1. Сёньня ў спортзале такое было. Калі Шурык, які бегаў па дарожцы мэтрах у трох ад мяне, раптам пачаў маляваць рукамі дзіўныя знакі і ківаць галавой, настойліва запрашаючы зацаніць штосьці экстраардынарнае, я і ў трансляваных эмцівішных кліпах спрабавала ўпільнаваць падвойны сэнс, і суседзяў на трэнажорах побач агледзела, і свае штаны - раптам навыварат надзела? Але потым Шурык падыйшоў і кансьпіратыўна гучна спытаў "Ты куды потым ідзеш?", і адразу прашаптаў: "Справа ад цябе - Пяткевіч!" І праўда, мадам Пяткевіч добрасумленна, працяглы час, зганяла калорыі на трэнажоры, і зямля ня плавілася навокал, і нават серай пякельнай не патыхала. Ды хто цяпер, зрэшты, памятае пра Пяткевіч? Можна і без аховы ў спортзал схадзіць.
2. Наш пакістанскі праграміст жэніцца ў суботу, запрасіў толькі нас, усю фірму. - Аамір, ты запрасіў бы, можа, каго з тваёй сям'і? - Цяпер мая сям'я - гэта вы.
3. Я заўжды хацела ведаць, як пачуваюцца сабакі дробненькіх пародаў побач зь вялікімі: як ставіцца карлікавы пінчэр, напрыклад, да дога? Ці пекінэс - да сэнбернара? Сёньня так атрымалася незнарок, што я гляджу - а я ў трэнажорным зале засталася адна зь дзяўчын, адна сярод дваццаці велізарных, накачаных мужыкоў.
4. Я думала, калі доўга займацца спортам, то ўрэшце надыйдзе момант, калі ўсё будзе проста і лёгка. Аказваецца, лёгка ніколі ня будзе. Заўжды трэба браць такую вагу, якую табе цяжка падымаць; іначай - рэгрэс. "Спорт" і "вага" ў гэтай формуле - пераменныя.
5. Восень? За гэты 2012 год так шмат з мной усяго адбылося, нібыта гэты год - апошні. Ну і "канец сьвету" зь цікаўнасьцю чакаем мы; калі ён там? 23 сьнежня?