і інш., нярэдка выкарыстоўвалі замест сталовай міскі для вадкіх страў, разліўкі студзіны.

Асаблівасці формы. Латка ўяўляе сабою глыбокую пасудзіну з шырокім тулавам і вусцем. У канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. адзначаны тры асноўная віды латак:

Першы від прадстаўлены сасудамі з круглым у плане донцам і дастаткова высокім непрофіляваным тулавам, якое разыходзіцца да верху і сілуэт якога нагадвае геаметрычную фігуру “трапецыя”. Дыяметр максімальнага пашырэння значна перавышаў  высату вырабу і суадносіўся з ёю ў прапорцыі 2:1 - 2,4:1. Звычайная ёмістасць латак дадзенага тыпу была разлічана на 2-4 л. Яны выкарыстоўваліся для тушэння бульбы, мяса і іншых страў, якія ў ёй жа і падавалі да стала.  У латку меншых памераў часам налівалі вадкую ежу, у гэтым выпадку яна замяняла сабой міску.



Прыклад латкі першага віду

Латкі другога віду, так званыя “доўгія латушкі”, вырабляліся такім жа чынам, як і вышэй адзначаныя, у сельская мясцовасці, галоўным чыным на паўночным захадзе Беларусі. Іх характэрная рыса - авальнае ў плане донца, максімальная шырыня і дліна якога мелі суадносіны прыкладна 1:1,7 - 1:2. У такой латцы, якая складала у дліну 40-60 см пры вышыні сценак 10-13 см, амаль што цалкам смажылі і тушылі парася, дзічыну і другую ежу. Такая тэхналогія апрацоўкі прадуктаў абумовіла прысадзістыя прапорцыі пасудзіны, функцыянальна апраўданае вялікае па плошчы дно і параўнальна невысокія сценкі.



Прыклад латкі другога віду

Латкі трэцяга віду зафіксаваны у Падняпроўі. Яны мелі выпуклае ў верхняй частцы тулава, выразную шыйку і параўнальна высокі адагнуты вонка венчык, нагдвая, такім чынам, штосьці сярэдняе паміж міскай і гаршчком, ад якога адрозніваліся больш расчыненым вусцем. Суадносіны вышыні і максімальнай шырыні сасуда было звычайна 1:1,6 - 1: 1,7, а дыяметра дна і вусця 1:1,7 - 1: 1,9. У латцы дадзенага тыпу не толькі тушылі бульбу з мясам, але і варылі кулеш ды іншыя стравы. Часам такія латкі выкарыстоўваліся ў побыце ў  якасці сталовай міскі.



Прыклад латкі трэцяга віду

Латка нагадвае па форме пражэльнік, але адрозніваецца перш за ўсё вышэйшымі сценкамі. Аб самастойнасці дадзеных ганчарных вырабаў сведчыць той факт, што пражэльнік суіснаваў з латкай, прычым часцей за ўсё вырабляўся паралельна з ёю ў межах адной вытоворчасці і заўсёды меў у рамеснай лексіцы іншую назву.

Асаблівасці вырабу і дэкору. Выраблялі латушку з фармовачнай масы павышанай вогнетрываласці (гліна з дамешкам жарствы ці пяску). Пасля абпальвання гартавалі ў абвары. На Падняпроўі рабілі таксама паліваныя латушкі Доўгія латушкі фармавалі ў тэхніцы налепу на дашчанай падстаўцы.




Учора і сёння. Нажаль, з масавага ўжытку гліняныя латушкі выйшлі ў 1-й палове ХХ ст. Але, спадзяюся, з часам сітуацыя зменніца, а ў якасці прыклада паглядзіце, калі ласка, як можна выкарыстоўваць латку сённяшнім часам -http://global-disorder.livejournal.com/114806.html

Я спадзяюся, што замоўленную у мяне латушку спадар  global_disorder удзе выкарыстоўваць і далей па яе прызначэнню:)

беларуская народная кераміка

Previous post Next post
Up