Паэт Праўды

Feb 24, 2010 13:21


 Праўда наперадзе мне павадыркаю ходзіць...
           Рыгор Барадулін

Рыгору Барадуліну - 75!
З чым прыйшлі мы да юбілею нашага нацыянальнага генія?
З тым, што чыноўнікі паспрабавалі адмяніць прэзентацыю новай кнігі Паэта.
З тым, што ва ўсім Мінску не знайшлося памяшкання для ягонай юбілейнай вечарыны.
Урэшце, з тым, што паклала Паэта ў шпіталь: ён надта блізка да сэрца прыняў чарговы напад улады на нацыянальную літаратуру - ліст, накіраваны з Адміністрацыі Прэзідэнта ва ўсе ведамствы, дзе працуюць сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў: дэструктыўнай, як напісана ў лісце, арганізацыі, сяброўства ў якой несумяшчальнае з працай у дзяржаўных установах. Таму няхай сябры гэтай арганізацыі ці пішуць заявы аб выхадзе з яе, ці ганіце іх у каршэнь!

І пагналі!.. Многія апынуліся пад пагрозай страціць работу, магчымасці карміць сям’ю.


Рыгор Барадулін з Уладзімірам Някляевым (у шпіталі)

У мяне ёсць кніга ў белым, чыстым пераплёце з гербам і залатымі літарамі на вокладцы: КАНСТЫТУЦЫЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ. На гэтай кнізе даваў клятву Прэзідэнт - і ў ёй у артыкуле 36 чорным па белым напісана: “Кожны мае права на свабоду аб’яднанняў”. А Саюз беларускіх пісьменнікаў ёсць не што іншае, як свабоднае аб’яднанне, быць ці не быць у якім вырашаецца толькі самімі ягонымі сябрамі.

Але на гэта напляваць! Мы вырашаем, што вам вырашаць! І саюзу пісьменнікаў, і саюзу прыдпрымальнікаў, і саюзу палякаў - усім!..

Скажыце: дзяржава, у якой адна з найвышэйшых службовых асоб падпісвае дакумент, які супярэчыць Канстытуцыі, - гэта якая дзяржава?.. Улада, для якой закон не закон, - гэта якая ўлада?.. Рытарычныя пытанні. Гэта наша такая дзяржава. Гэта наша такая ўлада.

Хто з нас і дзе па законе можа адстаяць свае правы, знайсці праўду? Ніхто і нідзе. Мы жывем у краіне беззаконня, бяспраўя, маны. Татальнай маны, якая стала дзяржаўнай ідэалогіяй.

Хто ў гэтым вінаваты? Толькі ўлада? А грамадства?.. Мы?.. Народ, які прамаўчаў сваю праўду! Які яшчэ на першым усенародным рэферэндуме не захацеў убачыць закладзеную ў ім ману, моўчкі адмовіўся ад сваёй гісторыі, нацыянальнай мовы, культуры, ад праўды пра тое, адкуль мы і хто мы ёсць, - і не перажыў гэта, як трагедыю! Які на другім рэферэндуме адмовіўся ад права выбару, ад права ўдзельнічаць у кіраванні краінай, ведаць пра тое, на што ён сплачвае падаткі, куды ідуць ягоныя грошы, згадзіўся не ведаць ніякай праўды пра ўладу і схаваць усялякую праўду пра сябе - і не адчуў сораму! Наадварот, ганарыўся тым, што ўлада, атрымаўшы ад яго ўсё, што хацела, нахвальвала яго: такі ўжо рахманы, памяркоўны, ціхі ды мяккі! Хоць ты яго да аднаго месца прыкладвай...

І прыклалі: нюхайце! У нас найвышэйшы сярод краін былога СССР узровень жыцця - нюхайце! У нас даяркі зарабляюць 700 долараў - нюхайце! У нас няма крызісу - нюхайце! У нас ніхто не памірае ад грыпу - нюхайце! У нас свабода, роўнасць, дэмакратыя - нюхайце, нюхайце, нюхайце!..

“Смярдзіць!” - крычыць Паэт Праўды, адзін з найлепшых сыноў Беларусі, а ў адказ яму ўсе званы дзяржаўных званіц - газеты, радыё, тэлебачанне: “Фіялкамі! Фіялкамі! Фіялкамі!..”

Мана, як ракавая пухліна, пусціла метастазы ва ўсе сферы нашага жыцця. Яна, мана, пануе ў ідэалогіі, яна гаспадарыць у эканоміцы. Скрозь і паўсюль мана, мана, мана - і нічога, апроч маны.

Гэта духоўная катастрофа.

Для барацьбы з маной ёсць адна зброя - ПРАЎДА. Адкрытая, бясспрэчная, вечная. Вялікая, чыстая, святая. Балючая, пякучая, цярновая. Мужная, непераможная ПРАЎДА.

Васіль Быкаў казаў: няхай на іхнім баку перамога, але на нашым баку - ісціна. Праўда, з якой выстаім.

“Трэба нешта прыдумаць, трэба зрабіць усё, што ў нашых сілах, - з адчаем казаў Рыгор Барадулін, калі прыйшоў я наведаць яго ў шпіталь. - Трываць болей немагчыма, немагчыма...”

Яго выпісалі са шпіталю... Здавалася, усё будзе добра. І раптам... Зноў - у рэанімацыю. У стане, які называюць стабільна цяжкім.

Ці не той гэта стан, у якім усе мы сёння знаходзімся?..

Дык што мы можам зрабіць?.. Што ў нашых сілах?.. А не так і мала: напісаць, сказаць. Давесці ПРАЎДУ. Гэта найпершае, што мы можам зрабіць, каб захаваць сябе, не страціць чалавечую годнасць.

Паасобку - усё страцім. Не выстаім, не абаронімся. Трэба разам стаяць і разам бараніцца. Рабочым, студэнтам, прадпрымальнікам, пісьменнікам, сялянам - народу.

Дзеля гэтага мусім мы гаварыць праўду. Не дзеля ўлады, не дзеля апазіцыі - дзеля будучыні нашых дзяцей!

Гавары праўду - і ты дапаможаш сабе і сваім родным.
Гавары праўду - і ты дапаможаш сваёй краіне і свайму народу.
Гавары праўду - і ты ўбачыш, наколькі лягчэй, наколькі святлей табе стане жыць.
Проста гавары праўду...

Краіна, Барадулін, грамадства

Previous post Next post
Up