Баляслаў Лесьмян

Oct 14, 2013 16:13

Адзін з самых ранніх вершаў.

Шум вёслаў

Шапочуць вёслы ў гушчэчы хваль -
І шум, і сонца, і спеў, і даль!

Вось так і трэба, вось так і ёсць:
Супроць нябёсаў, зямлі на злосць!

Накрасці перлаў на самым дне
І ў хвалі кідаць, што б’юцца ў сне,

І потым слухаць - хоць і мана! -
А ці крануцца са стогнам дна?

Адбітак лодкі - з глыбіняў госць:
Вось так і трэба, вось так і ёсць!

З дваістай лодкай спраўляйся сам -
Плыві адразу і тут, і там!

Дваістай лодкай плыві ў бяскрай,
Любі дваіста і памірай!

Чацвёрка вёслаў, два весляры,
На твар унізе глядзіш згары.

Ты нібы выплыў з двух розных сноў
І ў сне адзіным сустрэўся зноў.

Ты нібы ўверыў такому дню
Ўсе дні і ночы! О сны, што сню!

Арыгінал.

dum spiro – traduco

Previous post Next post
Up