На "Свабоду" патэлефанаваў палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Ён падзякаваў усім тым, хто дасылае яму ў калёнію лісты з словамі падтрымкі. Сярод іх і амэрыканскі кангрэсмэн Джон Шымкус, які ў сваім пасланьні да яго ды іншых палітвязьняў напісаў пра сваю салідарнасьць зь імі ды іхнімі сем’ямі.
"Гэтае пасланьне стала сапраўднай падзеяй у калёніі. Гэта вельмі шчыры ліст, - падкрэсьліў Мікалай Аўтуховіч, - і вельмі важна тое, што мне яго перадалі".
Мікалай Аўтуховіч зьвярнуў увагу на адну акалічнасьць, зьвязаную з аўтарствам перакладу гэтага тэксту, які выстаўлены на сайце "Свабоды".
"Асабіста я, каб мець пераклад тэксту, зьвярнуўся да паслуг асуджанага, бо ангельскай мовы ня ведаю. Але ж першымі пераклалі гэты ліст, як ён толькі трапіў у калёнію, прадстаўнікі адміністрацыі. Там нямала адукаваных людзей, і, не зрабіўшы дакладнага перакладу, яны б не аддалі мне гэтага пасланьня".
Таксама Мікалай Аўтуховіч падзякаваў "Свабодзе" за дасланыя ў калёнію некалькі асобнікаў кнігі Аляксандра Лукашука "Сьлед матылька. Освальд у Менску" з подпісам аўтара.
"Мы ўсе, хто атрымаў гэтую кнігу, проста праглынулі яе - настолькі гэта было цікава", азначыў палітвязень.
Паводле
Радыё Свабода