Мікалай Аўтуховіч мяркуе, што заява Аляксандра Лукашэнкі пра ліпеньскую амністыю - чарговая спроба адцягнуць санкцыі супраць рэжыму.
Вязень Гарадзенскай турмы, прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, даслаў ліст актывістцы Тацяне Кім, у якім выказваецца адносна будучай ліпеньскай амністыі. Мікалай Аўтуховіч мяркуе, што яму разьлічваць на вызваленьне паводле амністыі не даводзіцца, як і большасьці палітвязьняў. Увогуле ў размовах пра амністыю Мікалай Аўтуховіч убачыў чарговую спробу рэжыму Лукашэнкі адцягнуць увядзеньне жорсткіх эканамічных санкцый Эўропы. Тацяна Кім працытавала вытрымкі зь ліста Мікалая Аўтуховіча:
«Каб пазьбегнуць санкцый, ён будзе пакрыху выпускаць палітвязьняў. Тут магчымыя некалькі варыянтаў. Можа выпускаць па 1-2 чалавекі адначасова, гандлюючы далей паводле іншых са сьпісу. І гэтак будзе цягнуць да выбараў. Але асноўная задача - спыніць увядзеньне новых эканамічных санкцый. Паводле другога варыянту, можа выпусьціць амаль усіх, а за астатніх гандлявацца да апошняга, зацягваючы час. Калі эўрапейцы наступяць чарговым разам на граблі, ён гэта выкарыстае абавязкова. А можа ўвогуле нікога не выпускаць, пакуль не адменяць эканамічных санкцый. Але ва ўсіх выпадках галоўная задача - зацягнуць гэты працэс да выбараў. Вось і ўся стратэгія. Калі б ён захацеў, то выпусьціў бы ўжо даўно ўсіх. Але ідзе гульня. А размовы пра амністыю - пыл у вочы Эўропы. Там мусяць гэта разумець. Пад Статкевіча таксама немагчыма зрабіць індывідуальную амністыю, як і пад астатніх».
Мікалая Аўтуховіча трымаюць у гэтак званай крытай турме як злоснага парушальніка турэмнага рэжыму. Ён абмежаваны ў перадачах і спатканьнях з сваякамі. Прадпрымальнік пакараны на 5 гадоў паводле артыкулу аб незаконных дзеяньнях са зброяй.
Радыё Свабода