Зьняволены прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч не губляе аптымізму й да Міжнароднага жаночага дня разаслаў віншаванкі з-за кратаў.
Каляровую паштоўку зь цёплымі пажаданьнямі напярэдадні 8 сакавіка атрымала й нашая сталая слухачка Тацьцяна, якая падтрымлівае перапіску з многімі палітвязьнямі.
“Сардэчна віншую цябе са сьвятам 8 сакавіка! Жадаю табе, усім тваім родным і блізкім моцнага здароўя, шчасьця, каханьня! Зычу, каб каханьне было моцнае й ўзаемнае! А больш за ўсё жадаю, каб усе Беларусы сталі свабоднымі, бо сапраўднага шчасьця немагчыма мець без Свабоды! Трымайцеся! Дзякуй за падтрымку!”, - па-беларуску напісаў Мікалай Аўтуховіч.
Як нам удалося даведацца, віншаванкі ад палітвязьня атрымалі многія сваячкі вязьняў ды грамадзкія актывісткі, сярод іх - намесьніца старшыні “Маладога Фронту” Наста Палажанка. Аўтуховіч зычыць Палажанцы ніколі не расставацца з каханым. Дарэчы, з моманту пераводу Аўтуховіча ў гарадзенскую крытую турму ён толькі аднойчы змог патэлефанаваць маці, лісты ад яго фактычна не прыходзяць. І толькі бяскрыўдныя віншавальныя паштоўкі, у якіх вязень ані словам не згадвае сябе, здолелі бесперашкодна выйсьці за межы турмы.
radyjo.net