Распавяду сёння пра вельмі цікавы і незвычайны сваёю формаю ганчарны выраб - рынку. Але незвычайнасць гэтая толькі на першы погляд, калі высветліш прызначэнне вырабу, то здзіўленне формаю знікае - усе так дасканала і рацыянальна задумана.
Ці не нагадвае вам яна нейкую іншапланетную лятаючую талерку?:)
РЫ̀НКА, керамічны выраб для прыгатавання (смажання) ежы .
Паходжанне назвы. Згодна з Энцыклапедыяй этнаграфіі, рынка атрымала назву ад старажытна-нямецкага Rina (трохногі гліняны гаршчок, тыгель).
Гістарычная даведка. Рынка мела значнае распаўсюджванне на Беларусі і з’яўлялася вырабам, характэрным як для гарадскога, так і для местачковага ганчарства. Яна добра знаёмая па археалагічных матэрыялах позняга сярэднявечча і ўспамінаецца ў гэты час ў архіўных крыніцах. Згодна з уставамі беларускіх цахоў XVII ст., рынка была адным з вырабаў, які чаляднік павінен быў зрабіць дзеля сдачы экзамена на званне майстра. Гэта сведчыць аб важным значэнні пасудзіны ў асартыменце ганчарных вырабаў і ў побыце гарадскога насельніцтва. Па свайму паходжанню рынка звязана з заходнееўрапейскай керамікай і ў сярэднявеччы арэал яе вытворчасці ахопліваў землі да захаду і поўдня Беларусі.
Асаблівасці формы. Рынка ўяўляе сабою круглую ў дыяметры на трох ножках гліняную пасудзіну для смажання страў у печы.
Пры параўнанні посуду дадзенага тыпу з звычайнымі глінянымі пражэльнікамі легка заўважыць, што ён меў шэраг канструктыўна-функцыянальных пераваг. Прычым найбольш важным элементам былі ножкі, дзякуючы якім дно рынкі прыўздымалася на пэўную адлегласць над подам печы. Гэта дазваляла размяшчаць пад рынкай гарачыя вуглі і больш эфектыўна награваць яе знізу, а таксама ставіць на стол, не пэцкаючы паверхні стала. Такім чынам, з практычнага боку форма рынкі з’яўляецца больш выгоднай, а з мастацкага - стварае арыгінальны сілуэт.
Па памерах і форме выдзяляюць 2 разнавіднасці рынак:
- плыткія- глыбінёй 3-6 см, з дыяметрам венца 16-21 см, ножкамі вышынёй 4-7 см і полым дзяржальнам, у якое ўстаўлялася драўляная ручка. Такая рынка вядомая па матэрыялам раскопак Лідскага замку.
- глыбокія - глыбінёй 10-13 см, з дыяметрам венца 34 см, ножкамі да 10 см і з дзвюма петлепадобнымі ручкамі. Такі від рынак фармавалі на аснове макотры.
Увогуле, памеры і формы рынак былі даволі разнастайныя. Вырабляліся таксама мініяцюрныя рынкі, рынкі з загнутымі ножкамі, прымацаванымі да тулава пад вуглом 120-135º і інш.
Дзяржальны выраблялі цыліндрычнымі ці раструбападобнымі рознай дліны. Прымацоўваліся яны да края венчыка ці трохі ніжэй, гарызантальна ці пад невялікім вуглом да тулава.
Асаблівасці вырабу і дэкору. На Беларусі першыя непаліваныя рынкі, вылепленыя на ручным ганчарным крузе, датуюцца ХV ст. У XVI-XVIII стст. рынкі фармавалі на нажыным крузе (ножкі ляпілі асобна), унутраную паверхню звычайна пакрывалі зялёнай ці карычневай палівай. Значна радзей рынкі былі паліваныя цалкам. Сустракаліся і чорназадымленыя, і гартаваныя вырабы. Звонку рынкі часам упрыгожвалі штампаваным сеткавым арнаментам ці з дапамогай шматраднага грабеньчыка. Таксама ужываліся іншыя тэхнікі рэльефнага аздаблення - пальцавыя зашчыпы і адбіткі, карбоўка (тэхніка накату) па і над венцам.
Учора і сёння. Са з’яўленнем фаерачных печаў вытворчасць рынак паступова заняпала, замест іх з’явіліся пражэльнікі з плоскім донцам без ножак. А у канцы ХІХ ст. і пражэльнікі, і рынкі былі выцеснены больш практычнымі вырабамі з металу. Вытворчасць рынак адзначана да сярэдзіны ХХ ст. толькі ў Поразава Свіслацкага района, але па некатарых звестках, іх фармавалі у канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. таксама у Пружанах і Гарадной. У наш час рынкі таксама цалкам выйшлі з ужытку, акрамя таго, сярод асартыменту вырабаў, якія прапаноўваюць сённяшнія рамеснікі і ганчары, рынка - даволі рэдкая з’ява. У інтэрнэце ўвогуле даволі цяжка знайсці якія-небудзь звесткі аб гэтым ганчарным вырабе. Але ж, на мае меркаванне, рынка мае права на існаванне і зараз: гэта можа быць цудоўны дэкаратыўны выраб-упрыгожванне інтэр’еру, можа ужывацца ў якасці посуду для сервіроўкі ці захоўвання цукерак, печыва, ягад і фруктаў ( у залежнасці ад памераў), а таксама рынка можа ўжывацца па свайму непасрэднаму прызначэнню.